Гісторыя Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя
Змест
1. Паўстанне 1863 г.
2. Вызваленчая барацьба ў 60-90-я гг. XIX ст.
3. Эвалюцыя рабочага руху і прапаганда марксізму. Рэвалюцыйна-дэмакратычны Рух
Спіс выкарыстаных крыніц
Пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг. польская шляхта разам з апалячанай беларускай шляхтай не страцілі надзею зноў вярнуцца да аднаўлення былой Рэчы Паспалітай. Спрыяльныя ўмовы склаліся на мяжы 50-60-х гг. Расійская імперыя пацярпела паражэнне ў Крымскай вайне, у імперыі колькасна і якасна раслі сялянскія хваляванні. Да таго новы цар - Аляксандр II вызначаўся сваімі ліберальнымі поглядамі. Аднак сярод удзельнікаў барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы ўжо не было таго адноснага адзінства, якое яны мелі тры дзесяцігоддзі таму. З’явілася ўплывовая рэвалюцыйна-дэмакратычная плынь, якая акрамя аднаўлення дзяржаўнасці ставіла яшчэ шмат іншых мэтаў.
Напярэдадні паўстання аформіліся лагеры “белых” і “чырвоных”. Белыя прадстаўлялі інтарэсы буйной буржуазіі і заможнага шляхецтва. Яны спадзяваліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года пры дапамозе ваеннага і дыпламатычнага націску на Пецярбург заходнееўрапейскіх краін, а так сама праз мірныя працэсіі і калектыўныя заявы на імя цара. Гэта было кансерватыўнае крыло паўстанцаў, якое не жадала актыўных ваенных дзеянняў супраць рускіх улад і асабліва не жадалі дапускаць удзелу сялян у паўстанні, калі яно ўсеж-такі пачнецца.
“Чырвоныя" - гэта прадстаўнікі дробнай і беззямельнай шляхты, інтэлігенцыі, гараджан, студэнцтва і часткова сялянства. Яны былі больш неаднародным блокам, у сваю чаргу падзяляліся на левых і правых. Правыя былі больш памяркоўнымі. У сваіх мэтах яны дапускалі самавызначэнне для беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў у межах адноўленай Рэчы Паспалітай. Для сялян яны прапанавалі ва ўласнасць іх зямельныя надзелы з адменай часоваабавязанага становішча, але свае маёнткавыя землі аддаваць адмаўляліся. Дасягнуць гэтых мэт трэба было праз агульнанацыянальнае польскае паўстанне. Больш радыкальныя патрабаванні азвучылі левыя - ці рэвалюцыянер-дэмакраты. Яны імкнуліся стварыць дэмакратычную народную дзяржаву, агучылі права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, украінцаў, літоўцаў. Левыя патрабавалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне і перадаць усю зямлю сялянам, а сялян актыўна прыцягваць да ўзброенага паўстання, нават пераўтварыць паўстанне ў сялянскую (народную) рэвалюцыю. Залог поспеху паўстання яны бачылі і ў саюзе з рэвалюцыйнымі сіламі Расіі. Вядома, такія супярэчнасці не спрыялі адзінству ў радах паўстанцаў.
Для кіравання падрыхтоўкай паўстання “чырвоныя" вясной 1862 г. стварылі ў Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт, які потым кантралявалі “белыя”, а летам 1862 г. у Вільні ўтварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт - у які ўваходзілі і “чырвоныя" і “белыя”. Актыўную дзейнасць павялі “чырвоныя”, у прыватнасці, левае іх крыло. Збіраліся сродкі на паўстанне, ствараліся мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі. З чэрвеня 1862 па май 1863 год К. Каліноўскі, В. Урублеўскі і Ф. Ражанскі выдаюць 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” - агітацыйнага выдання, арыентаванага на сялянства. Аднак, вялікага поспеха газета не мела, часта сяляне нават здавалі тых, хто прывозіў ім гэтыя пракламацыі. Газеты пісаліся на беларускай мове, але друкаваліся лацінкай, на той час больш вядомай беларускаму насельніцтву.
