Реферат по предмету "Разное"


Асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым І грамадскім жыцці, адчуваць І ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай

ЗАЦВЕРДЖАНА Загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 29.05.2009 № 675КАНЦЭПЦЫЯ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”1. УводзіныВучэбны прадмет “Беларуская літаратура” – адзін з прадметаў, з дапамогай якіх рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання: фарміраванне гарманічнай асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай. Спецыфіка літаратуры як прадмета навучання вызначаецца тым, што яна цесна звязана з іншымі формамі пазнання рэчаіснасці і чалавека (навукай, філасофіяй, рэлігіяй і інш.). Вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне мастацтва слова абумоўлена ў першую чаргу тым, што яно дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра прыроду і месца ў ёй чалавека, жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асоб. Дзякуючы змястоўным сувязям з гуманітарнымі навуковымі дысцыплінамі, літаратура вучыць успрымаць і разумець з’явы, пераўвасобленыя ёю ў вобразы, адначасова ў планах агульначалавечым і нацыянальным, канкрэтна-гістарычным. Усё гэта ў літаратуры раскрываецца своеасабліва, праз мастацкую вобразнасць, экспрэсіўна, эмацыянальна. Як усякае мастацтва, літаратура вызначаецца поліфункцыянальнасцю: апрача пазнання жыцця, выконвае і камунікатыўную, эстэтычную, геданістычную функцыі. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі беларуская літаратура належыць да сацыяльна-гуманітарнага цыкла прадметаў, які ўключае ў сябе яшчэ і прадметы “Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”. З апошнімі двума вучэбнымі прадметамі беларускую літаратуру збліжае тое, што яна фарміруе эстэтычныя густы і ідэалы вучняў, задавальняе іх патрэбы ў эстэтычнай дзейнасці. Разам з тым мастацкае слова спалучае ў сабе пэўныя магчымасці жывапісу і музыкі, яно здатнае ствараць зрокавыя і слыхавыя вобразы. Беларуская літаратура далучае вучняў да духоўнага жыцця і культуры народа, выяўляе светаўспрыманне этнасу, яго ўяўленні пра рэчаіснасць, узаемаадносіны чалавека з прыродай, маральныя і эстэтычныя ідэалы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў. Літаратура – крыніца чалавеказнаўства, грамадазнаўства. Літаратурна-мастацкія творы выступаюць дзейсным сродкам спасціжэння прыроды, грамадскага жыцця ў яго разнастайных праявах, дыялектычных зменах, зрухах. Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць пазнанае на сябе і такім чынам глыбей усведамляюць сваю індывідуальнасць; у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога. Паступова ў іх складваецца разуменне вечнага і часовага ў чалавеку, сутнаснага і вызначальнага ў яго жыцці. Выразная аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх творах, аказвае на вучняў, што знаходзяцца ў працэсе пошуку асабістага “я”, выхаваўчае ўздзеянне. Біяграфіі пісьменнікаў і створаныя імі мастацкія тыпы пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам, з улікам якіх вучні будуць канструяваць сваю мадэль асобы і імкнуцца рэалізаваць яе ў жыцці. Літаратура развівае ўяўленне, фантазію чытача, яго творчыя магчымасці, з’яўляецца дзейсным сродкам развіцця культуры асобы вучня, яго мастацка-эстэтычнага і маральнага выхавання. Дапамагаючы глыбей пазнаваць жыццё, літаратура адначасова спрыяе маральнаму, эмацыянальнаму і эстэтычнаму развіццю, духоўнаму самасцвярджэнню вучня як асобы, што адчувае сябе часткай прыроды, грамадства, здольная творча і актыўна рэалізоўваць сябе ў соцыуме. Пры пазнанні мастацкага твора надзвычай важную ролю адыгрываюць не толькі інтэлект і эмоцыі вучняў, але і іх уяўленні, густы, што плённа ўплывае на асэнсаванне матэрыялу пры вывучэнні прыродазнаўчых, фізіка-матэматычных прадметаў у агульнаадукацыйных установах. Літаратура як від мастацтва здольная спасцігаць свет універсальна, усёабдымна, у самых розных яго вымярэннях: сучасным, гістарычным, перспектыўным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё народаў іншых краін. Пісьменнікі ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, раскрываюць нацыянальныя характары, адлюстроўваюць асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям’і. Беларуская