Змест Уводзіны….1. Дзве канцэпцыі па праблеме утварэння ВКЛ… 5 2. Міндоўг і яго палітыка. Войшалк… 3. Уключэнне беларускіх зямель у склад ВКЛ пры Віцене, Гедыміне, Альгердзе……….…4. Арганізацыя дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ….…14 Заключэнне… 20 Літаратура…22 Уводзіны. Трынаццатае стагоддзе для ўсходняга славянства стала адным з самых драматычных
і цяжкіх часоў, калі варожыя зграі — татара-манголы з паўднёвага ўсходу, крыжакі — з паўночнага захаду,— агарнулі іх землі пятлёю, якая пагрозліва заціскалася. У гэтых умовах унутрыпалітычныя супярэчнасці, бойкі адыходзілі на другі план перад пагрозай знішчэння. Ідэя кансалідацыі набывала больш і больш прыхільнікаў, станавілася звышактуальнай. Тыя 20 удзельных княстваў, што існавалі на тэрыторыі
Беларусі ў XIII ст шукалі ўсё больш цеснага кантакту як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферах. Здаецца, Полацкае княства, якое ў свой час першым вылучылася са складу Кіеўскай Русі і мела багатыя традыцыі незалежнага і самастойнага існавання, павінна стаць тым аб'яднаўчым магнітам, які сцягнуў бы
ў адзіную дзяржаву змоглыя ад феадальных усобіц і іншаземных набегаў навакольныя землі. Але ж Полаччына XIII ст. не была ўжо настолькі багатай і магутнай, як у папярэднія XI, XII стст бо страта выхаду да Балтыкі, цяжкая зацяглая барацьба з крыжацкай агрэсіяй падтачылі сілы гэтага волата. I ў сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага жыцця на беларускіх землях пераходзіць у
Наваградак, які падчас двух вялікіх супрацьстаянняў — з крыжакамі і татара-манголамі — быў адносна бяспечнай тэрыторыяй. Менавіта Наваградская зямля разам з суседнімі ёй літоўскімі стала ядром зараджэння новай дзяржавы ў верхнім і сярэднім Панямонні. У канцы 30-х – 40-я гг. ХІІІ ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з’яўляецца фарміраванне на
яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Яе ўтварэнне – заканамерны вынік сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў ХІІ – ХІІІ стст. Становішча маладой дзяржавы было даволі хісткім у небяспечным суседстве з магутнай Галіцкай зямлёй, Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі. Стабільнасць дасягалася не толькі выгадным геаграфічным
становішчам, тонкай дыпламатыяй, але сілай і крывёю. Цэлае стагоддзе, нават крыху больш працягвалася пераўтварэнне Літоўскай дзяржавы ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Да сярэдзіны XV стагоддзя гаспадарства афіцыйна называлася Вялікім княствам Літоўскім і Рускім, а пазней – Вялікім княствам
Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель. Аднак звычайна ўжывалася скарочаная форма: "Вялікае княства Літоўскае", ці ўвогуле – "Літва". У Вялікім княстве Літоўскім тэрмін "Літва" тады адносіўся да тэрыторыі верхняга і сярэдняга Панямоння, а пад "Руссю" разумелася верхняе
Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна літоўскія землі (Жмудзь) канчаткова далучыліся да Вялікага княства ў першай палове XV стагоддзя. З сярэдзіны XIII да сярэдзіны XIV ст. у склад Літоўскай дзяржавы, ўвайшлі практычна ўсе беларускія землі. Тэма рэферата – «Утварэнне Вялікага княства Літоўскага і ўваходжанне беларускіх зямель у яго склад».
