Змест
Уводзіны
Глава І. Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры
1.1 Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род
Літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці
Асаблвасці развіцця эпіграмы як літаратурнага жанру
Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры
2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя
2.2 Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі
Заключэнне
Спіс літаратуры
Уводзіны
Дастаткова вялікая колькасць даследчыкаў прысвяцілі свае працы апісанню сутнасці, этапаў станаўлення парадыйнага жанру ў беларускай літаратуры. У гэтай сувязі мэтазгодна назваць некаторыя прозвішчы.
Так, даследчык Літвінава Ю. аналізуе рысы сатыры і гумару ў паэтычных творах Уладзіміра Караткевіча (“Сатыра і гумар у паэзіі Уладзіміра Караткевіча”). Зянько А.І. разглядае сатырычнае на базе дакастрычніцкіх апавяданняў Якуба Коласа (" Сатырычны аркан на злабадзённыя праблемы свайго часу”). Ролю сатырычных твораў у літаратурным працэсе перыяду Вялікай Айчыннай вайны раскрывае літаратуразнаўца Багрова Д. у сваёй працы “Беларуская сатырычная літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны". Літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці аналізуецца і ацэньваецца ў працы Наркевіча А. “Зайздросны талент пераймальніка”.
Плённа займаецца даследваннем жанрава-стылёвых асаблівасцяў беларускай сатырычнай прозы 1920-1930-х гг. даследчык літаратуры, кандыдат філалагічных навук В.Ф. Падстаўленка (“Крывое люстэрка трагедыі: тэндэнцыі развіцця беларускай сатырычнай прозы 1920-1930-х гг. ”).
Праца Шчэрбы С. “Парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" прысвечана раскрыццю сутнасці і асаблівасцяў працэсу парадыявання ў паэзіі і прозе ХХ стагоддзя. Аб’ектам аўтарскай увагі ў дадзенай працы выступаюць творы Ядвігіна Ш., Я. Коласа, К. Крапівы.
У выдавецтве “Ураджай” выйшла “Анталогія беларускай пародыі", якая ўпершыню сабрала пад адной вокладкай пародыі амаль на паўтысячы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Выданне раздзелена на дзве асобныя кнігі: адна змяшчае пародыі на вершы, другая — на прозу. Укладальнік і аўтар прадмовы Анатоль Кудласевіч надзвычай сур’ёзна падышоў да тэмы. Пародыя ў згаданых кнігах разглядаецца не толькі як літаратурны жанр, але і як з’ява жыцця. Пры складанні анталогіі аўтар уключаў па адной лепшай пародыі на аднаго пісьменніка.
Што да беларускай эпіграмы, то яшчэ ў 30-х гадах ХХ стагоддзя быў выдадзены зборнік літаратурных пародый і эпіграм. Сярод яго аўтараў значыліся вядомыя паэты Кандрат Крапіва, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны, Андрэй Александровіч, Цішка Гартны.
Мэтай даследавання нашай курсавой працы з’яўляецца: вылучэнне месца і ролі пародыі і эпіграмы ў беларускай літаратуры.
Адпаведна, перад курсавой работай ставяцца наступныя задачы:
Прааналізаваць літаратуразнаўчыя крыніцы, тэмы якіх прысвечаны
разгляду пародый і эпіграм беларускай літаратуры;
Вызначыць месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры;
Ахарактарызаваць літаратурную пародыю як від мастацтва;
Апісаць парадыйную спадчыну Г. Юрчанкі.
Аб’ектам даследавання выступаюць парадыяванне і эпіграмы.
У якасці прадмета даследавання можна вылучыць парадыйныя творы і эпіграмы пісьменнікаў ХХ стагоддзя.
Глава І. Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры
1.1 Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род
Праблема літаратурных родаў, на думку некаторых даследчыкаў — адна з самых складаных у тэорыі літаратуры. З часоў Арыстоцеля (які першы вылучыў тры асноўныя роды) і да нашага часу сістэма гэтая сістэма перапрацоўвалася (так, напрыклад, з’явіліся ліра-эпічны, ліра-драматычны, мастацка-гістарычны роды літаратуры, а некаторыя даследчыкі вылучаюць яшчэ і сатырычны.
Розныя даследчыкі мінулых стагоддзяў мелі свае погляды на праблему вызначэння месца і ролі сатырычных твораў у літаратуры.
Так, вядомы нямецкі філосаф Георг Гегель пісаў, што звычайныя тэорыі не ведалі, што рабіць з сатыраю, і ім было цяжка вырашыць, да чаго яе аднесці. Бо ў сатыры зусім няма нічога эпічнага, а да лірыкі яна, уласна кажучы сама не падыходзіць" [19; С.93].
Рускі даследчык Пётр Смірноўскі разглядаў сатыру як жанр лірыкі, але заўважаў, што больш мэтазгодна называць сатыраю любы твор, які мае сатырычны характар. Для характарыстыкі іншых жанраў, напрыклад камедыі, ім выкарыстоўваліся паняцці “смешнае", “камічнае". Рускі даследчык Аркадзь Сасніцкі таксама перш-наперш разглядаў сатыру ў дачыненні да лірыкі, між тым ён вызначаў сатыру як адносіны аўтара да жыцця, як “пачуцці” сатырыка.
Такім чынам, мы маем два погляды на сатыру адзін — разгляд яе ў дачыненні да лірыкі (з характарыстыкай астатніх жанраў праз камічнае ці смешнае), і другі — разгляд яе як “пачуццяў", “адносін” аўтара да жыцця, якія праяўляюцца ў відах таго ці іншага жанру.
Калі звяртацца да больш сучасных сістэм, то можна назваць рускага літаратуразнаўцу Барыса Тамашэўскага, які разглядае сатыру ў сувязі з формамі жанру (напрыклад, адной з формаў рамана ён вылучае “сатырычны раман”). Але трэба адзначыць, што тэрмін “форма” даследчык прымяняе і ў дачыненні “малая форма", “вялікая форма". Такая з’ява можа прыводзіць да тэрміналагічнай блытаніны [6; С.110].
Сучасны рускі даследчык Міхаіл Палкін прытрымліваецца думкі, што “від” і “жанр" — тэрміны раўназначныя і ўзаемазамяняльныя. Жанравая спецыфіка, на яго думку, залежыць ад творчага метаду і асаблівасцей таленту пісьменніка. На думку даследчыка, своеасаблівасцю адрозніваюцца, напрыклад, творы пісьменнікаў-сатырыкаў і гумарыстаў.
Даследчык Леанід Цімафееў бачыць у сатыры асаблівую вобразную форму адлюстравання жыцця. І менавіта гэты факт, на думку аўтара, дазваляе вылучыць сатыру ў асобны род літаратуры.