Паўстанне пачалося ў Варшаве ў ноч з 22 на 23 студзеня 1863 года без узгаднення з ЛПК. Але праграмму ЦНК падтрымаў і ЛПК, які выдаў Маніфест Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. У ім абвяшчалася раўнапраўе ўсіх грамадзян, сялянскія надзелы аб’яўляліся ўласнай маёмасцю сялян, адмяняліся феадальныя павіннасці, беззямельныя сяляне атрымлівалі невялікія надзелы. Але адначасова захоўвалася памешчыцкае землеўладанне і выкупная здзелка не была адменена. Маніфест з’яўляўся буржуазнай рэвалюцыйнай праграмай.
1 лютага 1863 года ЛПК звярнуўся з адозвай да насельніцтва Беларусі і Літвы прыняць удзел у паўстанні. Калі ў студзені паўстанцкія атрады дзейнічалі дзе-нідзе, то ў сакавіку-красавіку 1863 года яны былі сфарміраваны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У красавіку нават быў захоплены павятовы горад Горкі (Магілёўская губерня), гэтаму паспрыялі студэнты мясцовага аграрнага інстытута. У атрадах, якімі кіравалі прадстаўнікі левага крыла “чырвоных”, прымалі актыўны ўдзел і сяляне, але ўвогуле іх колькасць сярод паўстанцаў не была вызначальнай - толькі каля 20%. Гэта было вынікам значных уступак сялянам з боку ўрада, а так сама супрацьдзеяннем “белых”. “Белыя” ў сакавіку 1863 года па ўказанні з Варшавы (ЦНК) захапілі ўладу і пераўтварылі ЛПК у “Адзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы”, быў узяты курс на згортванне ваенных дзеянняў.К. Каліноўскі вымушаны быў падпарадкавацца, каб не ўносіць раскол у паўстанцкія рады. Ён узначаліў паўстанцкія атрады ў Гродзенскай губерніі.
Царскі ўрад хутка кінуў вялікія сілы на падаўленне паўстання. Неабмежаваныя паўнамоцтвы атрымаў новы Віленскі генерал-губернатар М.М. Мураўёў, які меў вопыт падаўлення паўстання 1830-1831 гадоў. Актыўныя дзеянні Мураўёва, разнагалоссі паміж паўстанцамі паўплывалі на яго вынік. У маі 1863 года Мураўёў прыбыў у Вільню, у маі адбылася буйная, але безвыніковая бітва каля вескі Мілавіды Слонімскага павета, і ў маі паўстанне было задушана на большай частцы Беларусі - ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Толькі ў Гродзенскай атрады Каліноўскага яшчэ супраціўляліся. Да чэрвеня 1863 года “белае” кіраўніцтва паўстання збегла ў эміграцыю, іх замянілі “чырвоныя”, якія спрабавалі дабіцца пералома на сваю карысць. Але ініцыятыва ўжо даўно перайшла да рускіх войск і адміністрацыі М.М. Мураўёва. Восенню 1863 года на Беларусі паўстанне практычна было падаўлена. У студзені 1864 года ўлады арыштавалі Каліноўскага, а пакаралі смерцю яго 10 сакавіка 1864 года. У апошнія тыдні свайго жыцця К. Каліноўскі напісаў і перадаў на волю “Лісты з-пад шыбеніцы”, у якіх ён заклікаў беларусаў змагацца “. за сваю Бацькаўшчыну”, ён не прызнаваў права ўладарыць на беларускай зямлі ні для польскага, ні для рускага ўрадаў. Такім чынам, “Лісты з-пад шыбеніцы” ўпершыню закранаюць праблему афармлення беларускай нацыянальнай ідэі. Па сваёй сутнасці паўстанне 1863 года было дэмакратычнай рэвалюцыяй, накіраванай супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці.
Пасля падаўлення паўстання ўрад пачаў праводзіць цэлы шэраг адкрытых і патаемных мерапрыемстваў, якія павінны былі прадухіліць у далейшым выступленні супраць расійскага ўрада ў Паўночна-Заходнім крае. Распрацаваны гэты мерапрыемствы былі ў сценах Заходняга камітэта, які дзейнічаў з 2 кастрычніка 1862 па студзень 1865 года ў Пецярбургу.
