Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыіІ. М. ГоўзічІ. Л. Шаўлякова-БарзенкаШУКАЕМ ШЭДЭЎРЫ!..Вопыты літаратурных даследаванняўВучэбная праграма факультатыўных заняткаў для ХІ класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучанняМінск, 2010ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА Паводле канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”, на заключным этапе навучання літаратуры вялікае значэнне маюць актуалізацыя і сістэматызацыя папярэдне набытых ведаў: “Вучні павінны не толькі правільна ацэньваць канкрэтныя творы, але і характарызаваць іх у кантэксце гістарычнага развіцця культуры, мастацтва свайго народа і чалавецтва ў цэлым, умець суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі этапамі, перыядамі развіцця сусветнай літаратуры, з мастацкімі напрамкамі”. Гэта дазваляе засяроджваць увагу вучняў на спасціжэнні мастацкага твора ці творчасці пісьменніка ў культуралагічным і літаратурным кантэкстах. Адной з адметных тэндэнцый сучаснай адукацыйнай парадыгмы становіцца відавочная інтэнсіфікацыя працэсу ўключэння вучняў у актыўную пазнавальную дзейнасць. Навучанне літаратуры ў ІХ – ХІ класах грунтуецца, як вядома, на самастойным чытанні вучнямі мастацкіх твораў, крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў як абавязковай перадумовы аналітычнай работы ў класе. На заключным этапе літаратурнай адукацыі вялікая ўвага аддаецца выкананню творчых і даследчых работ: яны з’яўляюцца адначасова і сродкам кантролю, і паказчыкам творчага і інтэлектуальнага развіцця асобы. Вучоныя, метадысты, педагогі-практыкі сёння ўсё часцей гавораць пра тое, што даследаванне можа быць актуалізаванае і арганізаванае на ўсіх этапах навучання літаратуры: “…пэўныя элементы даследчага падыходу школьнікі павінны засвойваць у дзіцячым і падлеткавым узросце, тады больш рэальным будзе ўздым да вышэйшага ўзроўню творчай самастойнасці” (Е. А. Гінгель). Даследчы падыход у навучанні дазваляе знаёміць вучняў з метадамі навуковага пазнання, спрыяе фарміраванню ў іх навуковага светапогляду, глыбокіх, трывалых, “дзейсных” ведаў, развівае мысленне, пазнавальную самастойнасць. Пад даследчай дзейнасцю вучня па літаратуры маецца на ўвазе яго мэтаскіраванае ўзаемадзеянне з літаратурным творам, у выніку якога спасцігаюцца заканамернасці структуры тэксту, эстэтычны сэнс твора, акрэсліваюцца “спосабы чытання”, што, у сваю чаргу, вядзе да ўзбагачэння эстэтычнага вопыту. Даследчая дзейнасць «уключае вучня-чытача ў дыялог з “вялікай” навукай – літаратуразнаўствам, культуралогіяй, эстэтыкай» (С. П. Лаўлінскі). Прычым размова пра сапраўднае даследаванне можа ісці толькі тады, калі вучань вырашае задачы з невядомым папярэдне “адказам”. Што тычыцца адзінаццацікласнікаў, даследчая дзейнасць па літаратуры павінна быць скіраваная не столькі на непасрэдную падрыхтоўку іх да меркаванага паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову (хоць нельга зусім не браць пад увагу значэнне літаратурна-даследчага вопыту ў сітуацыі, калі выпускнік мусіць вызначацца з выбарам прафесіі), колькі на стварэнне ўмоў для самаразвіцця і самасцвярджэння вучняў. Даследчая работа па літаратуры прывучае старшакласніка да самастойнай працы з тэкстам, узбагачае яго чытацкі вопыт, дапамагае фарміраваць самасвядомасць, пазіцыю зацікаўленага ўдзелу ў пазнавальнай і творчай працы ўвогуле і на ўроках літаратуры ў прыватнасці.