Мэтай рэферата з’яўляецца разглядзець гісторыю стварэння і існавання Вялікага Княства Літоўскага, а таксама шляхі ўваходжання беларускіх зямель у яго склад. Задачы рэферата – разглядзець, як ВКЛ утварылася, дзве канцэпцыі па праблеме утварэння ВКЛ; вызначыць палітыку Міндоўга і Войшалка, уключэнне беларускіх зямель у склад
ВКЛ пры Віцене, Гедыміне і Альгердзе, арганізацыю дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ. Перыяд Вялікага Княства Літоўскага – гэта перыяд фарміравання беларускай народносці, перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, таму актуальнасць тэмы рэферата бясспрэчна. 1. Дзве канцэпцыі па праблеме утварэння ВКЛ. Пытанне аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) з'яўляецца адным з самых складаных
і спрэчных у сучаснай гістарычнай навуцы. Аб першапачатковым палітычным і тэрытарыяльным цэнтры Літвы ў навукоўцаў склаліся дзве асноўныя канцэпцыі. Першая, якая адлюстравана ў шматлікіх публікацыях савецкіх гісторыкау, звязвае ўзнікненне ВКЛ з паскораным развіццём феадальных адносін на тэрыторыі ўсходняй часткі сучаснай Літвы (Аўкштайціі). Вынікам гэтага з'явілася палітычная кансалідацыя плямёнаў,
што пражывалі на азначанай тэрыторыі, і ўзнікненне моцнага дзяржаўнага ўтварэння на чале з уласнай княжацкай дынастыяй. Такі пункт гледжання азначае, што Вялікае княства Літоўскае ўтворана знешнімі сіламі без удзелу ўсходніх славян. а таму ВКЛ было чужым для беларусаў і ўкраінцаў. Некаторыя даследчыкі, асабліва Л.А.Абецадарскі
і яго паслядоўнікі, спецыяльна падкрэслівалі агрэсіўныя намеры літоўскіх феадалаў у адносінах да беларускіх зямель, гаварылі аб вялікім нацыянальным прыгнёце беларусаў літоўцамі. «Як справядліва піша прафесар С.Ф.Сокал, "больш памяркоўныя даследчыкі бачылі і адзначалі, што утварэнне ВКЛ не мела ў сваёй аснове ваеннай сілы, а больш важную ролю тут адыгрывалі працэсы натуральнай сацыяльна-эканамічнай і адпаведна ёй палітычна-тэрытарыяльнай кансалідацыі беларуска-
літоўскіх зямель. Але яны не рашаліся выказаць думку, што ВКЛ – гэта гістарычная форма дзяржаўнасці нашых продкаў, і што нашы продкі не адчувалі сябе чужынцамі ў гэтым "Літоўскім княстве"» [1, C. 35]. Другая канцэпцыя атрымала права на жыццё з выхадам у свет работ беларускага гісторыка М.Ермаловіча. Выкарыстоўваючы дадзеныя летапісаў, тапанімікі, археалогіі. аўтар
прасочвае лёс нашай зямлі са старажытнасці і да ўтварэння і ўмацавання Вялікага княства Літоўскага. Смеласць і арыгінальнасць пазіцыі, непрыняцце ідэалагічных догмаў і шаблонаў, якія доўгі час панавалі ў гістарычнай навуцы, відаць, і сталі прычынай таго, што працы М.Ермаловіча ўбачылі свет толькі
ў апошнія гады. Магчыма, не з усімі вывадамі і назіраннямі М.Ермаловіча можна пагадзіцца. але яго погляды на гісторыю Беларусі па некаторых пытаннях. яго трапныя меркаванні вельмі цікавыя і маюць права на жыццё. М.Ермаловіч сцвярджае, што гістарычная Літва не мела нічога агульнага з тэрыторыяй сучаснай
Літвы, а таксама з яе ўсходняй часткай Аукштайціяй. На яго думку, летапісная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, прыблізна паміж Навагрудкам і Мінскам з захаду на ўсход, і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень. "Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай
і Новагародскай землямі, і, побач з імі з'яўлялася гістарычнай вобласцю Беларусі". У працэсе вывучэння ўмоў утварэння ВКЛ М.Ермаловіч прыйшоў да высновы, што не літоўскія князі захапілі частку новагародскай і іншых беларускіх зямель, а наадварот, "Новагародак паставіў яго (Міндоўга) сваім князем для больш паспяховага ажыццяўлення сваёй дзяржаўнай мэты – заваявання
Літвы". Такім чынам, кіруючыя колы Новагародскага княства выкарысталі палітычныя супярэчнасці ў літоўскай зямлі і пры дапамозе Міндоўга падпарадкавалі яе сабе. А Новагародак і Новагародскае княства ёсць падставы лічыць тым палітычным цэнтрам, вакол якога пачалася кансалідацыя беларускіх, літоўскіх, а потым і ўкраінскіх зямель. Некаторыя даследчыкі разглядалі ўтварэнне Вялікага княства