Удзельнікі паўстання, якія былі схоплены ўладамі, падвяргаліся рэпрэсіям.128 паўстанцаў было пакарана смерцю, больш за 10 тысяч саслана на катаргу ці на пасяленне на акраіны імперыі. Маёнткі памешчыкаў-удзельнікаў паўстання канфіскаваліся і прадаваліся выхадцам з цэнтральных расійскіх губерняў па сімвалічных коштах. Землеўладальнікам-каталікам (іх лічылі палякамі) забаранялася пакупаць і арандаваць зямельную маёмасць ў крае, а для сялян-каталікоў уводзілася абмежаванне ў 60 дзесяцін на гаспадарку. Змяняліся ўмовы правядзення сялянскай рэформы, урад пайшоў на значныя ўступкі.
Быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарачалася колькасць сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў, у пакінутых установах уводзіўся паліцэйскі і царкоўны кантроль за выкладаннем. Было забаронена выкладанне польскай мовы, замест яе выкладалася руская. Праводзілася палітыка “ратацыі” дробнага чыноўніцтва. Мясцовае пераводзілася ў цэнтральныя губерні, замянялася рускім чыноўніцтвам. Зноў аднавіўся ў 1864 годзе “разбор" шляхты - патрабаванне дакументальна падцвердзіць сваё шляхецтва. Каталіцкае духавенства канчаткова страціла давер уладаў, таму апошнія манастыры зачыняліся, касцёлы перадавалі праваслаўнай царкве. Да тагож, з-за паўстання на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з істотнымі абмежаваннямі, а Земская рэформа наогул затрымалася амаль на 50 год.
Але паўстанне паўплывала на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Расіі і Еўропе, і самае галоўнае - садзейнічала абуджэнню беларускай нацыянальнай самасвядомасці.
Сялянскі рух. Сялянская рэформа не задаволіла сялянства. Большая частка зямель засталося ва ўладанні памешчыкаў, за памешчыкамі заставаліся і сервітуты. Яны закабалялі сялян, выкарыстоўваючы патрэбу сялян у зямлі. Высокая грашовая плата за арэнду, рознага рода “адработкі” нівеліравалі станоўчыя вынікі рэформы. Да таго, сялянства хутка абеззямельвалася ў выніку хуткага росту насельніцтва.
Калі адразу пасля рэформы, ў 1860-я гг. наглядаўся рэзкі спад выступленняў сялян, то ў 1870-я і асабліва ў 1890-я гг. наглядаецца значны іх рост. Патрабаванні сялян былі простыя - вяртанне “адрэзкаў”, памяньшэнне падаткаў і павіннасцяў, ліквідацыя саслоўнай няроўнасці і паліцэйскага нагляду. Да традыцыйных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі дадаюцца канфлікты паміж беднымі сялянамі і новай сялянскай буржуазіяй - кулакамі, якія эксплуатавалі сваіх былых суседзяў не менш актыўна за дваранства.
Адметнай формай сялянскага руху ў тыя часы было імкненне да перасялення на свабодныя землі ў Сібір і паўднёва-расійскія губерніі. Асабліва яно было пашырана ў усходніх рэгіёнах Беларусі, дзе асабліва вострай была праблема малазямелля і ўвогуле глебы былі неякаснымі. Паступова ў непісьменнае і маласвядомае сялянства пачалі пранікаць элементы грамадзянскасці, што мела вынікам большую арганізаванасць выступленняў. Для барацьбы з імі адміністрацыя прыцягвала вайсковыя каманды.
Народніцтва звязана з разначынным этапам вызваленчага руху, які прыйшоў на змену дваранскаму і будзе ў сваю чаргу зменены пралетарскім. Сялянская рэформа 1861 г. была вельмі непаслядоўнай. Яна вызвала рэзкае незадавальненне сялянства. Але яшчэ яна вызвала і шырокі рух разначыннай інтэлігенцыі, якая шукала шляхі сацыяльнай перабудовы Расіі, зыходзячы з асаблівасцей яе развіцця. А.І. Герцэн і М.Г. Чарнышэўскі прапагандавалі магчымасць пераходу Расіі ад феадалізму адразу да сацыялізму мінуючы капіталізм з дапамогай арцелі і сялянскай абшчыны, якая ідэалізавалася і ўспрымалася як галоўная ячэйка сацыялістычнага грамадства. Гэты “аграрны сацыялізм" Герцэна і быў пакладзены ў падмурак ідэалогіі народнікаў. У народніцтве перапляталіся рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі і сялянскі ўтапічны сацыялізм.