літаратура паказвае чалавека ў пэўным сацыяльна-культурным асяроддзі, уздымае важныя філасофскія, маральна-этычныя, экалагічныя і іншыя праблемы сучаснасці, мінулага, будучыні. Народ Беларусі – гэта складовая частка агульначалавечай супольнасці, таму ў творах беларускіх пісьменнікаў выявіліся агульназначныя ідэалы і каштоўнасці. Далучэнне да іх мае выключна важнае значэнне, паколькі спрыяе гуманізацыі асобы, духоўна ўзбагачае яе. Арыентацыя на гуманістычныя і культурныя каштоўнасці, краіназнаўчы аспект пры вывучэнні літаратуры набываюць асаблівае значэнне ў наш час, калі кантакты паміж людзьмі розных дзяржаў сталі рэаліямі жыцця. Такім чынам, літаратура ў агульнаадукацыйнай установе – гэта прадмет, які адыгрывае культуратворчую і нацыятворчую функцыі, садзейнічае гуманітарызацыі мыслення. Многае яднае беларускую літаратуру з літаратурай сусветнай, арганічнай часткай якой яна і з’яўляецца. Таму беларуская літаратура вывучаецца ў кантэксце сусветнага мастацкага слова. Рэалізацыя падобнага падыходу пераконвае вучняў у тым, што нацыянальнае прыгожае пісьменства – годны складнік агульначалавечай мастацкай культуры. Паралельна вывучаючы творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, вучні пераконваюцца ў тым, што людзей свету яднаюць агульныя праблемы, памкненні, радасці і трывогі, што за час свайго існавання чалавецтва выпрацавала агульныя духоўныя каштоўнасці. Вывучэнне рускай літаратуры, знаёмства з сусветна значнымі мастацкімі набыткамі падмацоўваюць гэтую выснову і спрыяюць фарміраванню глыбокага разумення вучнямі эстэтычнай вартасці з’яў мастацтва, грамадзянскіх перакананняў, гуманістычнага светапогляду вучняў, разумення таго, што яны – прадстаўнікі свайго народа і чалавецтва, захавальнікі набыткаў нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Нарэшце, літаратура як мастацтва слова з’яўляецца сродкам фарміравання і развіцця моўнай культуры, індывідуальнага самавыяўлення вучня праз слова, у слове. З дапамогай мастацкіх тэкстаў ён спазнае багацце лексікі, адметнасць марфалагічнага, сінтаксічнага складу беларускай мовы, яе мілагучнасць. Чытанне і вывучэнне літаратурных твораў развівае камунікатыўныя здольнасці вучня, узбагачае выяўленчыя, экспрэсіўныя магчымасці яго мовы, лексічны, фразеалагічны, слоўнікавы запас, фарміруе маўленчыя нормы, развівае маўленчую культуру, а праз яе і агульную культуру асобы. Развіццё мастацтва слова неад’емнае ад гістарычнага развіцця чалавецтва. Невыпадкова мастацкую літаратуру называюць гісторыяй у вобразах. У працэсе навучання беларускай літаратуры на канкрэтных прыкладах можна выхаваць у вучняў пачуцці гонару за Радзіму, народ, адданасці роднаму краю, павагу да тых, хто змагаўся за яе свабоду, незалежнасць і росквіт. Беларускія пісьменнікі раскрылі глыбокія, тонкія чалавечыя перажыванні, выявілі сябе таленавітымі псіхолагамі, педагогамі. Чытаючы мастацкія творы, вучні адчуваюць боль іншых людзей, асэнсоўваючы жыццёвыя з’явы, падзеі, канфлікты і характары, яны выказваюць свае адносіны і меркаванні, сталеюць, духоўна ўзбагачаюцца, вучацца рабіць сумленны выбар. Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйных установах павінна забяспечыць: – фарміраванне ў вучняў сістэмы літаратурных (тэарэтыка-літаратурных і гісторыка-літаратурных) ведаў як кампанента гуманітарнага светаадчування і мыслення; – развіццё чытацкіх і камунікатыўных уменняў – сродку самавыяўлення і самавыхавання, найпершай умовы для ўступлення ў сацыякультурны дыялог; – выпрацоўку ўмення аналізу мастацкага тэксту ў аспекце творчай індывідуальнасці пісьменніка, што, у сваю чаргу, развівае ў вучняў здольнасць адчуваць сапраўднае мастацтва, выяўляць прыгожае і агіднае ў свядомасці і паводзінах чалавека, гарманічнае і стыхійнае ў прыродзе; – разуменне вучнямі грамадскага значэння нацыянальнай літаратуры – складовай часткі агульначалавечай культуры і мастацтва, сродку раскрыцця духоўнага свету і гістарычнага лёсу народа, дасягнення ўзаемаразумення і ўстанаўлення кантактаў паміж людзьмі, цэласнага адчування свету; – развіццё асобы вучняў: іх пачуццяў, мыслення, самасвядомасці, знешняй і ўнутранай (духоўнай) культуры, мастацка-эстэтычнага густу. Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйных установах забяспечвае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў сучасным зменлівым свеце. Беларуская літаратура – тое спалучальнае звяно, якое перадае ад папярэднікаў да сучаснікаў назапашаны на працягу стагоддзяў духоўны і эстэтычны вопыт. На аснове гэтага духоўнага вопыту разгортваецца выхаванне гарманічна развітой, цэласнай асобы, здольнай самараскрывацца, дастаткова поўна рэалізоўваць сябе ў грамадстве ў працэсе творчай дзейнасці. Паказчыкамі якасці літаратурнай адукацыі з’яўляюцца наступныя: агульны культурны ўзровень вучня, яго эрудыцыя, начытанасць, асобаснае засваенне зместу праграмнага літаратурнага твора, характар, ступень самастойнасці, доказнасці эстэтычных меркаванняў вучня і ўзровень развіцця яго маўлення. Пад паняццем “начытанасць” разумеецца веданне вучнямі твораў беларускіх, замежных аўтараў, іх асноўных мастацка-стылявых асаблівасцей; уменне чытаць мастацкі і іншыя віды тэкстаў, карыстаючыся рознымі спосабамі і відамі чытання; уменне самастойна ставіць мэту чытання і выбіраць кнігу ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай; уменне характарызаваць кнігу па такіх паказчыках, як назва, жанр, кампазіцыя і інш.; дастаткова высокі ўзровень культуры чытання. Асобаснае засваенне зместу літаратурнага твора выяўляецца ва ўменні вучня выказаць уласнае эмацыянальна-эстэтычнае ўражанне ад прачытанага мастацкага твора, перадаць яго змест, увесці гэты твор у культуралагічны кантэкст, г. зн. ацаніць яго праз параўнанне са з’явамі жыцця, іншымі творамі літаратуры або сумежных мастацтваў. Характар эстэтычных меркаванняў і ацэнак сведчыць пра ўзровень развіцця культуры асобы. Пры разглядзе твора вучань карыстаецца тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і тэрмінамі, і настаўнік можа меркаваць, наколькі глыбока яны засвоены, ці актуалізуюцца яны ў працэсе спасціжэння і выяўлення эстэтычнай вартасці твора. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення жыцця, таму недастаткова ведання, нават і зацікаўленага, вучнем толькі зместу твора. Важна высветліць, наколькі сугучныя эстэтычнае ўспрыманне і ўяўленні вучня аўтарскай канцэпцыі, ці поўна перадае ён разнастайнасць праблем, з’яў, што знайшлі ўвасабленне ў мастацкім творы, ці стаў прыцягальным для яго маральна-эстэтычны ідэал, свет думак і пачуццяў пісьменніка. Узровень развіцця маўлення – паказчык літаратурнай і маўленчай пісьменнасці вучня. Вучань павінен умець складаць розныя віды планаў, выкарыстоўваць розныя функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне), дакладна адказваць на пытанні, самастойна разважаць, рабіць вусныя і пісьмовыя паведамленні, даклады, пераказы ці сачыненні на вольныя (па асабістых жыццёвых уражаннях) ці літаратурныя тэмы, водгукі на мастацкія творы, кнігі, спектаклі і інш. Найважнейшым паказчыкам развіцця маўлення, чытацкай эрудыцыі, эстэтычнага густу з’яўляецца творчая дзейнасць вучняў: складанне загадак, казак, вершаў, напісанне невялікіх п’ес, эсэ і інш. Акрэсленыя паказчыкі на кожнай ступені літаратурнай адукацыі павінны карэкціравацца ў адпаведнасці з узростам вучняў. Прапанаваная канцэпцыя мае на мэце даць уяўленне аб прынцыпах пабудовы зместу літаратурнай адукацыі, складзе і структуры вучэбнага прадмета, акрэсліць мэты навучання, паказаць асаблівасці прад’яўлення зместу літаратурнай адукацыі на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Канцэптуальныя падыходы да навучання беларускай літаратуры – аснова для распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, вучэбна-метадычных комплексаў.^ 2. Зыходныя метадалагічныя перадумовыі прынцыпы пабудовы зместу вучэбнага прадметаПабудова зместу літаратурнай адукацыі ў сучасных умовах ажыццяўляецца з пазіцый культурастваральнага, асобасна арыентаванага падыходаў да навучання, на аснове прынцыпаў эмпатыйнай педагогікі, педагогікі супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў. У якасці галоўных арыенціраў выбраны наступныя прынцыпы. 1.