Літоўскага як адну з магутных плыняў палітычнага развіцця ўсходніх славян (Масква і ВКЛ). Адсюль і бярэ паходжанне тэрмін "Літоўская Русь". Існаванне розных пунктаў гледжання на працэс утварэння Вялікага Княства Літоўскага сведчыць аб неабходнасці далейшай навуковай распрацоукі гэтай важнай праблемы. А.Ф. Вішнеўскі лічыць, што Вялікае княства Літоўскае «з'яўляецца вынікам беларуска-літоўскага грамадскага
сінтэзу. Галоўнай рухаючай сілай аб'яднання беларускіх і літоўскіх княстваў у адну буйную дзяржаву было развіццё прадукцыйных сіл і эканамічных сувязей паміж княствамі. Паскарэнню гэтага працэса паслужыла неабходнасць аб'яднання ваенных сіл у барацьбе з крыжакамі, а таксама з нашэсцем мангола-татараў» [1, C. 37]. Здаецца, Полацкае княства, якое мела багатыя традыцыі самастойнага
існавання, павінна было стаць аб'ядноўваючым цэнтрам навакольных зямель. Але ж справа ў тым, што Полаччына XIII ст. не была ўжо настолькі багатай і магутнай, як у папярэднія стагоддзі, бо страта выхаду да Балтыкі, зацяжная барацьба з крыжацкай агрэсіяй падтачылі яе сілы. Наадварот, цэнтрам палітычнага жыцця на беларускіх землях у сярэдзіне
XIII ст. паступова становіцца Новагародак, які падчас двух вялікіх супрацьстаянняў – з крыжакамі і татара-манголамі – быў адносна бяспечнаі тэрыторыяй. Менавіта Новагародская зямля разам з суседнімі з ёй літоўскімі землямі стала ядром зараджэння новай дзяржавы, якая атрымала назву Літоўскае княства. Нездарма ж першы князь гэтага дзяржаўнага утварэння – Міндоўг – зрабіў Новагародак сталіцай сваёй краіны.
2. Міндоўг і яго палітыка. Войшалк. Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Разрозненыя землі гістарычнай Літвы ў Х-ХП стст. былі аб'ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны для нысвятлення адносін паміж сабой і са сваімі суседзямі ў час міжусобіц. У "Аповесці мінулых гадоў"
Літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву. Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У сваю чаргу ў XI – першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова рабілі рабаўнічыя набегі на славянскія княствы. Але верхняе і сярэдняе Панямонне заставалася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўна
і культурна дамінавалі славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў. У канцы XII – першай палове XIII стст. на змену цэнтрабежным тэндэнцыям прыходзіць імкненне да кансалідацыі і на беларускіх землях. 3 розных бакоў няўмольна насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства першае з усходнеславянскіх зямель прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі – ордэнам Мечаносцаў. Услед за мечаносцамі
ў Прыбалтыцы з'явіўся Тэўтонскі ордэн, які нейкі час "кватэраваў" у Трансільваніі. Тэўтонаў запрасіў мазавецкі князь Конрад, каб з іх дапамогай перамагчы суседзяў - ваяўнічых прусаў. Крыжакі заваявалі Прусію, мясцовае насельніцтва часткова загінула, часткова перасялілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. З Усходу прыйшла іншая бяда: у 1236-1240 гг. татара-мангольскія орды разрабавалі
Паўночна-Усходнюю Русь, спалілі Кіеў. Стэпавых драпежнікаў чакалі і на Беларусі. У такіх умовах адышлі на другі план міжусобіцы ўсходнеславянскіх князёў паміж сабою і іх сваркі з даўнімі суседзямі - Літвой, якія жылі на захад ад Менска. У канкрэтна-гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз. Яго пачаткам быў саюз важнейшага горада
Панямоння Навагародка з літоўскім правадыром Міндоўгам. Невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да навагародцаў прапанову злучыць свае сілы, ці навагародскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне. Такім чынам, новая дзяржава ўтваралася ў Навагародку, куды ў сярэдзіне XIII ст, перамясціўся з Полацка цэнтр палітычнага жыцця Беларусі, а першую цагліну
ў яе падмурак заклаў Міндоўг. У 1246 г відаць, у момант узыходжання на трон у Навагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што было ўмовай яго абрання на пасаду князя навагародскага. У 1248 г. ён аб'яднаў землі верхняга Панямоння вакол Навагародка: "поимана бъ вся земля Литовская", што можна прыняць за пачатак ВКЛ. Галоўным праціўнікам на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы
ў 50-70-я гг. XIII ст. былі галіцка-валынскія князі, якія трымалі гэту тэрыторыю пад сваім кантролем і ўбачылі ў саюзе літвы з Навагародкам небяспеку для сваіх пазіцый у Панямонні. У 1252 г. вялікае войска на чале з Данілам Галіцкім, спустошыла "ўсю зямлю навагародскую", захапіла Гарадзеи, пагражала задушыць працэс утварэння новай дзяржавы
ў самым пачатку. З гэтага першага цяжкага выпрабавання дзяржаву выратаваў дыпламатычны манеўр Міндоўга, якому ўдалося перацягнуць на свой бок Лівонскі ордэн згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Падзякай Папы Рымскага за такі крок было прызнанне новай дзяржавы і каранацыя Міндоўга ў Навагародку ў 1253 г. каралём Літвы. У 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор з Данілам
Галіцкім. Пад палітычны ўплыў ВКЛ увайшоў Полацк, куды на княжанне быў запрошаны пляменнік Міндоўга. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ. «Паміж літоўскімі князямі вялася міжусобная барацьба. Супраць Міндоўга быў арганізаваны загавар. У 1263 г. ён быў забіты разам са сваімі двума сынамі. Адзін з яго сыноў Войшалк уцёк у Пінск. 3 дапамогай галіцкага князя
Шварна, які ажаніўся з яго сястрой, ён вярнуў сабе прастол. Яго суправіцелем стаў Шварн. Войшалк расправіўся з забойцамі бацькі. Ён спрабаваў праводзіць палітыку свайго бацькі, наладзіць адносіны з Ордэнам. Але Войшалк не быў католікам і заходнія дзяржавы не прызналі яго каралём Літвы» [5, C. 17-18]. У 1267 г. Войшалк пакінуў княжацкі пра стол на карысць
Шварна і пайшоў у манастыр. На наступны год ён быў забіты, а ў 1269 г. нечакана памёр Шварн. Пасля непрацяглай барацьбы князем стаў Трайдэн. Ён кіраваў дзяржавай 12 гадоў, вёў барацьбу з крыжакамі і галіцка-валынскімі князямі. Пасля смерці Трайдэна на прастоле змяніліся некалькі князёў. Найбольшую вядомасць набылі два князя — Віцень і Гедымін (яны былі братамі).
Яны ўмацавалі паўночную граніцу дзяржавы замкамі. 3. Уключэнне беларускіх зямель у склад ВКЛ пры Віцене, Гедыміне, Альгердзе. Забойства ў 1263 г. Міндоўга стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля ўпартай міжусобіцы пры падтрымцы навагародскай
і пінскай дружын вярнуўся ў Навагародак, заняў бацькоўскі прастол і пачаў княжыць "ва ўсёй зямлі Літоўскай". На пачатку XIV ст. поспехам адзначалася дзейнасць вялікага князя Віценя (1293-1316), пры якім у складзе ВКЛ быў канчаткова замацаваны Полацк. Аб'яднанне адбылося на падставе "рада" - дагавора 1307 г які гарантаваў палачанам
аўтаномнасць зямлі, захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Значным тэрытарыяльным прырашчэннем было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. Віцень увёў княжацкі герб і агульнадзяржаўную пячатку з выявай Пагоні. Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. – дзяржаўным
гербам ВКЛ. Аб'яднаўчую палітыку славянскіх і балцкіх зямель актыўна прадоўжыў вялікі князь Гедымін (1316-1341). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка пасунуў межы і ўплыў сваёй дзяржавы на поўдзень і ўсход. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, заснаваную на месцы паселішча ХІ-ХІІ стст. на Крывой (Лысай) гары. Ужо ў 1323 г. Вільня называлася
ў Гедымінавых граматах "каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў "каралём Літвы і Русі". Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Ёсць падставы меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар. Так, менскі князь Васіль як васал Гедыміна ездзіў у складзе літоўскага пасольства
ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся шлюбам з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г пасля смерці цесця, стаў спадкаемцам Віцебскага княства. Увайшлі ў склад ВКЛ таксама Падляшша і Валынь (цяпер Украіна). Такім чынам, пры Гедыміне большая частка сучасных беларускіх зямель апынулася ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася
ў тым, што пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў "старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць пры заключэнні гандлёвых пагадненняў. За стагоддзе свайго імклівага росту, ад Міндоўга да
Гедыміна, невялікае княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі і балтамі, і пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Тэрмін "Літва" стасаваўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад "Руссю" разумелася сучаснае беларускае Падняпроўе і паўночная Украіна. «Пры Альгердзе, сыне