У народніцтве развівалася два накірункі - рэвалюцыйны (неабходнасць усерасійскага сялянскага паўстання) і рэфарматарска-ліберальны (праз рэформы). Першай народніцкай арганізацыяй была “Зямля і воля” (1861-1864 гг.). У склад яе ў 1862 годзе ўвайшоў “Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы”, палову якога складалі выхадцы з Беларусі. Праграма “ЗВ" - гэта права кожнага на зямлю, самакіраванне сялянскіх абшчын, добраахвотная федэрацыя абласцей, выбарны ўрад. “ЗВ" актыўна падтрымала паўстанне 1863 года, у прыватнасці, пазіцыю “чырвоных”. Але намаганні пашырыць паўстанне на расійскія губерніі скончыліся безвынікова, пасля падаўлення паўстання і арышту шэрага кіраўнікоў арганізацыі яна самараспусцілася вясной 1864 года.
У 1870-1880-х гадах аформілася тры праграмы народніцтва - прапагандысцкая (П. Лаўроў), анархічная-бунтарская (М. Бакунін), згодніцкая (Л. Ткачоў). Большасць народніцкіх арганізацый кіравалася ідэямі М. Бакуніна, які зыходзіў з прынцыпа “ўсё для народа, усё сіламі народа” - што азначае дасягнення сацыялізму праз усерасійскае сялянскае паўстанне.П. Лаўроў выступаў за больш грунтоўную падрыхтоўку да рэвалюцыі. У 1876 годзе пачала дзейнічаць другая “Зямля і воля”, якая акрамя арганізацый у галоўных гарадах імперыі мела так сама гурткі і на Беларусі. Так, у 1877 годзе М. Велер арганізаваў гурток у Мінску. Шмат беларусаў было і ў іншых мясцовых і цэнтральных оаранізацыях “ЗВ" - гэта М. Судзілоўскі, К. Брэшка-Брэшкоўская, Г. Ісаеў, С. Гаховіч, М. Янчэўскі, А. Зундзіловіч. Кіраўнікі землявольцаў (М. Пляханаў, А. Міхайлаў, А. Абалешаў) імкнуліся стварыць моцную дысцыплінаваную арганізацыю рэвалюцыянераў. Праграма “ЗВ" прадугледжвала правядзенне сялянскай рэвалюцыі, нацыяналізацыю зямлі, замену імперыі федэрацыяй абшчын. Прадугледжвалася так сама фізічнае знішчэнне найбольш шкодных ці выдатных асоб з урада. Па сутнасці, праграма была пабудавана пад уплывам ідэй М. Бакуніна.
Народавальцы сутыкнуліся з непрадбачанымі цяжкасцямі. Хаджэнне ў народ скончылася правалам - большасць “хадакоў” сялянамі было здадзена ў паліцыю, а ўрад узмацніў рэпрэсіі. У выніку абвастрыліся супярэчнасці ўнутры арганізацыі паміж прыхільнікамі прапаганды і тэрору. Гэтыя супярэчнасці прывялі да расколу “ЗВ" у 1879 годзе на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. Лідэр “Чорнага перадзелу" М. Пляханаў адмовіўся ад палітычнай барацьбы, галоўным накірункам дзейнасці лічыў ажыццяўленне перадзелу зямлі памешчыкаў паміж сялянаў - адсюль і назва арганізацыі. Спачатку большасць народніцкіх арганізацый Беларусі стала на бок “ЧП”, у Мінску нават была заснавана цэнтральная тыпаграфія арганізацыі, некаторы час тут працаваў М. Пляханаў і беларус А.В. Бонч-Асмалоўскі. Аднак, у 1881 годзе арганізацыі “ЧП" у імперыі былі выкрыты і разгромлены, і кіраўнікі апынуліся за кратамі ці ў вымушанай эміграцыі. Таму народнікі падаліся больш на бок “Народнай волі”.