Блізкія да думак Л. Цімафеева і разважанні даследчыка Якава Эльсберга. Па яго словах, сатыра не з’яўляецца ў дакладным сэнсе слова эпасам, бо ў ёй заўсёды адчуваецца прысутнасць сатырыка, да лірыкі яе таксама цалкам аднесці нельга. Урэшце, даследчык прыходзіць да высновы, што сатыра, якая стала самастойным родам літаратуры, разам з тым у кожным са сваіх твораў выяўляе рысы і асаблівасці, якія да вядомай ступені набліжаюць яе да іншых родаў літаратуры, разам з тым, у кожным са сваіх твораў выяўляе рысы і асаблівасці, якія да вядомай ступені набліжаюць яе да іншых родаў літаратуры — то да эпічных, то да лірычных, то да драматычных жанраў.
Існуе ў літаратуразнаўчых крыніцах і канцэпыі Івана Гутарава, які ўключае паняцці “сатыра", “гумар", “сарказм”, “іронія" для характарыстыкі звязаных з гэтымі паняццямі жанраў. У падобным рэчышчы разглядаюць гэтае пытанне Міхась Лазарук і Алена Ленсу ва “Уводзінах у літаратуразнаўства”. Праўда, больш падрабязна яны спыняюцца на такіх паняццях, як іронія і сарказм. А гумар і сатыру згадваюць у сувязі жанрам камедыі.
Сатыру, гумар, іронію, сарказм Іван Волкаў разглядае як тыпы мастацкага зместу. Тып мастацкага зместу, па аўтару, гэта сінтэз устойлівай характэрнасці жыцця, узвядзення яго да ўсеагульнай значнасці, асэнсавання, адзнакі і перастварэння ва ўяўленні пісьменніка.
Такім чынам, падводзячы вынікі ўсяго вышэйсказанага, прадстаўляецца магчымым даць азначэнні некаторым разгледжаным паняццям.
Камічнае — эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае ў мастацтве з’явы, што нясуць у сабе несуадноснасць, алегарычныя супярэчлівасці і гэтак далей, і ацэньвае іх апасродкавана, праз смех. Камічнае мае разнавіднасці: сатыру і гумар. Як бачна, некаторыя даследчыкі побач з сатыраю і гумарам называюць іронію, сарказм.
Іронія ж у сваім першапачатковым змесце — не самі насмешлівыя адносіны да жыцця, а сродак, пры дапамозе якога гэтыя адносіны раскрываюцца. Такім чынам іронія — адзін з тропаў, як і сарказм. Іронія — прыхаваная насмешка. Разнавіднасцю іроніі з’яўляецца сарказм — едкая, знішчальная насмешка. Сатыра і гумар увасабляюцца ў мастацкім творы праз мастацкія прыёмы, паэтычныя тропы: іронію, сарказм, гратэск, каламбур, гіпербалізацыю, парадзіраванне. Каб не парушаць адзінага крытэрыю падзелу на літаратурныя роды, мэтазгодна пакінуць сістэму з трох родаў літаратуры: эпасу, лірыкі, драмы. У такім выпадку сатыра і гумар уключаюцца ў мастацкі твор як пафас і уплываюць на від жанру, на яго асаблівасці. Кожны з родаў літаратуры мае сатырычныя, гумарыстычныя, сатырыка-гумарыстычныя жанры.
Літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці
Літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці мае даўнія традыцыі. Яна была вядома яшчэ ў антычным свеце, у старажытнай Грэцыі. Да нас дайшлі пародыі на вялікага Гамера. У Заходняй Еўропе яна асабліва развівалася ў сярэднія вякі. З ХVІІІ стагоддзя пародыя стала вядома і ў рускай літаратуры. Беларускія пародыі з’явіліся ў нашым стагоддзі і асабліва пашырыліся з развіццём літаратуры ў 20-х гадах. Тады пародыі пісалі М. Хведаровіч, З. Астапенка, Ю. Таўбін, А. Куляшоў. У пасляваенны час з пародыямі выступалі М. Паслядовіч, С. Шушкевіч, М. Скрыпка, Н. Гилевіч, Р. Барадулін, П. Місько. Сапраўднае ж развіццё беларуская пародыя атрымала ў наш час і звязана з імем Георгія Юрчанкі, які зрабіў яе сваім сталым заняткам, прафесійнай справай. У галіне пародыі ён працуе тры з паловай дзесяцігоддзі. Пры яго ўдзеле пародыя трывала прапісалася ў нашай літаратуры, набыла правы грамадзянства.
Існаванне жанру пародыі — адна з істотных прыкмет самастойнасці літаратуры. Пародыя на працягу тысячагоддзяў была яе пастаяннай спадарожніцай [9; С.18].
Надзвычай цікава паглядзець на беларсукую літаратуру з парадыйнага ракурсу, па-новаму прачытаць знаёмыя ўжо творы. Слова “пародыя” перакладаецца з грэчаскай мовы як “навыварат".
Роданачальнікам пародыі лічыцца грэчаскі пісьменнік Гіпанакт (памёр у 530-м годзе да н. э). А ўзнікла пародыя яшчэ раней. Да жанру пародыі звярталіся Шэкспір, Сервантэс, Шылер, Гётэ, Пушкін, Дастаеўскі [7; С.5].
Адна з першых беларускіх пародый — славутая ананімная паэма “Прамова Мялешкі", напісаная ў пачатку ХІХ стагоддзя. У парадыйных паэмах ХІХ стагоддзя “Энеіда навыварат" і “Тарас на Парнасе" востра высмейваюцца прынцыпы класіцыстаў. З гісторыі літаратуры вядома: рамантыкі пісалі пародыі на прадстаўнікоў класіцызму, рэалісты — на рамантыкаў. Пісалі пародыі Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Аркадзь Куляшоў, Мікола Хведаровіч.
Пародыя — самастойная галіна, трывалы камель, крона на магутным ствале літаратуры. Гэта адметны від літаратурнай крытыкі. Яна нараджаецца ад клопатаў за стан літаратуры. Своеасаблівыя яе будовы, склад, гучанне паэтычнага слова. Яна выкарыстоўвала прыёмы, прынцыпы, метады, стыль, жанравыя асаблівасці, мову, граматычны лад таго ці іншага творцы. Пародыя развіваецца тады, калі літаратура дасягае сапраўднай сталасці, калі паспяхова развіваюцца ўсе яе віды і жанры, пра што Г. Юрчанка сказаў у невялікай прадмове-анатацыі да зборніка “Немеладычныя мелодыі”. Па яго меркаванні, галоўнае не ў тым, хто напісаў пародыю, а “галоўнае ж у тым, што гэта сама беларуская літаратура дасягнула такога ўзроўню сталасці і ўзмужнення, што спарадзіла сваю пастаянную і неад’емную спадарожніцу” [10; С.7].