^ Арыентацыя на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Беларуская літаратура належыць да ліку прадметаў, якія традыцыйна вывучаюцца ў школах Беларусі (пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст.). Менавіта нацыянальнае мастацкае слова скіроўвае на засваенне асноў беларускай культуры, яе вытокаў, этапаў станаўлення. Таму нацыянальным мастацкім набыткам (у першую чаргу творам класікі) у курсе літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе належыць галоўнае месца. Творы замежнай класікі пры гэтым разглядаюцца перад усім у суадносінах з беларускай літаратурай, гэта дасць магчымасць вучням успрыняць нацыянальнае прыгожае пісьменства часткай – арыгінальнай і самабытнай – сусветнай літаратуры. 2. Фундаментальнасць. Прынцып фундаментальнасці ў літаратурнай адукацыі разглядаецца як грунтоўнае авалодванне сістэмай літаратурных ведаў, уменняў і навыкаў, сфарміраванасць чытацкай і камунікатыўнай культуры асобы. Беларуская літаратура як адзін з відаў мастацкага мадэліравання рэчаіснасці мае вялікае значэнне для набыцця вучнямі ведаў у іншых галінах, для авалодвання універсальнымі спосабамі дзейнасці, выпрацоўкі ўменняў аналізу і інтэрпрэтацыі разнастайных фактаў і з’яў. Курс беларускай літаратуры скіраваны на развіццё праблемнага, крытычнага ўспрымання з’яў рэчаіснасці, садзейнічае фарміраванню сістэмы гуманістычных, маральна-этычных поглядаў і арыентацый асобы вучня. 3. ^ Практычная накіраванасць. Навучанне беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе скіравана на выхаванне асобы і яе сацыялізацыю ў грамадстве. Таму для вывучэння прапануюцца мастацкія творы, што ў найбольшай ступені адпавядаюць патрэбам і інтарэсам як вучняў, так і грамадства, адлюстроўваюць тыповыя канфлікты і сітуацыі, выклікаюць у іх роздум “пра час і пра сябе”. Менавіта ў працэсе аналізу мастацкага твора раскрываецца асабістае “я” вучня. Прынцып практычнай скіраванасці ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі вымагае надання важнага значэння развіццю не толькі вуснага і пісьмовага маўлення, але і камунікатыўнай культуры вучняў. Эфектыўнае вырашэнне гэтай праблемы спрыяе павышэнню агульнакультурнага ўзроўню вучняў. 4. ^ Гуманітарызацыя і гуманізацыя навучання. Гуманітарызацыя скіроўвае настаўніка і вучня да ўспрымання цэласнай карціны свету і чалавека ў ім, да “ачалавечвання” ведаў, што ў выніку павінна прывесці да фарміравання гуманістычнага светаадчування, маральнай адказнасці чалавека за сябе, грамадства, прыроду. Беларуская літаратура як адзін з вядучых вучэбных прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла – надзейны сродак увядзення вучня ў культуру як сістэмнае цэлае, бо менавіта яна спалучае ў сабе элементы культуры мастацкай, культуры мыслення, дзейнасці і ўзаемаадносінаў, культуры выяўлення думак і пачуццяў у слове (або філалагічнай культуры) і, нарэшце, уплывае на фарміраванне светапогляду асобы. У працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучні набываюць этыка-філасофскія, сацыяльна-гістарычныя і эстэтыка-культурныя веды. 5. ^ Завершанасць літаратурнай адукацыі. Літаратурная адукацыя ў агульнаадукацыйных установах у выніку павінна даць вучням цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру, яе ідэйна-мастацкае багацце, сфарміраваць сістэму ведаў, уменняў, каштоўнасных арыентацый, вопыт эмацыянальнай і творчай дзейнасці. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай установы не кожны з выпускнікоў будзе мець магчымасць пашыраць свае веды пра беларускую літаратуру, таму літаратурнае навучанне ў агульнаадукацыйных установах павінна мець завершаны характар. 6. ^ Рэгіяналізацыя літаратурнай адукацыі. Сучасныя рэгіёны Беларусі вызначаюцца паводле дзялення краіны на вобласці. Варта мець на ўвазе, што гэты падзел не заўсёды супадае з прыродна-гістарычнымі зонамі Беларусі. Для выхавання патрыятычных пачуццяў вельмі важна, каб у працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучань пераканаўся, што і яго родны кут ці край (пэўныя мясціны, горад і інш.) натхняў пісьменнікаў, што яго землякі ўнеслі пэўны ўклад у развіццё беларускага мастацтва слова. Вельмі важнай паўстае неабходнасць актыўнага развіцця мясцовага краязнаўства, што дапаўняла б звесткі, атрыманыя вучнямі на ўроках беларускай літаратуры. Вырашэнню гэтай праблемы спрыялі б факультатыўныя курсы літаратурна-краязнаўчай скіраванасці, падрыхтаваныя знаўцамі роднага краю, настаўнікамі, навукоўцамі.