Кіраўнікі “Народнай волі” лічылі магчымым адначасова ажыццявіць сацыяльны і палітычны пераварот, апошні - шляхам сістэматычнага тэрору, які падтрымае ўсё грамадства. Сігналам да народнага паўстання яны лічылі забойства цара. Але восьмы замах на Аляксандра II Вызваліцеля, здзейснены беларусам з Мазыршчыны Ігнатам Грынявіцкім, вызваў у грамадстве зусім іншую рэакцыю, не тую, на якую разлічвалі тэрарысты. Наадварот - распачатыя рэпрэсіі абяскровілі народавольчаскія цэнтры. Негледзячы на тое, што на пазіцыі “НВ" перайшло шмат чорнаперадзельцаў і на Беларусь ў 1881 годзе прыехалі лідары “НВ" Р. Альпенберг, М. Грачэўскі, М. Аўчыннікаў, была разгромлена “Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі”, створаная ў 1882 годзе на базе беларускіх гурткоў “НВ" з кіруючым цэнтрам у Вільні. Аднак народніцкія гурткі працягвалі існаваць у беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі.
Праграма “НВ" была досыць папулярная ў асяроддзі сацыялістычных гурткоў 1880-х гг. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К. Маркса і Ф. Энгельса і ўзнікненне першых рабочых гурткоў. У 1890-х гадах народавольчаскія і блізкія да іх арганізацыі пачалі выкарыстоўваць іншую саманазву - “сацыялісты-рэвалюцыянеры”.
Беларускае ідэйнае народніцтва. На Беларусі ідэі народнікаў падзялялі кіраўнікі “правага” крыла “чырвоных" пад час паўстання 1863 года - гэта К. Каліноўскі, В. Урублеўскі, З. Серакоўскі. А з 1874 года ў Пецярбургу пачалі ўтварацца нелегальныя гурткі студэнтаў навучальных устаноў, выхадцаў з беларускіх губерняў. На пачатак 1880-х гадоў наспела неабходнасць стварыць цэнтр беларускага народніцтва ў Пецярбурге, і зроблена гэта было на базе беларускага студэнцкага зямляцтва. Ідэйна неабходнасць беларускага народніцкага руха абгрунтоўвалася яшчэ І. Грынявіцкім і ў ананімных адозвах да беларускага студэнцтва. У 1881 годзе ў адозве “Да беларускай моладзі" ёсць заклік дзейнічаць на карысць Беларусі, але пакуль яшчэ ў межах існуючай палітычнай сістэмы. Прыкладна такіе па складу і “Лісты аб Беларусі”, якія выйшлі ў 1882 годзе пад псеўданімам Даніла Баравік. Але гэта згодніцкая пазіцыя не ўсімі была падтрымана. У 1884 годзе Шчыры Беларус заклікае звергнуць цара разам з іншымі рэвалюцыйнымі сіламі Расіі. У тым жа годзе студэнты пецярбургскіх ВНУ А. Марчанка, Х. Ратнер, М. Стацкевіч, У. Крупскі структурна аформілі Беларускую сацыял-рэвалюцыйную групу “Гоман”, якая існавала з пачатку 1880-х гадоў і пачалі выдаваць аднайменны часопіс (выйшла 2 нумары). Гоманаўцы падзялялі асноўныя палажэнні праграмы “Народнай волі”, але дадаткова яны выступалі за аб’яднанне ўсіх рэвалюцыйных сіл імперыі і распрацавалі пытанне аб існаванні асобнай беларускай нацыі, выставілі патрабаванне сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларусаў у супрацлегласць да афіцыйнай тэорыі “заходнерусізму”. Гоманаўцы так сама спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную народніцкую беларускую арганізацыю не здолелі - вельмі добра працавала царская сыскная паліцыя і існавалі разнагалоссі паміж мясцовымі гурткамі. З разгромам “НВ" перастала існаваць і група “Гоман”.
У 1884-1895 гг. галоўнае месца ў народніцкім рухе занялі ліберальныя народнікі, праграма якіх мела буржуазна-рэфармісцкі характар і была разлічана на паляпшэнне становішча дробных вытворцаў пры захаванні асноў дзяржаўнага і грамадскага ладу. Некаторыя ідэі ліберальнага пародніцтва прапагандаваліся ў газеце “Мінскі лісток”. Ліберальныя народнікі на Беларусі выступалі за ўмацаванне сялянскага землеўладання, за наданне ільгот сялянам і спрабавалі праводзіць гэты накірунак праз мясцовы адзел Сялянскага Пазямельнага банка ў Мінску. Так сама народнікі ініцыявалі прабуджэнне цікавасці да гісторыі края і нацыянальнай культуры Беларусі.