Мэта факультатыўных заняткаў “Шукаем шэдэўры!..: Вопыты літаратурных даследаванняў” – дапамагчы вучням абагульніць і сістэматызаваць веды па літаратуры, замацаваць і паглыбіць уменні працаваць з мастацкімі, літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і іншымі тэкстамі, пазнаёміць старшакласнікаў з разнастайнымі прыёмамі самастойнага спасціжэння мастацтва слова. Дасягненне акрэсленай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач: – працягваць фарміраваць кампетэнцыі вучняў: літаратурную (сістэматызаваць веды пра літаратуру як цэласнасць, прадстаўленую ў выглядзе паняццяў і спосабаў дзейнасці), культуралагічную (узбагаціць уяўленні пра літаратуру як пра сацыякультурны феномен), камунікатыўную (выпрацоўваць уменні і навыкі рэпрэзентацыі вынікаў даследчай дзейнасці); – фарміраваць навыкі свабоднага аперыравання тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і тэрмінамі ў працэсе аналізу мастацкіх твораў; – працягваць фарміраваць навыкі самастойнай працы з навуковай літаратурай, слоўнікамі, даведнікамі, дакументамі і г. д.; – фарміраваць агульныя даследчыя ўменні і навыкі (выяўленне і пастаноўка праблемы; фармуляванне гіпотэзы; планаванне і распрацоўка гіпотэзы даследчых дзеянняў; збор інфармацыі – назапашванне фактаў, назіранняў, доказаў; аналіз і сінтэз сабранай інфармацыі; пераасэнсаванне вынікаў даследавання падчас адказаў на пытанні; праверка гіпотэзы; фармуляванне высноў і да т. п.); – фарміраваць уменні і навыкі стварэння ўласных навукова-даследчых работ (рэфератаў, дакладаў, даследчых праектаў); – спрыяць фарміраванню грамадзянскай, маральна-этычнай пазіцыі вучняў; – развіваць літаратурна-творчыя здольнасці вучняў; – стымуляваць цікавасць вучняў да самастойнай даследчай дзейнасці. Прапанаваная праграма факультатыўных заняткаў прадугледжвае не толькі тэарэтычную частку, якая знаёміць вучняў з этапамі навукова-даследчай працы, відамі і метадамі навуковага даследавання, але і практычную, скіраваную на актывізацыю і ўдасканаленне літаратурна-творчых здольнасцей старшакласнікаў, выпрацоўку ўменняў і навыкаў навукова-даследчай дзейнасці, развіццё іх камунікатыўнай культуры. Змест праграмы часткова заснаваны на выкарыстанні раней атрыманых на ўроках беларускай і рускай мовы ведаў пра тэкст, тыпы і стылі мовы, іх асаблівасці, а таксама мае на ўвазе актуалізацыю ведаў, атрыманых падчас вывучэння прадметаў “Руская літаратура”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва” і інш. Мэтазгодным на факультатыўных занятках бачыцца спалучэнне розных формаў працы: лекцый, семінараў, круглых сталоў, вучнёўскіх канферэнцый і інш. Асноўнымі метадамі і прыёмамі навучання з’яўляюцца: лекцыя настаўніка; эўрыстычная гутарка па праблемных пытаннях; тэматычнае, праблемнае, гісторыка-літаратурнае, тэарэтыка-літаратурнае параўнанне твораў; параўнанне некалькіх пунктаў гледжання на твор, абгрунтаванне вучнем уласнай ацэнкі твора; параўнанне літаратурнага твора з яго інтэрпрэтацыямі ў іншых відах мастацтва; самастойная праца вучняў з мастацкімі творамі, навуковай і крытычнай літаратурай і інш. На факультатыўных занятках, звязаных з рэалізацыяй даследчага падыходу ў навучанні, відавочна змяняецца характар узаемаадносін настаўніка і вучняў. На думку спецыялістаў, добра падрыхтаваны “даследчыцкі дыялог” становіцца трывалым грунтам для напісання самастойнай даследчай работы і ўдалай прэзентацыі яе вынікаў (напрыклад, на вучнёўскай навуковай канферэнцыі). У залежнасці ад колькасці вучняў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі, настаўнік можа спалучаць індывідуальныя “навуковыя” кансультацыі з групавой і калектыўнай работай вучняў. Звяртаем увагу настаўнікаў на тое, што ў змесце вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Шукаем шэдэўры!..” складальнікі імкнуліся як мага больш поўна прадставіць спецыфіку арганізацыі даследчай работы па літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе. Суадносячы