^ 3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі адбору ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыіПры адборы вучэбнага матэрыялу, вызначэнні метадаў і прыёмаў арганізацыі дзейнасці вучняў галоўную ролю адыгрываюць наступныя метадычныя і літаратуразнаўчыя прынцыпы. 1. ^ Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання вучнямі мастацкага тэксту. Гэты прынцып абумоўлівае адбор і прэзентацыю мастацкіх тэкстаў з улікам узростава-псіхалагічных асаблівасцей вучняў на розных ступенях навучання літаратуры. Неабходна ўлічваць інтэлектуальна-пазнавальныя магчымасці вучняў, іх здольнасць да рэпрадуктыўнай дзейнасці, засваення аб’ёму інфармацыі. 2. ^ Прынцып адпаведнасці задачам выхавання і развіцця асобы вучня. Беларуская літаратура садзейнічае фарміраванню светапогляду вучня як цэласнай сістэмы ўяўленняў пра чалавека, прыроду, навакольнае жыццё. Спецыфіка літаратурнай адукацыі абумоўлена педагагічнай накіраванасцю навучання ў агульнаадукацыйнай установе. Змест курса беларускай літаратуры дазваляе ў розных аспектах станоўча ўздзейнічаць на асобу вучня, дае ўдзячны матэрыял для фарміравання трывалых маральна-этычных асноў, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, адданасці агульначалавечым ідэалам. 3. ^ Прынцып эстэтычнага падыходу да аналізу і ацэнкі мастацкага твора. Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне літаратурнага твора. Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгажосць жыцця і інш. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, ведання асноўных эстэтычных катэгорый і тэрмінаў (прыгожае – агіднае, узнёслае – нізкае, трагічнае – камічнае). Фарміраванне і развіццё эстэтычнай культуры – важны складнік літаратурнай адукацыі. 4. ^ Прынцып адзінства зместу і формы, часткі і цэлага ў спасціжэнні мастацкага твора чытачом. У курсе беларускай літаратуры асноўнае месца адведзена вывучэнню мастацкіх твораў. У працэсе аналізу разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш.) і знешнія (арганізацыя тэксту, асаблівасці мовы і інш.) кампаненты твора. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы. Азначаны прынцып не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі. Без іх ведання нельга вырашыць адну з найважнейшых мэтаў навучання літаратуры – выхаванне культуры чытання. Засваенне тэарэтычных паняццяў ажыццяўляецца з улікам мастацкай прыроды твора. У такім выпадку тэарэтычнае паняцце стане своеасаблівым інструментам пазнання твора, літаратурнай з’явы, і вучні ўсвядомяць практычную неабходнасць яго ведання. Увядзенне тэарэтыка-літаратурнага матэрыялу ў змест літаратурнай адукацыі павінна адбывацца ў адпаведнасці з прынцыпамі даступнасці, паслядоўнасці і пераемнасці. 5. ^ Прынцып гістарычнага падыходу ў асэнсаванні твораў і з’яў літаратуры і мастацтва. Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу адукацыі ў курсах беларускай літаратуры ІХ–ХІ класаў. Азначаны прынцып рэалізуецца ў працэсе знаёмства з творамі, фарміравання ўяўленняў пра заканамернасці і найважнейшыя асаблівасці гісторыі развіцця мастацтва слова. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычную вартасць, каб у іх свядомасці беларускае і замежнае мастацтва ўяўлялася не простай сумай твораў, а цэласным працэсам. 6. ^ Прынцып міжпрадметных сувязей. Беларуская літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла (“Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”) утварае аснову культурацэнтрычнай сістэмы адукацыі. Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш.), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы. 7. ^ Прынцып пастаяннай увагі да мовы ў яе эстэтычнай і камунікатыўнай функцыях. Беларуская літаратура як вучэбны прадмет істотна ўплывае на агульную гуманітарна-філалагічную падрыхтаванасць вучня, яго камунікатыўную кампетэнцыю. Пастаянная праца па развіцці маўлення спрыяе засваенню вучнямі багацця беларускай мовы, яе літаратурных нормаў, навыкаў вуснага выказвання, разважання, дыялогу, у выніку ўсё гэта фарміруе культуру мыслення і камунікатыўную культуру асобы.