Рабочы рух. Развіццё капіталістычных адносін у эканоміцы Беларусі прывяло да фарміравання рабочага класа, занятага ў фабрычнай, мануфактурнай і дробнай прамысловасці, на чыгунках і водных шляхах. У сілу спецыфікі прамысловага развіцця рэгіёну (наяўнасць мноства дробных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю занятых на іх рабочых) становішча пралетарыяту Беларусі было больш цяжкім, чым у Расіі ў цэлым.
Нялёгкае становішча рабочых (13-14-гадзінны працоўны дзень, нізкая аплата працы, адвольныя штрафы, жабрацкія жыллёвыя ўмовы, адсутнасць страхавога і пенсіённага забеспячэння) вымушала іх да правядзення стачак з вылучэннем патрабаванняў эканамічнага характару. Разнастайнымі былі і формы пратэсту рабочых. Так, у 1864-1865 гг. на будаўніцтве чыгункі Віцебск-Дзінабург асноўнай формай пратэсту былі ўцёкі, а ў 70-я гг. асноўнай формай сацыяльнага пратэсту становіцца стачка. Па няпоўных даных, у 70-я - першай палове 90-х гг. адбылося 23 забастоўкі і хваляванні, якія адрозніваліся ўсё ўзрастаючай арганізаванасцю. Найбольш буйныя хваляванні былі на цагельным заводзе ў Брэсцкай крэпасці (1873 г.), слясарна-кавальскіх майстэрнях Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (1876 г.), на будаўніцтве чыгуначных дарог Вільна-Баранавічы (1884 г.), Лібава-Роменскай у Гомелі (1886, 1894 гг.), а таксама ў чыгуначных майстэрнях у Пінску (1893 г.), трыкатажных майстэрнях Смаргоні (1895 г.), рабочых-чыгуначнікаў Мінска (1895 г.). 19 красавіка 1895 г. упершыню рабочыя Мінска, Гомеля, Гродна, Смаргоні адзначалі першамайскае свята.
На чале рабочага руху ішлі чыгуначнікі, адзін з найбольш арганізаваных і буйных атрадаў рабочага класа Беларусі. У цэлым жа рабочы рух 70 - пачатку 90-х гг. заставаўся стыхійным і быў накіраваны на паляпшэнне матэрыяльнага становішча рабочых (павышэнне заработнай платы, скарачэнне працоўнага дня, паляпшэнне ўмоў працы) і супраць спагнання штрафаў.
Аб з’яўленні рабочага пытання ў краіне сведчыла рабочае заканадаўства 80-90-х гг. Заканадаўча было абмяжаваена выкарыстанне дзіцячай і жаночай працы (1882, 1885 гг.), памеры штрафу (1886 г.), даўжыня працоўнага дня (11,5 гадзіны - у 1897 г.). Для выканання гэтых і іншых абмежаванняў была ўведзена ў 1882 г. фабрычная інспекцыя. Аднак прынятыя законы асаблiва не паўплывалi на становiшча рабочых Беларусi. Кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым, у дадатак яны не распаўсюджвалiся на дробную і ремеснiцкую вытворчасць, якая значна пераважала менавіта на Беларусі.
У той жа час рабочы рух 70 - першай паловы 90-х гг. падрыхтаваў умовы для пераходу ў другой палове 90-х гг. масавага рабочага руху да свядомай палітычнай барацьбы.
Прапаганда марксізму і ўтварэнне рабочых саюзаў. Упершыню планамерную прапагандысцкую работу сярод беларускіх рабочых пачалі весці народнікі. У гуртках, створаных у 1876 і 1877 гг. у Мінску, а таксама ў пачатку 80-х гг. у Магілёве, Віцебску, Гомелі, Брэсце і Гродне, рабочыя займаліся самаадукацыяй, чыталі рэвалюцыйную літаратуру. Пад’ём рэвалюцыйнага руху ў 80-я - пачатку 90-х гг. садзейнічаў абуджэнню інтарэсу рабочых да палітычнага жыцця, распаўсюджванню сярод іх марксісцкіх ідэй.