прапанаваны змест з канкрэтнай адукацыйнай сітуацыяй, настаўнік можа сканцэнтравацца на тых тэмах, тым матэрыяле, што ў найбольшай ступені адпавядаюць яго прафесійным зацікаўленням, інтарэсам, а таксама ўзроўню падрыхтаванасці вучняў. Так, настаўнік можа пераразмеркаваць колькасць гадзін, неабходных для засваення і адпрацоўкі на практыцы матэрыялу канкрэтнай тэмы. У якасці выніковага праекта прапануецца стварэнне зборніка навукова-даследчых работ па літаратуры. Аднак настаўнік разам з вучнямі можа аддаць перавагу іншаму праекту. Колькасць гадзін на правядзенне выніковай навукова-практычнай канферэнцыі можа быць павялічана – у залежнасці ад колькасці планаваных удзельнікаў. Пры магчымасці на канферэнцыю варта запрасіць літаратуразнаўцаў, крытыкаў, краязнаўцаў, выкладчыкаў філалагічных факультэтаў ВНУ, супрацоўнікаў літаратурна-мастацкіх выданняў альбо выдавецтваў: іх удзел у вучнёўскім навуковым форуме будзе надзвычай карысным для адзінаццацікласнікаў – патэнцыяльных студэнтаў, частка якіх, магчыма, звяжа жыццё з прафесійнай навуковай ці літаратурнай дзейнасцю.^ Змест праграмыУводзіны (2 гадзіны) Прадмет і задачы факультатыўных заняткаў. Сутнасць навукова-даследчай дзейнасці, яе віды: інфармацыйна-рэфератыўны, праблемна-рэфератыўны, апісальны і даследчы. Характарыстыка вучэбна-лагічных уменняў як інструментаў пазнання: аналіз і сінтэз, параўнанне, абагульненне, вызначэнне паняццяў, доказ, вызначэнне і вырашэнне праблем. Азнаямленне з агульнанавуковымі метадамі даследавання: назіранне, параўнанне, падлік (статыстычны метад), эксперымент, абагульненне, індукцыя і дэдукцыя, аналогія і інш. Пачатковае паняцце пра метады літаратуразнаўчага даследавання: біяграфічны, параўнальна-гістарычны, герменеўтычны і інш.Практыкум. Анкетаванне, скіраванае на выяўленне чытацкіх і даследчыцкіх інтарэсаў вучняў.^ Этапы даследчай дзейнасці (2 гадзіны) Дыягнастычны, прагнастычны, арганізацыйны этапы даследчай дзейнасці. Агульная характарыстыка этапаў даследчай дзейнасці: выбар тэмы; вызначэнне мэт, задач, аб’екта і прадмета даследавання; збор інфармацыі, складанне бібліяграфіі; запіс, перапрацоўка і сістэматызацыя матэрыялу; напісанне плана (тэзісаў) работы; напісанне навукова-даследчай работы; падрыхтоўка вывадаў і абагульненняў; рэдагаванне тэксту, прагназаванне найбольш верагодных пытанняў і адказаў на іх; публічнае выступленне.Практыкум. Творчая сустрэча (майстар-клас, круглы стол) з крытыкамі, літаратуразнаўцамі, спецыялістамі ў галіне літаратурнага краязнаўства.^ Тэма, мэты, задачы, прадмет і аб’ект даследавання (2 гадзіны)Тэма даследавання, яе віды: інфармацыйна-рэфератыўныя, праблемна-рэфератыўныя, праблемныя, абагульняльныя, даследчыя. Патрабаванні да тэмы: актуальнасць, навуковасць, праблемнасць, дакладнасць, арыгінальнасць. Мэта даследавання, патрабаванні да яе (адпаведнасць тэме, навуковасць, актуальнасць, удакладняльны характар у дачыненні да тэмы). Задачы навуковага даследавання (канкрэтызацыя, дэталізацыя і падзел мэты на састаўныя элементы). Паняцці “аб’ект” і “прадмет” даследавання.Практыкум. Праца над тэмай даследавання. Фармулёўка мэты і задач даследавання. Вызначэнне аб’екта і прадмета даследавання.^ Асноўныя віды навукова-даследчых работ па літаратуры (1 гадзіна) Агульная характарыстыка асноўных відаў даследчых работ па літаратуры. Навуковы артыкул, рэферат, даклад, праект.Практыкум. Знаёмства з узорамі навукова-даследчых работ па літаратуры.