Гедыміна, (1345-1377) Вялікае княства Літоўскае выступіла з палітычнай праграмай аб'яднання, збірання ўсіх усходнеславянскіх зямель і абвясціла сябе пераемнікам духоўных і культурна-гістарычных традыцый старажытнай Русі. Больш як удвая павялічыў князь тэрыторыю дзяржавы, пашырыў яе межы далёка на поўдзень і на ўсход. Ён далучыў да яе землі на Дняпры і Сожы, большую частку
Украіны, частку заходніх зямель сучаснай Расіі. Умацаваў пазіцыі ВКЛ у Ноўгарадзе і Пскове, намагаўся перамагчы Маскву. У арбіце палітычнага прыцягнення Літвы апынуўся Смаленск» [4, C. 69]. За два дзесяцігоддзі да Дзмітрыя Данскога Альгерд атрымаў выдатную перамогу над мангола-татарамі, разграміў іх у 1362 г. на Сініх Водах (цяпер рака
Сінюха, прыток Паўднёвага Буга). Гэта перамога карэнным чынам змяніла лёс украінскага народа: вызваленая ад ардынскага ярма Украіна ўрэшце атрымала магчымасць эканамічнага і культурнага развіцця. Практычна ўся паўднёва-заходняя палова зямель былой Кіеўскай Русі ўвайшла тады ў склад ВКЛ. Разам з Кіеўскім княствам у 60-я гады XIV ст. увайшлі ў яго склад і апошнія з беларускіх зямель –
Брагінская і Мазырская воласці, падпарадкаваныя Кіеву. «Альгерд праводзіў прадуманую і паслядоўную "ўсходнюю" палітыку. Ён падтрымліваў цесны саюз з Цвер'ю, замацаваны шлюбам на цвярской княжне Ульяне, і дапамагаў ёй у барацьбе з Масквой. Альгерд аб'яднаў пад сваёй уладай большую частку гістарычнай Кіеўскай Русі і рэальна прэтэндаваў на завяршэнне гэтага працэсу на
ўсходзе» [4, C. 69-70]. У 1368, 1370 і 1372 гг. ён рабіў паходы на Маскву, але падпарадкаваць яе не ўдалося. Мяжа паміж дзяржавамі была тады ўстаноўлена па Мажайск і Каломну. Альгерд вымушаны быў прызнаць вотчынныя правы нашчадкаў Каліты на Уладзімірскае княжанне, г.зн. падзяліў з імі Русь. Сучасная гістарычная навука прызнае, што
і Вялікае княства Літоўскае, і Вялікае княства Маскоўскае выступалі з адной, раўназначнай праграмай – праграмай аб'яднання ўсіх усходнеславянскіх зямель. 4. Арганізацыя дзяржаўнага ўпраўлення і сацыяльна-палітычны лад ВКЛ. Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых княствах.
Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы. Кіраўніком дзяржавы быў вялікі князь (гаспадар), у большасці часу ён з'яўляўся адначасова каралём Польшчы. Вялікі князь з'яўляўся таксама суддзёй, адміністратарам, галоўнакамандуючым узброеных сіл краіны. Галоўным яго абавязкам была абарона
ўласнасці і тэрыторыі гаспадарства. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, ён прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнымі маёнткамі. Яму належала права заканадаўчай ініцыятывы і за яго подпісам выдаваліся ўсе найважнейшыя заканадаўчыя акты. Вялікі князь выбіраўся з прадстаўнікоў дома Гедымінавічаў (пазней
Ягайлавічаў, ці Ягелонаў) напачатку вузкім колам найважнейшых саноўнікаў, а з канца XV ст. – вальным (агульным) соймам з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель. Інагурацыя (узвядзенне на пасаду, каранацыя) вялікіх князёў адбывалася ў Вільні, у касцёле святога Станіслава. На галаву новаабранага гаспадара ўскладалася мітра Гедыміна, а потым маршалак земскі
ўручаў яму меч і скіпетр. Ажыццяўляў свае паўнамоцтвы вялікі князь не аднаасобна, а з удзелам Рады, сойма і службовых асоб вярхоўнага кіравання. «Таким чынам, улада гаспадара, не была абсалютнай, яна была абмежавана Радай, у склад якой уваходзілі вярхі класа феадалаў. Акрамя таго, улада манарха абмяжоўвалася соймам, дзе былі прадстаўнікі і павятовай шляхты» [1, С. 48]. Спачатку Рада была дарадчым органам пры князю
і назначалася гаспадаром па яго ўласным выбары. Паступова значэнне і моц Рады раслі, і яна замест дарадчай установы пры вялікім князю зрабілася кіруючым органам, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Яна стала пастаянным выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць у ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, самыя важныя