Пародыя адкрывае пісьменніка ў некалькі незвычайным плане. У парадыста даследчыцкі падыход да ідэйна-мастацкіх і стылёвых асаблівасцяў твораў ці ўсёй творчасці пісьменніка. Ён праз павелічальнае школ гумара ці сатыры раскрывае адметнасць індывідуальна-творчага вобліку, аўтарскага почырку. Важныя сродкі пародыі — гіпербала, гратэск. Парадыст імітуе літаратурны твор камічнымі ці сатырычнымі прыёмамі, прымушае пісьменніка выказацца ў адпаведнасці з яго схільнасцямі, густамі, звычкамі, выказацца наперкор яго жаданню гаварыць самакрытычна, схіляе падаваць у перабольшанай форме сваі пралікі, недахопы.
Да паслуг парадыста багаты інструментарый. Гэта і спагадлівая ўсмешка, добразычлівы жарт, і лагодны гумар, мяккая смяшынка, і жартаўлівы намёк, сатырычная шпілька, з’едлівая іронія. Пад удар крытыкі падпадаюць асобныя радкі, няўдалыя творы і нават асобныя кнігі.
Парадысту, безумоўна, патрэбны і веды, і густ, і такт, каб беспамылкова выбраць від зброі і належным чынам яе прымяніць.
Поспехі беларускай літаратуры бясспрэчныя. Але крытыкаваць у ёй ёсць што. У празаікаў часам заўважаецца слізганне па паверхні апісываемых з’яў і працэсаў, празмернае захапленне словатворчасцю, дэалектызмамі, сустракаецца драбнатэм’е, шматслоўе.
У паэтаў можна сустрэць надзвычайную аблегчанасць або, наадварот, залішнюю ўскладненасць, калі за словам губляецца думка. Не вельмі шанцуе ў наш час і байцы. Мала сапраўдных набыткаў у песеннікаў. Нярэдка і ў крытыкаў можна прыкмеціць уяўную глыбакадумнасць. Так што, на думку многіх аўтараў, у сучасных парадыстаў шырокі абсяг дзейнасці.
Па-рознаму ставяцца розныя аўтары да пародыі. Напрылад, быў вельмі задаволены пародыяй на сябе аўтар песні “Бывайце здаровы" Адам Русак. Тарас Хадкевіч прызнаваў, што па стылі пародыя “Апошні хутаранін" лепш за яго прозу. Таксама вядомы такі факт, што старэйшы сучасны беларускі парадыст Георгій Юрчанка ў свой час так удала спарадыраваў Аляксея Русецкага, што той адразу даў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.
Беларускія парадысты па-сяброўску ўсміхаюцца з нейкіх прынцыпаў жыцця. Іх крытыка ў асноўным не бывае злой, абразлівай. Генадзь Бураўкін, прачытаўшы пародыю на сябе, зазначыў, што можна было ўесці і мацней. Добра ставліся да пародый Станіслаў Шушкевіч у “ЛіМе", Сяргей Дзяргай у “Вожыку”, Эрнест Ялугін у газеце “Наша слова.--PAGE_BREAK--
Алесь Адамовіч у свой час зазначыў, што не вельмі прыемна чытаць пародыі на сябе, затое сапраўднае задавальненне — на іншых. Як, напрклад, гэту. Пад назвай “Упоравень з Трусам” на наступныя радкі Міхася Губернатарава:
У яе далонях томік Труса
І газета з вершыкам маім.
Анатоль Зэкаў удала парадыруе:
Гарнуся да дзяўчыны русай -
Няўжо каханнем абміне?
Яна ж гартае томік Труса — І нуль увагі на мяне.
Не знаю, што сказаць пра гэта,
Хіба шапнуць на вушка ёй:
“Ты лепей зазірні ў газету -
Вунь, у куточку, вершык мой.
Хай томіка яшчэ не маю,
Ды рукапіс я здаў у друк.
Калі ж мяне ты пакахаеш,
Пачну пісаць, як Трус Паўлюк.
Беларуская пародыя, такім чынам, сведчыць пра тое, што наша літаратура жыве і развіваецца, а творы пісьменнікаў і паэтаў чытаюцца. Таму пародыі з’яўляюцца рэгулярна. І гэта добра.
Асаблвасці развіцця эпіграмы як літаратурнага жанру
Век у эпіграмы не такі малы. Перш чым стаць літаратурным жанрам, яна мусіла прайсці вялікі гістарычны шлях, каб сцвердзіцца ў той якасці, якую мы мае сёння. Узнікла эпіграма ў Старажытнай Грэцыі прыблізна дзве тысячы васемсот гадоў таму назад. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “эпіграма" азначае “надпіс”. Яна ўзнікла як надпіс (дарункавы ці хвалебны) на трынозе, шчыце, глінянай вазе. Яе паслядоўніцай пасля сталася эпітафія: надпіс на магільным камені. Праца разьбяра на цвёрдым матэрыяле патрабавала і кароткага, лаканічнага тэксту ўвасаблення. І той, хто браўся прыдумваць надпіс, вядома ж, гэта ўлічваў. Паколькі надпіс часцей за ўсё сведчыў толькі сам факт жыццёвага існавання і адыходу з жыцця, то ён быў сціслым і інфармацыйным. Але паступова сцісласць пачала пераходзіць у радкі, якія маглі быць сагрэты і пачуццём любові, добрым чалавечым шкадаваннем, нават досціпам. Гэта дазволіла эпіграме пазней з мемарыяльнага функцыянавання перайсці ў самастойны жанр літаратуры.
Эпіграма паступова багацее новым зместам. Факт саступае месца філасофскаму роздуму над існасцю чалавечага жыцця. Паэт ужо меў магчымасць выказаць сваю адзіную думку як мага арыгінальней, ён імкнуўся надаць асаблівае значэнне канцоўцы. У эпіграме павінна была абавязкова быць нечаканая развязка, соль самой эпіграмы ці па латыні — клаўзула. З цягам часу сам жанр набывае сатырычны адценак, элементы жартоўнага. Добры ўзлёт эпіграма атрымала дзякуючы геніяльнаму Марцыалу.
Трэба, аднак, адзначыць, што шлях эпіграмы не быў гладкім і роўным. Былі ў яе і ўзлёты, і падзенні. Так, з развіццём хрысціянства, з узнікненнем цэркваў і манастыроў “слова божае" пацясніла сатырычную эпіграму і зусім пазбавіла яе існавання.
Другое жыццё эпіграма атрымала дзякуючы пісьменнікам еўрапейскага Адраджэння. Што да беларускай эпіграмы, то яна, як і руская, узнікла значна пазней. Але глеба для яе ўзнікнення была самая выдатная — яе падрыхтаваў сам фальклор.