^ Збор інфармацыі па тэме даследавання (5 гадзін)Крыніцы інфармацыі і іх віды. Бібліяграфічныя даведнікі і часопісы. Электронныя бібліяграфічныя сродкі. Віды навуковых выданняў: навуковыя, навукова-папулярныя кнігі, манаграфіі, зборнікі навуковых артыкулаў, тэзісаў, матэрыялаў, дапаможнікі і падручнікі, навуковыя перыядычныя выданні, даведачная літаратура: энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі і інш.^ Работа з навуковай літаратурай як адзін з этапаў даследавання. Папярэдняе знаёмства з навуковай кнігай. Загаловак, падзагаловак і іх роля. Структурныя кампаненты навуковай кнігі: анатацыя, змест, уступ, заключэнне, дадаткі. Алгарытмы вывучэння навуковай літаратуры (кнігі, артыкула): прагляд, першаснае чытанне, складанне плана тэксту, паўторнае чытанне. Формы запісу: цытаты, тэзісы, канспект. Цытаты (выпіскі з крыніцы інфармацыі, пададзеныя словамі аўтара). Афармленне цытат (выкарыстанне, па магчымасці, закончаных частак, дакладнасць, захаванне аўтарскіх графічных вылучэнняў, афармленне з дапамогай двукосся, указанне крыніцы і інш.).Тэзісы (палажэнні, якія сцісла перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула). Простыя і складаныя, кароткія і разгорнутыя, тэкстуальныя і вольныя тэзісы. Канспект (перадача зместу тэксту ў лагічнай сістэме абгрунтаваных вывадаў). Віды канспекта – тэкстуальныя, вольныя, змешаныя. Алгарытмы напісання тэзісаў і канспектаў. Практыкум. Праца з навуковай літаратурай. Збор і абагульненне інфармацыі па абранай тэме даследавання.^ Структура навукова-даследчых работ па літаратуры (3 гадзіны) Кампазіцыя навуковай работы: уступ, асноўная частка, заключэнне, спіс літаратуры, дадаткі (схемы, табліцы, ілюстрацыі, мультымедыйныя прэзентацыі і інш.).Уступ, яго прызначэнне і структура (фармулёўка сутнасці абранай для даследавання праблемы, яе значнасць і актуальнасць; вызначэнне мэты, задач, аб’екта і прадмета даследавання; агульны аналіз выкарыстанай літаратуры; сціслы выклад структуры работы і ўказанне поўнага аб’ёму даследавання ў старонках). Віды ўступаў (біяграфічны, гістарычны, аналітычны, параўнальны).^ Асноўная частка, яе структура (раздзелы, у якіх паступова раскрываецца тэма, разглядаюцца яе пэўныя аспекты, выбудоўваецца сістэма доказаў). Віды доказаў (інфармацыйна-спасылачныя – цытаванне, лічбы, факты, азначэнні; лагічныя; эмацыйныя). Парадак размяшчэння раздзелаў: храналагічны, тэматычны, па прынцыпе параўнання або кантрасту, дэдуктыўны, індуктыўны, праблемны. Заключэнне (вывады, высновы) – кароткі выклад сутнасці вынікаў даследчай работы, фармулёўка магчымых перспектыў, далейшых кірункаў даследавання абранай тэмы. Адпаведнасць колькасці і зместу пунктаў заключэння задачам і зместу самой работы.Спіс літаратуры.Дадаткі, іх віды.Практыкум. Складанне плана навукова-даследчай работы.Афармленне навукова-даследчых работ (2 гадзіны) Спецыфіка навуковага стылю: дакладнасць, лагічнасць, доказнасць, лаканічнасць; маналагічная форма выказвання; ужыванне навуковых тэрмінаў; складаныя сказы, уводныя канструкцыі, канструкцыі з умоўна-выніковымі, прычыннымі адносінамі; выкарыстанне безасабовых формаў, займенніка “мы” і г. д. Афармленне тытульнага ліста, зместу, бібліяграфіі, спіса ўмоўных скарачэнняў. Афармленне і размяшчэнне дадаткаў; спасылкі на іх у тэксце работы.Практыкум. Рэдагаванне гатовых рэфератаў і дакладаў.^ Рэферат як від даследчай работы па літаратуры (4 гадзіны)Рэферат – кароткая перадача зместу адной ці некалькіх крыніц (кніг, артыкулаў, дакументаў) з уключэннем асноўных фактычных звестак і вывадаў. Віды (па адной або некалькіх крыніцах; прысвечаныя пытанням гісторыі і тэорыі літаратуры), структура рэферата. Патрабаванні да рэферата (дакладнасць і аб’ектыўнасць перадачы зместу крыніцы, паўната адлюстравання асноўных элементаў, даступнасць). Алгарытм напісання рэферата. Крытэрыі ацэнкі якасці рэферата: актуальнасць тэмы і зместу, высокі тэарэтычны ўзровень, глыбіня і паўната аналізу тэмы; інфармацыйная насычанасць, навізна, арыгінальнасць выкладу матэрыялу; структурная арганізаванасць, лагічнасць, граматычная дакладнасць і стылістычная выразнасць; пераканаўчасць, аргументаванасць, практычная значнасць і тэарэтычная абгрунтаванасць высноў. Практыкум. Напісанне рэферата на абраную тэму.