службовыя асобы цэнтральнага ўпраўлення (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, і інш.) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Раней у склад Рады ўваходзілі выключна католікі, але к пачатку XVI ст. сярод іх былі ўжо і праваслаўныя. Рада вырашала пытанні абароны дзяржавы, міжнародных адносін, бягучага кіравання, фінансавай дзейнасці, назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
Толькі з удзелам Рады рыхтаваліся і прымаліся новыя заканадаўчыя акты, выдаваліся граматы і прывілеі. Рашэнні, прынятыя з удзелам Рады, не маглі быць зменены або адменены аднаасобна вялікім князем. Уся Рада збіралася эпізадычна, некалькі разоў у год, і разбірала толькі важныя справы. А ўсю бягучую работу па кіраванню дзяржаўнымі справамі ад імя Рады выконвала Найвышэйшая, або Тайная Рада, у якую
ўваходзілі ваяводы, каштэляны, канцлер, гетман, маршалак земскі. Прававое становішча Рады было замацавана ў агульназемскіх прывілеях 1492 і 1506 гг. У сваёй дзейнасці Рада вымушана была ўлічваць палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама знешнепалітычную абстаноўку. Усё гэта прымушала яе дзейнічаць з пэўнай аглядкай і даволі часта склікаць агульнадзяржаўныя соймы, каб заручыцца падтрымкай усяго саслоўя шляхты.
Агульнадзяржаўны (вальны) сойм меў важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. На яго пасяджэнні запрашаліся ўсе буйныя феадалы, што ўваходзілі ў склад Рады, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання, вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама дэпутаты ад шляхты. Усе шляхцічы мелі права з'яўляцца на соймы, але, паколькі яны
ўхіляліся ад яўкі, у 1512 г. быў прыняты закон, паводле якога павятовай шляхтай выбіраліся па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Іншыя пласты насельніцтва сваіх прадстаўнікоў на сойме не мелі. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Ён быў форумам вострай палітычнай барацьбы, абмяжоўваў уладу вялікага князя і, часткова, Рады. Інстытут вальных соймаў дазваляў сярэдняй
і дробнай шляхце прымаць удзел у палітычным жыцці краіны. Вышэйшымі службовым асобамі ў дзяржаве былі маршалак земскі, гетман, канцлер і падскарбій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады на гэтых пасяджэннях, быў даглядчыкам за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара
просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме. Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы, калі на чале іх не стаў сам вялікі князь. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы адносна ўсіх падначаленых асоб, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман польны, той, хто ўзначальваў войска
ў находзе. У войску знаходзіліся земскі харужы з земскай харугвай (сцягам). Ён узначальваў прыватныя і павятовыя харугвы, што далучаліся да гетманскага войска. Існавала пасада дворнага харужага, які захоўваў сцяг пры вялікім князю і камандаваў атрадам дваран. Канцлер кіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакўментаў з дзяржаўнай канцылярыі.
У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, ён падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яго намеснікам быў падканцлер, які пры адсутнасці канцлера выконваў яго абавязкі. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на беларускай мове (з 1696 г на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі
і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай. Падскарбій земскі быў даглядчыкам дзяржаўнай казны і выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў. Яго намеснік - падскарбій дворны адказваў за грашовыя
і матэрыяльныя сродкі, што ішлі на патрэбы гаспадарскага двара. На ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве прызначаліся толькі буйныя феадалы некаторых найбольш знатных фамілій, толькі ўраджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны вопыт дзяржаўнай службы. Усе пасады даваліся пажыццёва, і ні гаспадар, ні Рада не мелі права без віны адабраць іх. «Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным.
Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Навагародскае) у першай палове XVI ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя – у паветы, а такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя іншыя, заставаліся княствамі.