У народнай прыпеўцы, жарце было заўсёды тое, што і сёння ўласціва эпіграме як літаратурнаму жанру. Гэта — і лаканічнасць, і вастрыня, і дасціпная ўсмешка, а то і падтэкст, які потым атрымаў шырокае распаўсюджванне і ў лірычным жанры.
Наш народ заўсёды славіўся нечаканым вострым словам на самы розны выпадак. Тут варта прывесці толькі некалькі прыкладаў: “Уцёк я тады, каб не ўцёк, то даў бы ім дыху"; “На адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты”; “Гаворыць як у торбу кладзе".
Першы літаратурны вопыт рускай эпіграмы знаходзім у нашага земляка Сімяона Полацкага, запрошанага царом Аляксеем Міхайлавічам на жыхаства ў Маскву. А ўласна беларускія вострыя сатырычныя матывы з элементамі эпіграмічнага прасочваем у ананімнай паэме “Тарас на Парнасе". Але паўнакроўнае літаратурнае жыццё беларускай эпіграмы пачынаецца ад Купалы, Коласа, Багдановіча.
Варта зазначыць, што ў развіцці беларускай эпіграмы заўсёды існавала пэўная стыхійнасць. А адценні яна заўсёды мела і палітычныя, і бытавыя, як таго вымагалі і момант, і жыццё. Сённяшняя эпіграма часта нараджаецца як ржакцыя на нейкі твор, з’яву або недахоп у літаратурным працэсе, як шарж, часта сяброўскі, на самога творцу. А часцей яна ўзнікае як экспромт у нейкім застоллі, у добрай сябрыне ці ў дарозе.
Як не дзіўна, да эпіграм часта звярталіся не толькі слынныя паэты. Вершаванымі жартамі-экспромтамі сыпалі і многія іншыя нашыя славутасці. Вядома, што багата эпіграм трымаюць у сваёй памяці сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, вучоны Ромаш Лядаховіч-Тамілін. Пісалі эпіграмы і празаікі. Многія з нашых паэтаў маглі б пацягнуць на цэлыя зборнікі гэтага жанру. Тут маюцца на ўвазе Рыгор Барадулін, Максім Лужанін, Ніл Гілевіч.
Добрая кніга эпіграм ёсць у літаратурнай спадчыне таленавітага Анатоля Вялюгіна. І яна чакае свайго часу. Таму невыпадкова ўжо даўно выспявала думка аб выданні анталагічнага зборніка беларускай эпіграмы. У іншых краінах такія выданні ўжо даўно прыйшлі да свайго чытача.
У зборнік беларускіх літаратурных эпіграм, які быў выдадзены яшчэ ў 30-я гг. ХХ стагоддзя была ўключана, напрыклад, такая эпіграма Цішкі Гартнага на Міхася Чарота:
Скажы, Марына, сваё слова,
Паведай нам, бо знаць ахвота, -
Ці жджэш яшчэ ты песні новай
І стрэчы новай ад Чарота?
У сучасным зборніку беларускіх эпіграм аўтарамі ўключаныя вядомыя ў шырокіх літаратурных колах эпіграмы, а таксама тыя, што з’явіліся толькі нядаўна на старонках нашага друку. У асобныя раздзелы ў згаданым зборніку вылучана і ўсё тое лепшае з народнага досціпу, што мае эпіграмічны характар.
Такім чынам, у нашым сённяшнім, часта неўладкаваным жыцці, матэрыялу для эпіграмы больш чым дастаткова. Таму, можна пажадаць паспяховага развіцця гэтаму літаратурнаму жанру.
Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры
2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя
На пачатку ХХ стагоддзя парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі вявілася не толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Прыкладам вострай празаічнай пародыі, дзе перададзены водгукі тагачаснай дыскусіі па нацыянальна-палітычных і літаратурных пытаннях паміж прадстаўнікамі прагрэсіўнага і рэакцыйнага чарнасоценнага друку, з’яўляецца апавяданне Ядвігіна Ш. “Пратэст". Напісана яно ў форме адкрытага ліста ў рэдакцыю “Нашай нівы” ад імя вясковых сабак Лыскі, Разбою і Жука. Сабакі выказваюць пратэст супраць таго, што нібыта ў названай газеце часта ўпамінаецца слова “брахня" ў дачыненні да рэакцыйных пісьменнікаў, якія распаўсюджваюць выдумкі і “лгарства" за грошы. Яны не могуць пагадзіцца з гэтым, на іх думку, брэшуць толькі сабакі. Далей аўтары ліста агаворваюцца, што і сярод сабак бываюць правакатары і ляпайлы, але з імі брахуны нічога агульнага не маюць і, у адрозненні ад людзей, з такімі не вітаюцца і грошы такім не плацяць.
Станаўленне парадыявання як спосабу сатырычнай тыпізацыі адбывалася ў ХХ стагоддзі на аснове абвостранага ўспрымання рэчаіснасі, новага сэнсавага напаўнення традыцыйных жанравых формаў, адваротнага тлумачэння асноўнай ідэйнай думкі арыгіналаў. Так, у вершы Якуба Коласа “Малебен” форма малебну напаўняецца іншым сэнсам і зместам. Замест таго, каб услаўляць цара, маліцца за яго здароўе, як патрабуе жанр, сатырык свядома знізіў яго вобраз. Знарок ужываючы простанародную лексіку, паэт дэгераізаваў цара, панізіў “божага памазаніка” да ўзроўню звычайнага чалавека, які робіць не надта прыстойныя рэчы. Асаблівага камічнага эфекту дасягну аўтар дякуючы трапным параўнанням:
Ці ж цар нам патрэбен?
Патрэбен ён, братцы,
Як прус у аладцы,
Як у мосце дзірка,
Як з гразі зацірка,
Як скула балячцы.
Якуб Колас высмеяў самадзержца, у карыкатурным плане паказаў яго “высокую дзейнасць”, у першую чаргу яго знешнюю палітыку, вайну з Японіяй. У канцы верша аўтар фамільярна назваў цара другім і апошнім Міколам, падкрэсліваючы сваю пагарду да яго:
Пануй, Мікалае,
Часіна такая,
Трымайся прастола,
А будзе вас гола.
Закончан малебен,
Ты нам не патрэбен,
Другі і апошні Мікола!
Верш Янкі Купалы “Ісцінна чорнае трыо” напісаны ў форме размовы Дубровіна, Пурышкевіч і Іліядора, вядомых лідэраў чарнасоценнага руху. Форму іх гутаркі аўтар наўмысна напоўніў такім зместам, каб высмеяць таго, хто заўзята праводзіў палітыку вялікадзяржаўнага шавінізму. Так, Дубровін, звяртаючыся да Пурышкевіча, прамаўляе:
Сып, калега, сып “вовсю”!