^ 4. Мэты вучэбнага прадметаКарыстаючыся універсальным сродкам уздзеяння на чалавека – словам, літаратура здольная цэласна, сістэмна ўплываць на інтэлект, пачуцці, волю, фарміраваць светабачанне і светаразуменне, агульную культуру кожнага, хто судакранецца з яе багаццямі. З улікам падобных уласцівасцей літаратуры вызначаюцца мэты і задачы літаратурнай адукацыі ўвогуле і на кожным этапе навучання ў прыватнасці. Мэты і задачы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе павінны быць скіраваныя на выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, чалавека, чуйнага да сацыяльнага поліфанізму жыцця, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здольнай успрыманне прыгожага выкарыстаць для выпрацоўкі стымулу маральнага самаўзвышэння, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця. Такая агульная ўстаноўка рэалізуецца ў сістэме канкрэтных патрабаванняў да вынікаў літаратурнага навучання: – дастаткова шырокае знаёмства з нацыянальнай літаратурнай спадчынай, а таксама з асобнымі (класічнымі, узорнымі) творамі сусветнай літаратуры; – начытанасць, устойлівая цікавасць да чытання, рознабаковасць, сістэмнасць, свядомая скіраванасць чытацкіх інтарэсаў; – глыбіня засваення ідэйна-мастацкага зместу праграмных літаратурных твораў, уменне самастойна аналізаваць тэкст і ацэньваць яго ідэйна-эстэтычную каштоўнасць; – валоданне тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і здольнасць прымяняць іх у працэсе аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў; – веданне спецыфічных асаблівасцей літаратуры ў параўнанні з асаблівасцямі іншых відаў мастацтва; – знаёмства з асноўнымі эстэтычнымі катэгорыямі (прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае, агіднае і інш.) і здольнасць ацэньваць з іх дапамогай творы літаратуры і сумежных відаў мастацтва; – зарыентаванасць вучняў у гістарычным развіцці літаратуры і мастацтва: веданне асноўных этапаў (эпох, перыядаў), ідэйных і мастацкіх напрамкаў і інш.; – здольнасць выяўляць у творах літаратуры чалавеказнаўчы змест, пытанні філасофскага, псіхалагічнага, маральна-этычнага, эстэтычнага характару, выказваць уласныя адносіны да адлюстраваных у літаратуры розных грамадскіх з’яў, супярэчнасцей, канфліктаў, да такіх агульначалавечых каштоўнасцей, як любоў да Радзімы, павага да свайго народа і іншых народаў, гонар, сумленне, абавязак і іншыя ідэйныя, маральныя, эстэтычныя арыенціры; – развітасць творчых здольнасцей і ўменняў, неабходных для самавыяўлення і самаўдасканальвання асобы; – валоданне мовай, маўленчымі ўменнямі і навыкамі як умова і сродак самапазнання і самавыяўлення. У залежнасці ад узросту вучняў і ступені навучання гэтыя патрабаванні канкрэтызуюцца, пры гэтым захоўваецца пераемнасць, сістэмнасць, не парушаецца адзінства літаратурнай адукацыі. Усе акрэсленыя прынцыпы функцыянуюць на кожнай ступені адукацыі. ^ 5. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу літаратурнай адукацыі па ступенях навучанняАдна з найважнейшых асаблівасцей літаратурнай адукацыі – гэта яе пашыранасць на ўвесь час знаходжання дзіцяці, затым падлетка, юнака ў агульнаадукацыйнай установе. Таму надзвычай істотным у літаратурнай адукацыі з’яўляецца дакладнае вызначэнне ўзроставых асаблівасцей фарміравання асобы вучня і адпаведная “прывязка” гэтага працэсу да этапаў навучання літаратуры. Вызначаюцца наступныя ступені літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах, кожная з якіх мае свае асаблівасці: – І ступень (І–ІV класы); – ІІ ступень (V–ІХ класы); – ІІІ ступень (Х–ХІ класы). Беларуская літаратура ў агульнаадукацыйных установах з V класа выступае як самастойны вучэбны прадмет, які паслядоўна і сістэматычна далучае вучня да мастацтва слова. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння), асэнсавання жыцця, яго нормаў і каштоўнасцей. Яна дапамагае чытачу ўступаць у дыялог з пісьменнікам, аўтарамі іншых твораў мастацтва, з культурай у самым шырокім сэнсе слова. Беларуская літаратура – прадмет, каштоўны для вучня не толькі сваімі ідэямі, але і тым асобасным сэнсам, які маюць для вучня сюжэт літаратурнага твора, яго мастацкія вобразы, адносіны аўтара да падзей і герояў, факты з жыцця і творчасці пісьменніка, стаўленне яго да жыцця і свету. Беларуская літаратура – адзін з найбольш даступных сродкаў спасціжэння духоўнага развіцця грамадства, яна з’яўляецца каштоўнасцю, неабходнай самой асобе для яе культурнага сталення. Мяняецца погляд настаўніка на ролю вучня ў працэсе літаратурнай адукацыі: з аб’екта навучання, калі тэма, праблема, ідэя, аўтарская пазіцыя разглядаюцца