Асаблівае кіраванне было ў гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права» [4, С. 50-51]. Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў
ВКЛ. Пры назначэнні ваяводы ў Полацкае і Віцебскае ваяводствы вялікаму князю і Радзе неабходна было заручыцца згодаю мясцовых феадалаў прыняць кандыдата на пасаду ваяводы. Аднак і пасля назначэння ваяводы феадалы гэтых зямель мелі права патрабаваць яго зняцця. Асноўныя абавязкі ваяводы заключаліся ў падтрыманні правапарадку на сваёй тэрыторыі, кіраўніцтве выкарыстаннем усіх крыніц дзяржаўных і вялікакняжацкіх даходаў, арганізацыі
ўзброеных сіл ваяводства, выкананні правасуддзя. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і быў абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях сойма. Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян – па ваенных справах; падваявода – па адміністрацыйна-судовых; ключнік – наглядаў за зборам даніны і чыншаў; гараднічы – камендант замка, які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні. Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў староста.
Назначаўся ён, як і ваявода, гаспадаром і Радай з ліку буйных феадалаў. Гэтая пасада вельмі часта разглядалася як дадатковая крыніца даходаў радных паноў, а павіннасці, звязаныя з пасадай, выконваў яго намеснік - падстароста. Прававое становішча старосты залежала ад павета, які ён узначальваў, і ад таго, хто гэту пасаду займаў, ад яго сувязяў і паходжання. Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за парадкам на падведамнай тэрыторыі, наглядаў
за гаспадаркай дзяржаўных маёнткаў і за паступленнем дзяржаўных даходаў, клапаціўся пра баявую гатоўнасць замкаў, збіраў апалчэнне ў выпадку ваеннай небяспекі, разглядаў крымінальныя і ваенныя справы, сачыў за выкананнем судовых рашэнняў. У павеце захоўваліся таксама старыя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, цівуна, харужага – павятовага сцяганосца, які збіраў усіх ваеннаабавязаных людзей павета
ў выпадку ваеннай небяспекі. Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета. Тут абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод або нават некалькі разоў на год у павятовым цэнтры. Старшынстваваў на сойміку або найбольш высокі па пасадзе пан, або павятовы маршалак.
На павятовых сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся для іх інструкцыі і наказы, а таксама хадайніцтвы і просьбы да ўрада, заслухоўваліся справаздачы і інфармацыі аб соймах, выбіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета. Пры дапамозе соймікаў павятовая шляхта абараняла свае мясцовыя
інтарэсы перад цэнтральнымі органамі. Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання былі дзяржаўцы (спачатку яны называліся цівунамі), якім даваліся ў часовае кіраванне і ўладанне двары, замкі і фальваркі (дзяржаўныя маёнткі). Яны наглядалі за гаспадаркай у маёнтках, атрымлівалі з яго частку або ўсе даходы і адначасова кіравалі ім. Яны мелі права судзіць падуладных
ім простых людзей. Для нагляду над сялянамі старосты і дзяржаўцы назначалі соцкіх, дзесяцкіх, сельскіх войтаў, сарочнікаў, якія сачылі за парадкам у вёсках і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі. «Увесь апарат улады і кіравання ад вялікага князя да цівуна і дзесяцкага дзейнічаў выключна ў інтарэсах класа феадалаў, які складаў прыкладна 10% насельніцтва краіны, забяспечваў яго эканамічныя,
палітычныя і асабістыя правы і ўладу над астатнім насельніцтвам» [4, C. 52]. Заключэнне. Такім чынам, працэс стварэння адной з самых буйных дзяржаў Еўропы ў эпоху сярэднявечча – Вялікага княства Літоўскага – быў доўгім і складаным: пачаўся ён у сярэдзіне ХІІІ ст. і закончыўся ў другой палове XIV ст. Прычыны, якія прывялі да аб’яднання беларусаў
і літоўцаў у адной дзяржаве, былі наступныя. 1. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Пагроза ішла ад нямецкіх рыцараў (крыжакоў) і з усходу – ад мангола-татар. 2. Феадальная раздробленасць (на беларускіх землях налічвалася 20 княстваў). У перыяд феадальнай раздробленасці і распаду Кіеўскай Русі беларускія княствы аказаліся бездапаможнымі перад знешняй небяспекай.