Цяпер наша жніва, -
Збунтаваную зямлю
Як стой ашчаслівім.
Пад свой чорны ўчэрнім хрэст
Права і законы,
Наш цяпер кірмаш і фэст,
Баль у нас “чырвоны".
Асаблівага росквіту літаратурная пародыя дасягнула ў 1920-я гады, калі ў паэзію прыйшлі Кандрат Крапіва, Паўлк Трус, Андрэй Александровіч [1; С.213].
У парадыйных творах Кандрат Крапіва звяртаўся да літаратурнага жыцця. Так, у вершы “Нібы сатыра на нібы паэму “Гвалт над формай” Міхася Грамыкі, які імкнуўся для новага зместу вынайсці і новую форму, адмаўляючыся ад рэалістычных традыцый літаратуры. Такі літаратурны занятак быў тады модным сярод значнай часткі маладых паэтаў.К. Крапіва высмеяў бессэнсоўную фарматворчасць, фальшывае разуменне сутнасці наватарства:
І без ліку. І без нормы
Лье Грамыка свае формы...
Скінуў порткі й апранаху:
Кій схапіў ды — бух! З размаху:
“Завастрыў” свой востры “меч”
І пачаў ім “формы” сеч.
Пазней, на жаль, пародыя стала сродкам барацьбы супраць многіх пісменнікаў і паэтаў, абвінавачаных у нацыянальным дэмакратызме.
Найбольшага росквіту парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі дасягнула ў 1960-я гг., калі факты літаратуры сталі ўзводзіцца ў ступень грамадскіх з’яў. А росквіт пародыі адбываецца ў перыяды росквіту літаратуры, яе стылістычнага асвяжэння, прытоку новых сілаў. Названы перыяд адзначаны прыходам у літаратуру маладых пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Георгія Юрчанкі і іншых. Развіццю парадыявання таксама садзейнічала нармалізацыя становішча мастацкай крытыкі, развіццё яе разнастайных жанраў.
Расейскі даследчык А. Марозаў вылучыў тры віды літаратурнай пародыі:
Гумарыстычная, ці жартоўная, пародыя, якая адрозніваецца аслабленай накіраванасцю ў адносінах да другога плана, што збліжае яе з камічнай стылізацый і якая займае нейтральную пазіцыю ў адносінах да свайго арыгінала, не імкнучыся яго дэскрэдытаваць;
Сатырычная пародыя, якая вылучаецца дакладнай накіраванасцю супраць прадыяванага аб’екта і займае рэзка крытычную пазіцыю ў адносінах да свайго арыгінала;
Парадыйнае выкарыстанне, якое змяняе сваю накіраванасць і мае пазалітаратурныя мэты.
У літаратараў-шасцідзесятнікаў найбольш пашырана гумарыстычная пародыя і парадыйнае выкарстанне. Напрыклад, у вершы “Кантора” Ніла Гілевіча раскрыццё характараў аналагічнае развіццю падзей у народнай казцы “Дзедава рукавічка". Прадмет сатырычнага высмейвання — амаральнае асяроддзе штату адной канторы. Аўтар адштурхнуўся ад фабулы казкі і стварыў новых герояў: Патап — вялікі хап, Аўдзей — Скубі з людзей, Мікола — круці кола, Мікіта — шыта-крыта, Параска — калі ласка, Абросім — Колькі просім, Міхалка — Папіхалка. Мянушкі герояў выразна вытлумачваюць сутнасць кожнага з іх. Аб’ект парадыявання, зразумела, не народная казка, а менавіта рэчаіснасць, амаральнасць герояў, якая складае норму іх жыцця. У гэтым выпадку мае месца парадыйнае выкарыстанне, таму што аўтар ні ў якай меры не закрануў у сатырычных мэтах самой мастацкай сістэме выкарыстанага твора.
Аналагічны прыём уласцівы і вершам Н. Гілевіча, напісаным у форме замоў: “Замова ад падхалімства", “Замова п’яніцы", “Замова ад тупасці", “Замова ад хабарніцтва". Аб’ект высмейвання ў іх — ганебныя з’явы рэчаснасці. Выкарыстоўваючы стылістычныя прыёмы народнай вершатворчасці, характэрныя для фальклору, аўтар паказаў пэўную адмоўную з’яву знутры, выявіў грамадзянскю сумленнасць і бескампраміснасць сваёй пазіцыі. Так, у замове ад падхалімства” сатырычны вобраз падхаліма створаны пры дапамозе камічнай стылізацыі малітвы і пералічэння забароненых дзеянняў:
Першым разам,
Добрым часам!
Зара-зараніца,
Ранішняя і вячэрняя,
Памажы, царыца,
Чалавеку нікчэмнаму.
Хоць не божы ён — ды раб,
Хоць здароўем не аслаб,
Не ломіць паясніца
І не баляць вантробы, -
Ратуй яго, царыца,
Ад нелюдскай хваробы:
Каб не лізаў так часта
Ён роднаму начальству
Ні наскі, ні пяткі,
Ні ля пупа складкі,
Ні хрыбтовай косці,
Ні сярэдняй часці,
Ні спераду забягаючы,
Ні збоку заглядаючы,
Ні ззаду даганяючы,
Ні знізу падпаўзаючы!
Хай адчуе, што ён чалавек продолжение
--PAGE_BREAK--
Ныне і прысна,
І навек!
Гумарыстычныя пародыі выяўляюць слабасці аргінала, але не адмаўляюць яго. У іх ёсць крытыка, але крытыка добразычлівая. Так, у пародыі “Незацугляны бег" Банадыся Кастрыцы падкрэсліваееца залішняя “залітаратурнасць" стылю верша “Конь незацугляны" Генадзя Бураўкіна:
Мне б с людзьмі пагаманіць
І навокал глянуць, -
Ды, як той віхор, імчыць
Конь незацугляны.
У сучаснай літаратуры пашыраны сатырычныя пародыі, прыкладам якіх з’яўляецца верш “Я за грыбы" Рыгора Барадуліна, напісаны ў форме прамовы ўпаўнаважанага па нарыхтоўцы транспарціроўцы грыбоў. Удала выкарыстоўваючы афіцыйна-справавы стыль прамовы, канцылярызмы, штампы, аўтар вымейвае такія з’явы, як дэмагогія і бюракратызм. Канцылярскі шаблон у творы Рыгора Барадуліна суседнічае з высокім стылем, што стварае камічную сітуацыю.
Такім чынам, парадыяванне як адзін са спосабаў сатырычнай тыпізацы мае ў нашай літаратуры сталую традыцыю. Яго зараджэнне звязана з перыядам барока, а ідэйна-тэматычнае і жанрава-стылёвае ўзбагачэнне пародыі паспяхова адбывалася ў ХІХ — ХХ стагоддзях. Асабліва папулярнымі сталі парадыйныя творы ў другой палове ХХ стагоддзя. Яны ў значнай ступені вызначаюць творочую індывідуаьнасць Ніла Гілевіча, Георгія Юрчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Скоблы і іншых.