на ўроках як нешта знешняе, чужое, ён ператвараецца ў суб’ект, калі істотнымі становяцца асобасныя ўяўленні і веды вучня: “я і мае адносіны да героя”, “мой погляд на праблему”, “маё разуменне ідэі”, “мая пазіцыя і пазіцыя аўтара” і інш. Настаўнік пры такім падыходзе выступае як пасрэднік паміж літаратурным творам і вучнем і не лічыць для сябе магчымым прымаць рашэнні за вучня. У той жа час беларуская літаратура з’яўляецца сродкам маральнага выхавання патрэбнай грамадству асобы – з багатым духоўным светам, гуманістычным поглядам на рэчаіснасць, далучанай да культуры беларусаў і іншых народаў свету, з жывым крытычным мысленнем, выразна сфарміраванымі жыццёвымі інтарэсамі і каштоўнасцямі. Мэта літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе заключаецца ў далучэнні вучня да беларускай літаратуры як падручніка жыцця, мастацтва слова, крыніцы духоўнага і культурнага багацця. Навучанне літаратуры павінна дапамагчы вучню адчуць разнастайнасць свету, адкрыць таямніцы пісьменніцкага майстэрства, набыць вопыт маўленчай і творчай дзейнасці, авалодаць культурай чытання, выхаваць у сабе пачуццё павагі і любові да мастацкай кнігі, а праз яго – да жыцця ў цэлым, да клопатаў пра прыроду, лёс Зямлі. У залежнасці ад ступені літаратурнай адукацыі вызначаецца і адпаведны яе змест. Вучні ІХ класа атрымліваюць агульнае ўяўленне пра развіццё літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя; у іх фарміруецца першаснае ўяўленне пра гісторыка-літаратурны працэс, яго перыяды. Асэнсаванне этапаў развіцця нацыянальнай і сусветнай літаратуры дае магчымасць адчуць жанрава-тэматычную адметнасць роднай літаратуры, яе самабытнасць. Курс беларускай літаратуры ІХ класа арганічна звязаны з папярэднім этапам навучання. У V–VIIІ класах прадугледжваецца вывучэнне асобных, даступных вучням твораў беларускай і замежнай літаратуры, чытанне і аналіз якіх – асноўны накірунак усіх урокаў літаратуры. Вучні ўдасканальваюць тэхніку чытання. Іх “узаемаадносіны” з кнігай робяцца ўсё больш свабоднымі, яны пачынаюць усведамляць неабходнасць і карыснасць самастойнага ўспрымання твораў розных жанраў, у тым ліку даволі вялікіх па аб’ёме. Гэты перыяд вельмі спрыяльны для выхавання ў дзяцей патрэбы ў чытанні, фарміравання ў іх звычкі рэгулярна звяртацца да мастацкай літаратуры як крыніцы пазнання свету і саміх сябе. Пры вывучэнні твораў у V–VIIІ класах важна абапірацца на такую адметнасць падлеткавага ўзросту, як цікавасць вучняў да падзей і лёсаў герояў. Асэнсаванне падлеткамі цікавых сітуацый, канфліктаў, матываў паводзін герояў, іх характараў дае вобразнае ўяўленне пра жыццё людзей, іх узаемаадносіны. У час абмеркавання твора ўзбагачаецца мова вучняў, у іх фарміруецца ўменне выказваць свае адносіны да прачытанага, даваць адносна аб’ектыўную ацэнку зместу і формы твораў. Падлеткі – надзвычай эмацыянальныя чытачы, з развітой фантазіяй, багатым уяўленнем, яны заўсёды суперажываюць героям, параўноўваюць іх паводзіны са сваімі ўласнымі. Вучні здольныя да сатворчасці з аўтарам: дамысліць сюжэт, дамаляваць карціны і г. д. Мастацкі свет твора і свет чытача-падлетка нібыта перакрыжоўваюцца: твор часта робіцца для чытача асобасна значымым. Толькі пры ўліку адзначанай акалічнасці можна разлічваць на дасягненне маральнага і эстэтычнага ўздзеяння літаратуры на вучня. Пры навучанні беларускай літаратуры ў V–VIII класах вырашаюцца наступныя задачы: – удасканаленне навыкаў чытання; – развіццё цікавасці да чытання мастацкай літаратуры; – выпрацоўка адчування адметнасці літаратуры як мастацтва слова, яе сувязі з іншымі відамі мастацтва (жывапісам, музыкай, тэатрам); – фарміраванне навыкаў эмацыянальна-вобразнага ўспрымання літаратурнага твора; – фарміраванне ў вучняў умення адрозніваць роды і жанры твораў, вызначаць асобныя кампаненты твора, іх узаемасувязь і функцыянальнае значэнне; – развіццё вобразнага і аналітычнага мыслення, творчага ўяўлення, чытацкай культуры, патрэбы ў самастойным чытанні мастацкага твора; – развіццё вуснага і пісьмовага маўлення вучняў. З мэтай пашырэння чытацкага вопыту, абуджэння цікавасці і любові да мастацкай кнігі ў вучэбных праграмах для V–VIII класаў прапануюцца тры спісы літаратурных твораў: 1) для чытання і вывучэння; 2) для чытання і абмеркавання; 3) для