Знаёмства з марксісцкай літаратурай у Беларусі адносіцца яшчэ да сярэдзіны 70-х гг., калі ў асобных народніцкіх гуртках разам з работамі Ч. Дарвіна і Ласаля вывучаліся працы К. Маркса і Ф. Энгельса. Марксісцкую літаратуру дасылалі студэнты Пецярбурга і Варшавы. Многае для распаўсюджвання марксізму ў Беларусі зрабілі польская партыя "Пралетарыят" (1882 г.) і, асабліва, група "Вызваленне працы" (1883 г.), у дзейнасці якой актыўна ўдзельнічалі беларускія народнікі А. Трусаў і С. Ляўкоў, пісьменнік і рэвалюцыянер А. Гурыновіч. Менавіта яны пачалі выданне і распаўсюджанне твораў К. Маркса і Ф. Энгельса ў перакладзе на рускую і польскую мовы (“Маніфест камуністычнай партыі”, “Капітал”, “Грамадзянская вайна ў Францыі”). Студэнты Берлінскага ўніверсітэта І. Самсонаў і Х. Гурэвіч, студэнт Цюріхскага палітэхнічнага інстытута Г. Салавейчык (ураджэнец Гродна) наладзілі транспарціроўку марксiсцкай лiтаратуры на Беларусь і Украіну. У другой палове 80 - пачатку 90-х гг. у Мінску (Э. Абрамовіч, Л. Гурвіч, С. Трусевіч), Гродне (Н. Дзем’яновіч, С. Галюн), Віцебску (М. Сакоўкін-Заслаўскі і яго жонка П. Дубінская), Гомелі (А. Поляк) былі арганізаваны марксісцкія гурткі і групы, у якіх вывучаліся працы К. Маркса і Ф. Энгельса. Але першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікімі і слаба звязанымі з рабочым рухам.
Новы этап распаўсюджання марксізму пачынаецца з сярэдзіны 90-х гг., калі ў выніку стварэння ў Пецярбургу "Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа" (1895 г.) рабочы рух Беларусі злучаецца з агульнарасійскім сацыял-дэмакратычным рухам. Членамі "Саюза барацьбы" былі ўраджэнцы Беларусі Л. Лепяшынскі, М. Левашкевіч, Т. Максімаў і інш. У другой палове 90-х гг. сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Смаргоні, Ашмянах, Брэст-Літоўску, Гродне, Пінску. Яны праводзілі палітычную агітацыю сярод рабочых, распаўсюджвалі лістоўкі і рэвалюцыйную літаратуру. Так рыхтаваліся з ліку рабочых новых кадраў-прапагандыстаў. Заняткі ў гуртках мелі акадэмічны характар з захаваннем правіл канспірацыі. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі праводзілі палітычную агітацыю сярод рабочых, распаўсюджвалі лістоўкі і рэвалюцыйную літаратуру, кіравалі стачачнай барацьбой рабочых. Так пад непасрэдным уздзеяннем сацыял-дэмакратаў з другой паловы 90-х гг. актывізуецца стачачны рух беларускіх рабочых. Так, з 59 стачак, праведзеных у 90-я гг., на другую палову прыпадае 53.
У другой палове ХІХ ст. рэвалюцыйным рухам на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі былі закладзены ідэйныя і арганізацыйныя асновы далейшай барацьбы супраць самадзяржаўя.
Дзейнасць польскіх і яўрэйскіх нацыянальна-палітычных арганізацый. Іх уплыў на сацыяльнае жыццё. У рабочым і сацыял-дэмакратычным руху Беларусі ў канцы 90-х гг. з’яўляюцца і свае спецыфічныя рысы - гэта імкненне яўрэйскіх, літоўскіх і польскіх сацыял-дэмакратаў стварыць рабочыя арганізацыі па нацыянальнай прыкмеце. Гэта была сваеасаблівая рэакцыя на нацыянальную палітыку ўрада (напрыклад, “яўрэйскае заканадаўства" 80-90-х гг.).