2.2 Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі
Аб’ектам гумарыстычных і старырычных твораў Г. Юрчанкі становяцца не толькі адсутнасць значных грамадскіх думак, дробязнасць тэматыкі, надуманасць сюжэтных збудаванняў, неглыбокае пранікненне ў сутнасць жыццёвых працэсаў, але і галдкапіс, штампы, голая рыторыка, моўная эквілібрыстыка, рыфмагонства, цяплічнасць, безаблічнасць, бяскрыласць, другаснасць і інш. Адчуванне агульнага літаратурнага працэсу дазваляе парадысту свабодна пачуваць сябе пры парадзіраванні розных літаратурных жанраў. Парадыст умее закранць тыповыя з’явы, раскрыць іх сэнс, абагульніць. У гэтым яму садзейнічаюць назіральнасць, тонкае адчуванне аўтарскага стылю, дакладнае разуменне індывідуальнасці пісьменніка, уменне пранікнуць у творчую лабараторыю, высветліць псіхалогію творчага працэсу, уменне дасягнуць дзейснага камічнага эфекту. Таму адчуваецца, што за пародыяй стаіць кваліфікаваны майстар, мастак, улюбёны ў сваю справу — паэт-энтузіяст. У яго асобе ўдала спалучаюцца даследчык, пісьменнік і крытык. Парадыст валодае пачуццём гумару. І гумар гэты па-сяброўску шчыры і добразычлівы, хоць можа быць калючым і з’едлівым. Яго пародыі выклікаюць іронію, добры настрой, смех, што называецца да душы.
Даследчык Наркевіч А. Так гаворыць пра парадыяванне Юрчанкі: “Парадыст па-свойму адкрывае аўтара, падае буйным планам яго індывідуальна-творчы воблік і перадае асаблівасці стылю твора настолькі дакладна, трапна, што можна і не пазначаць, на каго напісана пародыя. Вось адзін з такіх урыўкаў: “Раскажу я вам, уюнашы, якія справы мы рабілі ў свой час, аж гула-дрыжала зямля ад спраў тых неспакойных, бунтарных ды геройскіх. Праўда, даўнавата гэта было. Час тады называўся царызмам, паганым царызмам, прападзі ты ропадам. Багатыя ў той час жылі багата, а бедныя — бедна". Хто чытаў М. Лынькова, адразу пазнае яго маладнякоўскую квяцістасць з інверсіямі і паўторамі, чыста лынькоўскі вобразны і рытмічны лад. Дакладна, з лагоднай усмешкай перададзены моўны каларыт [наркевіч;].
Дакладна схоплены і паэтычны тэмперамент П. Панчанкі ў пародыі “Па Пега-а-асах! ”. А каму незнаёма русакоўская песня “Бывайце здаровы! ”. Песня выдатная. І парадыст звярнуў увагу не на вонкавыя прыкметы, а на сутнасць — пэўную тэматычную аднастайнасць песень А. Русака. І зроблена гэта артыстычна, з тонкай мерай жарту і досціпу:
На грэблі дубовай
Дарога заўецца.
Мне сорак гадоў
Адно й тое ж пяецца.
Наогул, чым ярчэй творчая індывідуальнаць аўтара, тым дакладней гучыць і пародыя. Па-майстэрску нязмушаны і лагодны гумар у пародыях на В. Палтаран, М. Ткачова, С. Шушкевіча, А. Русецкага, Т. Бондар, Н. Мацяш. Парадыст пераўвасабляецца ў парадзіруемага, гаворыць за яго, ацэньвае стан рэчаў. Уменнем пераўвасабляцца Г. Юрчанка валодае бездакорна. Вось узор перадачы твора У. Мехава “Патаемнае” з залішнім захапленнем аўтара старой лексікай і прыёмамі пісьма таго часу: “Хто аз есм? — чалавек аз есм. Уладзімеж, отрак Няхамскіх, кліканы Мехаў. Барзо нязнатны, худародны. Аталі ж пацягнула грэшным дзелам на небывальшчыну — занятак дзівачлівы, справу нязнаную, — пісаць” Стрымунку не маю. Цалкам захвоціўся”.
У І. Пташнікава адчуваецца празмерная цяга да дэталізацыі з’яў, якая запавольвае развіццё сюжэта. Г. Юрчанка піша пародыю “Сняжня на павуцці", у якой дзве старонкі заняло паведамленне пра тое, як вераб’ю пашанцавала паласавацца павуком. Добразычлівую ўсмешку выклікае рамантычна-ўзнёслы настрой І. Грамовіча (“Воблакі над авечкамі”): “Воблакі і авечкі. Ці знайсці што больш цудоўнейшае? Дзе воблакі? Яны сабраліся на сінім-сінім полі і плывуць паціхусеньку. Хто іх кліча? Хто прымушае рухацца невядома адкуль, невядома куды і чаго!.. Воблакі на небе. Авечкі на зямлі. Як гэта захапляльна! Гэта хвалюе, непакоіць, зварушліва аддаецца ў самых патаемных кутчках сэрца… ”. З жартоўнай усмешкай прагучалі пародыі на С. Законнікава, Г. Пашкова, І. Сіпакова, Х. Лялько.
Удала перададзена аўтарам сентыментальная туга па юнацкіх прыгодах М. Ракітнага (“Гарадскі сялянчык”), напаўдзіцячыя мроі-ўспаміны А. Васілевіч (“Каханне”), бытавая гаворка са стылізацыяй пад народнасць М. Лобана (“Ілья Шэмет”), студэнцкі энтузіязм І. Навуменкі (“Бульбе не дано загінуць”). У творчасці А. Бажко парадыст заўважыў сюжэтную ўскладненасць (“Моцны вузел”), а ў другім месцы філасофскае “адкрыццё”: “На кожным дрэве пад лісцем — сукі..." і іранічна развіў “знаходку" паэта:
Ішлі гады, праходзілі вякі,
Але, бясспрэчна, першым я прыкмеціў:
На кожным дрэве пад лісцём — сукі
І птушкі спорна гнёзды ўюць у вецці.
Уяўная глабакадумнасць крытыкуецца таксама ў пародыях “На дровы", “Покліч", “Наперад” і інш. Часам у паэзіі сустракаецца надуманы пафас, што таксама не праходзіць незаўважаным: пародыі “Ода пра чыгунок", “Трымай". Ёсць пародыі, накіраваныя супраць прымітывізму: “Вясна”, “Каханне і крупнік”, “Слёзы радасці". Супроць аблегчанага, павярхоўнага падыходу да жыцця скіраваны пародыі “Болей святаў”, “У фінале суму".