Таму яны шукалі падтрымкі і саюзаў са сваімі суседзямі. 3. Інтарэсы далейшага развіцця гаспадаркі, класавыя інтарэсы феадалаў як літоўскіх, так і беларускіх зямель, якія імкнуліся ўмацаваць сваё панаванне над эксплуатуемым насельніцтвам. Існуе дзве канцэпцыі адносна ўтварэння ВКЛ. Першая звязвае
ўзнікненне ВКЛ з паскораным развіццём феадальных адносін на тэрыторыі ўсходняй часткі сучаснай Літвы (Аўкштайціі). Вынікам гэтага з'явілася палітычная кансалідацыя плямёнаў і ўзнікненне моцнага дзяржаўнага ўтварэння на чале з уласнай княжацкай дынастыяй. Такі пункт гледжання азначае, што Вялікае Княства Літоўскае ўтворана знешнімі сіламі без удзелу ўсходніх славян. а таму
ВКЛ было чужым для беларусаў і ўкраінцаў. Па другой канцэпцыы гістарычная Літва не мела нічога агульнага з тэрыторыяй сучаснай Літвы, а таксама з яе ўсходняй часткай Аукштайціяй. На думку М.Ермаловіча, летапісная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, прыблізна паміж Навагрудкам і
Мінскам з захаду на ўсход, і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень. І не літоўскія князі захапілі частку новагародскай і іншых беларускіх зямель, а наадварот, Новагародак паставіў Міндоўга сваім князем для больш паспяховага ажыццяўлення сваёй дзяржаўнай мэты – заваявання Літвы. З сярэдзіны ХІІІ да сярэдзіны XIV ст. у склад
Літоўскай дзяржавы ўвайшлі практычна ўсе беларускія землі. Шляхі ўваходжання былі рознымі. Большасць гарадоў і княстваў уваходзіла у склад новай дзяржавы добраахвотна, прытрымліваючыся перш за ўсё ваенна-палітычнай мэтазгоднасці (Полацкая, Віцебская землі). Некаторыя тэрыторыі заваёўваліся і ўключаліся гвалтоўна,
іншыя адбіраліся ў суседзяў. Дзяржаўны лад ВКЛ – феадальная манархія. Вышэйшыя органы ўлады – вялікі князь, Рада, Сойм. Вялікі князь – носьбіт заканадаўчай, выканаўчай, судовай, ваеннай улады. Рада ў першыя гады свайго існавання выступала ў якасці Савета пры гаспадары. Аднак па меры ўзмацнення феадальнай знаці яна адасабляецца
ў самастойны, асобны ад вялікага князя орган улады. Сойм канчаткова аформіўся ў канцы XV ст. У склад Сойма ўваходзілі паны-радныя, службовыя асобы, на яго пасяджэннях магла прысутнічаць уся шляхта ВКЛ. Ішоў працэс не цэнтралізацыі ўлады, як у Заходняй Еўропе, а пашырэнне ролі феадальнай знаці (шляхты).
Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы. Таму для вызначэння дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ёсць падставы ўжываць тэрмін “Беларуска-
Літоўскае гаспадарства”. Літаратура. 1. Вішнеўскі, А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапаможнік. / А.Ф. Вішнеўскі. – Мн.: ВП «Экаперспектыва», 2000. – 319 с. 2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч.: Ч. 1: Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І.П. Крэнь, І.І. Коўкель,
С.В. Марозава, С.Я. Сяльверстава, І.А. Фёдараў. – Мн.: РІВШ БДУ, 2000. – 656 с. 3. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый): Вучэб метад. комплекс. / Аўт склад. В.П. Вірская і інш.; навук. рэд. А.М. Алпееў. – Мн.: ЗАТ «Веды», 2002. – 240 с. 4. Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі:
Дапаможнік. / У.Р. Казлякоў, С.В. Марозава, У.А. Сосна і інш Пад рэд. Л.В. Лойкі. – Мн.: ТАА «ЦІПР», 2003. – 348 с. 5. Матэрыялы па гісторыі Беларусі: Давед. дапаможнік. / Склад. Н.С. Шарова. – Мн.: ВП «Экаперспектыва», 2000. – 192 с.
! |
Как писать рефераты Практические рекомендации по написанию студенческих рефератов. |
! | План реферата Краткий список разделов, отражающий структура и порядок работы над будующим рефератом. |
! | Введение реферата Вводная часть работы, в которой отражается цель и обозначается список задач. |
! | Заключение реферата В заключении подводятся итоги, описывается была ли достигнута поставленная цель, каковы результаты. |
! | Оформление рефератов Методические рекомендации по грамотному оформлению работы по ГОСТ. |
→ | Виды рефератов Какими бывают рефераты по своему назначению и структуре. |