У 1893 г. у вынiку аб’яднання некалькіх рэвалюцыйных груп утварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 г. - Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Лiтвы - СДКПiЛ). У верасні 1897 г. у Вільні адбыўся з’езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дамакратычньк арганізацьш Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока, Коўна, Варшавы, на якім было абвешчана стварэнне Усеагульнага яўрэйскага саюза ў Расіі і Польшчы (Бунда). Яго лідарам стаў А. Крэмер. Кіраўнікі Бунда былі ўпэўнены ў тым, што толькі нацыянальная арганізацыя рабочых можа найлепш абараніць іх інтарэсы. Гэта прывяло сацыял-дэмакратыю Беларусі да расколу на тры групы. Берасцейская арганізацыя і частка гродзенскай безагаворачна далучылася да бундаўцаў. Другая частка гродзенскіх сацыял-дэмакратаў, якія адмовіліся ад узаемадзеяння з расійскім пралетарыятам, уступілі ў Польскую партыю сацыялістычну (ППС). Мінскія сацыял-дэмакраты стварылі Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі. Яе члены (Я. Гальперын, А. Бонч-Асмалоўскi, К. Брэшка-Брэшкоўская і iнш.) наладзілі рэвалюцыйныя сувязі з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Расіі, Украіны і былі прыхільнікамі і прапагандыстамі тэрарыстычнай барацьбы з самадзяржаўем. Пазней арганізацыі Рабочай партыi палiтычнага вызвалення Расii ўвайшлi ў склад партыi сацыялiстаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Рост рэвалюцыйнага руху, павелічэнне колькасці сацыял-дэмакратычных арганізацый, пашырэнне сферы іх дзейнасці ў розных рэгіёнах Расійскай імперыі, імкненне падпарадкаваць свайму ўплыву рабочы рух - усё гэта зрабіла неабходным стварэнне адзінай партыі. Гэта задача была выканана ў сакавіку 1898 г., калі ў Мінску адбыўся I з’езд сацыял-дэмакратычных арганізацый Расіі, абвясціўшых стварэнне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Яго ўдзельнiкi прынялi манiфест, падрыхтаваны П. Струве, быў выбраны цэнтральны камітэт у складзе С. Радчанкі, Б. Эйдэльмана і А. Крэмера. З’езд прызнаў “Рабочую газету” афіцыйным органам РСДРП. Пасля з’езда мясцовыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі сталі называцца камітэтамі РСДРП. Бунд увайшоў у склад РСДРП як аўтаномная арганізацыя.
1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1-5; Т.6. Кн.1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.
2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. - Мн., 2005. - 235 с.
3. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М. Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У. Карава, Я.І. Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994.510 с.
4. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад.В. В. Гетад, M.I. Калінскі.3 - е выд. Мн., 1992.
! |
Как писать рефераты Практические рекомендации по написанию студенческих рефератов. |
! | План реферата Краткий список разделов, отражающий структура и порядок работы над будующим рефератом. |
! | Введение реферата Вводная часть работы, в которой отражается цель и обозначается список задач. |
! | Заключение реферата В заключении подводятся итоги, описывается была ли достигнута поставленная цель, каковы результаты. |
! | Оформление рефератов Методические рекомендации по грамотному оформлению работы по ГОСТ. |
→ | Виды рефератов Какими бывают рефераты по своему назначению и структуре. |
Реферат | Гумилев и акмеизм |
Реферат | Учет кулинарных рецептов |
Реферат | Розен, Фёдор Фёдорович |
Реферат | Гуманность творчества Пушкина |
Реферат | Две России в поэме Гоголя "Мертвые души" |
Реферат | Гуманизм |
Реферат | Даниил Иванович Хармс |
Реферат | Дитяча література Німеччини другої половини XIX – XX ст |
Реферат | Специфические особенности мелкой моторики детей дошкольного возраста с ОНР |
Реферат | Дискурс прозы Валентина Распутина: попытка бегства от реальности |
Реферат | Добро и зло в романе Мастер и Маргарита |
Реферат | Есенинская "Анна Снегина" |
Реферат | Достоевский |
Реферат | Достоевский и отцеубийство |
Реферат | Достоевский как редактор и издатель |