пазакласнага чытання. У першы спіс уключаны абавязковы мінімум твораў, вывучэнне якіх праходзіць усе тры этапы (першаснае ўспрыманне, аналіз, абагульненне) і суправаджаецца вуснымі і пісьмовымі заданнямі для вучняў, творчымі работамі, фарміраваннем чытацкіх і маўленчых уменняў. Творы, прапанаваныя ў другім спісе, падрабязна не разглядаюцца, а абмяркоўваюцца ў час гутаркі, дыспуту. Прадметам абмеркавання можа быць праблема, герой, адметнасці кампазіцыі ці сюжэта. Будзе да месца размова пра экранізацыю, тэатральную ці тэлепастаноўку, музычную інтэрпрэтацыю твораў. Трэці спіс прапаноўвае творы для самастойнага чытання, індывідуальнай работы з вучнямі, пазакласных мерапрыемстваў (конкурсы чытальнікаў, літаратурныя віктарыны, канферэнцыі і да т. п.). Творы з другога і трэцяга спісаў узаемазамяняльныя, сюды могуць далучацца і іншыя тэксты на выбар настаўніка або вучняў. Напрыканцы VIII класа вучні павінны в е д а ц ь: – аўтараў, назвы і змест вывучаных і самастойна прачытаных твораў; – герояў вывучаных твораў і асаблівасці іх характару; учынкі і ўзаемаадносіны персанажаў; – асаблівасці паэтычных і празаічных твораў; – асаблівасці публіцыстычных і навуковых тэкстаў і іх адрозненне ад мастацкіх твораў; – роды літаратуры (эпічны, лірычны, драматычны), іх асноўныя жанры і мастацкія асаблівасці; – вобразна-выяўленчыя сродкі; – асноўныя тэарэтычныя паняцці; – творы, прапанаваныя для завучвання на памяць. Вучні павінны ў м е ц ь: – выразна, у патрэбным тэмпе чытаць уголас літаратурныя творы, навукова-папулярныя і публіцыстычныя тэксты; – узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам; – вызначаць тэму, ідэю, праблематыку твора; – выяўляць аўтарскую пазіцыю ў творы; – вылучаць у літаратурных творах і вучэбных артыкулах лагічна закончаныя часткі; – складаць план невялікага апавядальнага твора ці ўрыўка з яго, план характарыстыкі героя мастацкага твора; – сцісла, выбарачна, падрабязна або творча пераказваць невялікі апавядальны твор ці ўрывак з яго, захоўваючы лагічную паслядоўнасць і прычынна-выніковую сувязь; – вылучаць эпізоды або дэталі, важныя для характарыстыкі дзейных асоб, устанаўліваць прычынна-выніковую сувязь паміж падзеямі і паводзінамі герояў; – характарызаваць героя літаратурнага твора па яго ўчынках, паводзінах, перажываннях, на падставе створанага аўтарам партрэта, у святле пастаўленага настаўнікам праблемнага пытання; – параўноўваць двух герояў аднаго твора; – рыхтаваць тэзісы вуснага выказвання пра твор ці пра свае адносіны да адлюстраванага ў творы; – вызначаць сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці твора; – знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафару, увасабленне) і тлумачыць іх мастацкую ролю ў тэксце; – рыхтаваць вусныя і пісьмовыя сачыненні з элементамі апавядання, апісання і сачыненні-разважанні (разгорнуты адказ, адказ на пытанне і паведамленне пра героя, апісанне сваіх жыццёвых уражанняў, роздумаў аб розных з’явах жыцця); – даваць вусны водгук на самастойна прачытаны літаратурны твор і на творы іншых відаў мастацтва, выказваючы свае адносіны да герояў і падзей. У аснову пабудовы зместу навучання ў ІХ класе пакладзены гісторыка-храналагічны прынцып. Вучні ІХ класа, як ужо адзначалася, павінны атрымаць уяўленне пра развіццё беларускай літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя. Адначасова гэта звяно літаратурнай адукацыі выступае як пераходнае да заключнага этапу навучання літаратуры.


Не сдавайте скачаную работу преподавателю!
Данный реферат Вы можете использовать для подготовки курсовых проектов.

Поделись с друзьями, за репост + 100 мильонов к студенческой карме :

Пишем реферат самостоятельно:
! Как писать рефераты
Практические рекомендации по написанию студенческих рефератов.
! План реферата Краткий список разделов, отражающий структура и порядок работы над будующим рефератом.
! Введение реферата Вводная часть работы, в которой отражается цель и обозначается список задач.
! Заключение реферата В заключении подводятся итоги, описывается была ли достигнута поставленная цель, каковы результаты.
! Оформление рефератов Методические рекомендации по грамотному оформлению работы по ГОСТ.

Читайте также:
Виды рефератов Какими бывают рефераты по своему назначению и структуре.