Арыгінальна падмечана імкненне адклікацца на розныя кампаніі, заклікі ўладных структур, пра што сведчыць пародыя “Поўная гатоўнасць” М. Калачынскага:
Я слаўлю выкасы, папасы
І пульхнай глебы харашбу.
Я ганю брыцу і макрыцу,
Пырэц, свірэпу і асот.
Адклікнуўся парадыст на захапленне тэхніцызмамі ў паэзіі і прозе, лішкам навуковых, спецыяльных тэрмінаў. Герой пародыі “Паўнакроўнасць" “яшчэ на мінулым тыдні вызначыў памеры зазораў у рубашцы цыліндра і ступень ціску на педаль тормаза пры асінхронным гідрапрыводзе".
Не заўсёды належнай якасці прыгодніцкія творы, і ў пародыі на У. Шыціка “На ўлонні сусвету" парадыст піша пра прыгоды піфпафлётаўцаў на планеце Сымонаўка, на якой яны апынуліся з дапамогай аўтамотаэлектроналёта з пазасветлавой хуткасцю і на якой гераіня “з натугай паклала на плячо лом і стомлена пайшла да кар’ера”. Дэтэктыўная тэма распрацавана ў пародыях на творы П. Кавалёва, А. Капусціна, А. Шышкова.
Сустракаецца легкаважнасць, павярхоўнасць у песенных тэкстах, пра што засведчана ў пародыях на тэксты А. Дзеружынскага, У. Карызны.
Маладыя калі-некалі перабіраюць меру ў апісанні маленства і ледзь не пішуць мемуары пра ўчарашні дзень. Г. Юрчанка гэта тонка адлюстраваў у пародыі “З мемуараў некаторых маладых паэтаў". Здараецца, што не заўсёдыўдаецца мемуарнасць і сталым майстрам (пародыі “Незабыўнае", “Усё ў мінулым”).
Як памятаецца, існуе такое правіла: для дзяце трэба пісаць так, як і для дарослых, толькі яшчэ лепш. Тым не менш, творы для дзяцей нярэдка неглыбокія па задуме, спрошчаныя, з іх востра вытыркае павучальнасць. Парадыст крытыкуе просталінейнасць, знешнюю займальнасць (пародыі “Вянок і вершы", “Выкрыццё”). Супраць сюсюкання скіравана пародыя “Калыханачка". Звышмера ў памяншальна-ласкальнай лексіцы стварае смешную калізію.
Аддаючы належнае таленту, вопыту, моўнаму слыху Я. Скрыгана, парадыст выступае супраць яго некаторых улюбёных форм, якія трапна, праўда, у іншай сітуацыі, назваў скрыганізмамі, супроць падкованы, адукованы, бракованы, апрацованы, усталёванасць. Над захапленнямі дыялектнай лексікай паэт падсмейваецца ў пародыях “Бабкавічы", “Па дарозе ў Стараградак", “Бабровыя ловы".
Аддаючы перавагу памяркоўнаму гумару, парадыст можа быць і з’едліва-вострым, бязлітасна едкім.
Перападае ад яго сябрам па сатырычным цэху. Неяк здрабнела ў апошні час байка. Прытупілася яе вастрыня, адчуваецца коўзанне па паверхні. І з-пад пяра Г. Юрчанк з’явілася байка “Кузьма і штаны". Гэта ўзор антыбайкі, узор, якой байка не мае права быць. Ужо загаловак насцярожвае. І сапраўды, пародыя паведамляе, як праз ранішнюю мітрэнгу “Кузьма Кузьміч, памначканторы" пайшоў на слжбу без штаноў. Сапраўды, якая патрэба пісаць байку да наступнай высновы:
Мараль? Калі выходзіш з хаты,
Не забывай надзець штаны.
У гумарытсычным плане паказваюцца выдаткі крытычнай прадукцыі — акадэмізм, завучоненасць, доўгія разважанні, славесная эквілібрыстыка. Лёгкай усмешкай суправаджаецца захапленне А. Клышкі “белым” вершам, падмечана шматслоўе Д. Бугаёва. Часам парадыст “прымушае" крытыкаў аналізаваць уласныя мастацкія творы (пародыі на М. Барсток, І. Ралько, У. Юрэвіча).
З пародый Г. Юрчанкі вдаць яго дасведчанасць, глыбокая праніклівасць у сутнасць з’яў, уменне дапоўніць творы пісьменніка шматлікімі дэталямі. Так, пералік прадметаў традыцыйнай сялянскай хаты ў пародыі “Вярні-і-ся-а-а!" варты ведаў добра падрыхтаванага этнографа: начоўкі, лазабка, кубел, вушат, цэбар, ступа, грэбень, матавіла, набілкі, бёрда, дзежка, вечка, клёпкі.
Г. Юрчанка напісаў шэраг трапных эпіграм. Лаканічна і дакладна даецца ў іх ацэнка пісьменнікаў, яго творчасці ці літаратурным з’явам. Арыгінальныя мініяцюры на літаратурныя тэмы “Узор байкі", “Узор рэцэнзіі", “Сааўтарам", “Белы верш і папера”.
Парадыст актыўна працуе над словам. Ён нястомны збіральнік моўных самацветаў роднай гаворкі. Гэты прафесійны занятак мовай дапамагае ў працы над пародыямі, дапамагае знайсці самыя тонкія адценні слова. Таму такі шырокі моўны дыяпазон у яго пародыях — мова і вясковай бабулькі, і сталага інтэлігента, і прафесіянала-тэхнара, і вытанчаная паэтычная, і літаратуразнаўчая. Бездакорная моўная чуйнасць дапамагае яму заўважыць недакладна выказаную думку, няўдала ўжытае слова. Нямала рассыпана ў яго пародыях трапных моўных знаходак. Агульнавядомы фразеалагізм махнуць рукой. А пад пяром Г. Юрчанкі коні “на працу махнулі хвастамі". Паэт у яго ходзіць на словапаляванне.
Жанр пародыі, побач са зборам народнай лексікі стаў асноўным заняткам літаратара Г. Юрчанкі. Высокая культура яго творчасці. Ён не пабочны назіральнік, усюды адчуваюцца яго адносіны да напісанага. І яшчэ варта адзначыць яго бескампраміснасць. Пісьменнік не зважае на тытулы, званні, пасады, сяброўства.
Пародыя — жанр ёмісты і зручны. Крытык А. Яскевіч, заклікаючы не баяцца яе насмешлівага вока, пісаў, што парадыст “спрыяе, падказвае часам там, дзе не падкажа сябар, змоўчыць крытык, употай парадуецца зласлівец". Многія адзначылі, што Г. Юрчанка нярэдка пераўзыходзіць арыгіналы, піша лепш, чым парадзіруемыя аўтары. Пародыям яго ўласцівы лаканізм, афарыстычнасць, уменне ў час у патрэбным месцы паставіць кропку. Ён лічыць, што нельга парадзіраваць адзін верш, тым больш страфу ці радок. Трэба імкнуцца ахапіць усю творчасць ці, прынамсі, яе значную частку памерам не меншым за кніжку. А эпіграф у вершаваных пародыях — гэта даніна традыцыі.
З творчасцю Г. Юрчанкі пародыя набыла ў беларускай літаратуры поўныя правы грамадзянства. А гэта немалое дасягненне. Пародыя на танкаўскі белы верш стала, што называецца, хрэстаматыйнай, увайшла ў даведнікі па тэорыі літаратуры. Ва ўсёй працы парадыста заўважаецца неабыякавасць, актыўнае ўмяшанне ў літаратурны працэс. Ён піша не дзеля смеху, а з больш сур’ёзным прыцэлам: каб дапамагчы аўтару пазбавіцца тых ці іншых хібаў. Парадыст сам вызначыў мэту свайго ўдзелу ў літаратурным жыцці:
Каб у будучым літплехаў
На літніве менш было,
Я прайшоў па літагрэхах
Па-сяброўску з літмятлой.
Заключэнне
Прааналізаваўшы літаратуразнаўчую і крытычную інфармацыю, што існуе ў сучаснай літаратуры, а таксама разгледзеўшы працы мастакоў слова ў галіне парадыйнага жанру, можна прыйсці да наступных высноў:
З пункту погляду вызначэння месца сатырычных твораў у сістэме родаў і відаў літаратуры, сатыра і гумар уключаюцца ў мастацкі твор як пафас і уплываюць на від жанру, на яго асаблівасці. Кожны з родаў літаратуры мае сатырычныя, гумарыстычныя, сатырыка-гумарыстычныя жанры.
Парадыяванне як адзін са спосабаў сатырычнай тыпізацы мае ў нашай літаратуры сталую традыцыю. Яго зараджэнне звязана з перыядам барока, а ідэйна-тэматычнае і жанрава-стылёвае ўзбагачэнне пародыі паспяхова адбывалася ў ХІХ — ХХ стагоддзях. Асабліва папулярнымі сталі парадыйныя творы ў другой палове ХХ стагоддзя. Яны ў значнай ступені вызначаюць творочую індывідуальнасць Ніла Гілевіча, Георгія Юрчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Скоблы і іншых.
Асаблівасцю беларускай эпіграмы стала тое, што развівалася яна значна пазней за еўрапейскую і рускую і ў адрозненні ад іх брала свій пачатак з вуснай народнай творчасці. У галіне эпіграмы плённа працавалі такія мастакі слова як Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Максім Лужанін, Ніл Гілевіч і інш.
Сваю творчую дзейнасць цалкам прысвяціў пародыі Г. Юрчанка. Пародыям яго ўласцівы лаканізм, афарыстычнасць, уменне ў час у патрэбным месцы паставіць кропку. Ён лічыць, што нельга парадзіраваць адзін верш, тым больш страфу ці радок. Трэба імкнуцца ахапіць усю творчасць ці, прынамсі, яе значную частку памерам не меншым за кніжку. Акрамя таго, многія даследчыкі заўважаюць, што часам пародыі Г. Юрчанкі аказваюцца больш таленавітымі, чым арыгіналы.
Спіс літаратуры
Арочка М. Паэзія сатырычнага складу // М. Арочка, Полымя. — 1969. — №5. — с. 209 — 217.
Багрова Д. Беларуская сатырычная літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны // Полымя. — 1956. — №9. — С.128 — 137.
Вашко П. Аповед пра Сатуры, альбо адкуль да нас прыйшла сатыра // П. Вашко, Роднае слова. — 1996. — №3. — С.43.
Вашко П. “Жартаўлівая сатыра або што такое гумар…”. Тэорыя сатыры і гумару // П. Вашко, Роднае слова. — 1996. — №10. — С.42 — 47.
Гілевіч Н. Смех злосны, добры і …ніякі. Думкі аб сучасным стане сатыры і гумару. — У кн.: Вобразы. Літ. — крыт. артыкулы. — Мн.: Мастацкая літаратура, — 1980. — С.74 — 84.
Даніліна І.Л. Прыметы, віды і роды камічнага як мастацкая з’ява // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2008. — №1. — С.109 — 112.
Запольская Т. Слова пра беларускую пародыю // Беларускі час. — 2001. — 1 чэрвеня. — С.5.
Зянько А.І. Сатырычны аркан на злабадзённыя праблемы свайго часу. Дакастрычніцкія апавяданні Якуба Коласа // Бел. литература и мировой литературный процесс. — Полоцк. — 2007. — С.166.
Літвінава Ю. Сатыра і гумар у паэзіі Уладзіміра Караткевіча // Роднае слова. — 2006. — №12. — С.18-20.
Наркевіч А. Зайздросны талент пераймальніка (літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці) // ЛіМ. — 1996. — 7 чэрвеня. — №23. — С.6-7.
Падстаўленка В. Крывое люстэрка трагедыі: тэндэнцыі развіцця беларускай сатырычнай прозы 1920-1930-х гадах // В Падстаўленка, Роднае слова. — 2005. — №2, — С.10 — 12.
Сатырычныя творы новай беларускай літаратуры ў сістэме родаў і відаў // М.І. Яніцкі. — Брэст, БрДУ. — 2005. — С.93-97.
Ткачова П. Сатыра і гумар у сістэме родаў, жанраў, відаў літаратуры // Роднае слова. — 1998. — №7. — С.23-28.
Усікаў Я. Маштабнасць сатырычных характараў. У кн.: Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. — Мн.: “Маст. літ”, — 1976. — С.241 — 259.
Фролов В. Очистительное пламя сатиры: Советская сатирическая комедия: заметки и размышления о жанре // Неман, — 1977, — №6, — С.166 — 179.
Шчэрба С. Парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя // Роднае слова, — 2002, — №10, — С.18-20.
Шчэрба С.М. Станаўленне сатырычнай плыні ў беларускай літаратуры ў кантэксце суседніх славянскай культуры. — У кн.: Праблемы сучаснай беларусікі, — Брэст, — 1999. — С.30-32.
Шчэрба С.М. Вершаваная сатыра // Матэрыялы навуковай канферэнцыі. Сучасныя праблемы беларусістыкі. — Брэсцкі Дзяржаўны ун-т. — 2000. — С.63 — 66.
Яніцкі М. Малыя формы сатырычнай паэзіі ў польскамоўнай плыні новай беларускай літаратуры // Матэрыялы навуковай канферэнцыі. Сучасныя праблемы беларусістыкі. — Брэсцкі Дзяржаўны ун-т. — 2000. — С.79 — 82.