^ Даклад – від самастойнай навукова-даследчай работы (5 гадзін)Даклад – від самастойнай навукова-даследчай работы, у якім аўтар раскрывае сутнасць праблемы даследавання з выкарыстаннем розных пунктаў гледжання на яе, а таксама ўласных ацэнак і назіранняў. Адрозненне даклада ад рэферата. Акадэмічны стыль даклада. Віды (праблемны, абагульняльны, параўнальны, даследчы), структура даклада. Патрабаванні да даклада (актуальнасць тэмы; змястоўнасць, глыбіня як адлюстраванне якасці ўспрымання і разумення праблемы; дакладнасць; самастойнасць высноў і палажэнняў). Алгарытм напісання даклада. Крытэрыі ацэнкі якасці даклада: ступень вырашанасці пастаўленых задач; арыгінальнасць падыходаў да вырашэння задач; уменне карыстацца спецыяльнай літаратурай; здольнасць да самастойнай навукова-даследчай працы; пісьменнасць; выразнасць і вобразнасць мовы; кампазіцыйная стройнасць і логіка пабудовы даклада; аргументаванасць і пераканаўчасць вывадаў.Практыкум. Напісанне даклада на абраную тэму.Даследчы праект як від літаратурнай дзейнасці вучняў (5 гадзін)^ Даследчы праект, яго віды. Этапы працы над праектам: падрыхтоўка – вызначэнне мэты і задач праекта; планаванне – выпрацоўка плана работы, вызначэнне крыніц, спосабы збору і аналізу інфармацыі, выбар формаў справаздачы і размеркаванне абавязкаў; даследаванне – назапашванне інфармацыі, праца з літаратурай, чытанне і аналіз тэксту; аналіз інфармацыі – афармленне заданняў, фармулёўка высноў; прэзентацыя – справаздача з абаронай (часопісы, альманахі, прэзентацыі, відэафільмы і інш.); ацэнка і рэфлексія – падвядзенне вынікаў, фармулёўка высноў. Патрабаванні да праектаў: наяўнасць праблемы; практычная, пазнавальная, навуковая значнасць вынікаў; самастойная (індывідуальная, парная, групавая) дзейнасць вучняў; выкарыстанне даследчых метадаў: вызначэнне праблемы, мэты і задач даследавання, фармулёўка гіпотэзы іх дасягнення і вырашэння, аналіз дадзеных, падвядзенне вынікаў.Практыкум. Стварэнне зборніка навукова-даследчых работ “Алхімія слова – ХХІ”.^ Навукова-практычная канферэнцыя (4 гадзіны) Падрыхтоўка да канферэнцыі: стварэнне аргкамітэта канферэнцыі; размеркаванне абавязкаў; складанне праграмы, інфармацыйнага пісьма, прэс-рэліза канферэнцыі; папярэдняе абмеркаванне прапанаваных для канферэнцыі дакладаў. Правядзенне вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі “Сусвет мастацкага слова: у пошуках шэдэўраў”: – выступленні ўдзельнікаў з навукова-даследчымі работамі (лепшыя рэфераты, даклады); – прэзентацыя зборніка навукова-даследчых работ “Алхімія слова – ХХІ”; – круглы стол (абмеркаванне найбольш актуальных ці найбольш спрэчных тэм, дакладаў, праблем, агучаных у дакладах выступоўцаў); – падвядзенне вынікаў канферэнцыі (вызначэнне лепшых выступленняў; узнагароджанне іх аўтараў дыпломамі) і працы на факультатыўных занятках.^ Прагназуемыя вынікі У выніку працы на факультатыўных занятках вучні павінны ведаць: – змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт, кампазіцыю, выяўленчыя сродкі, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне структурных кампанентаў твораў, якія імі даследуюцца; – змест літаратурна-крытычных, літаратуразнаўчых, іншых тэкстаў, да якіх яны звяртаюцца ў працэсе падрыхтоўкі розных відаў навукова-даследчых работ, іх значэнне ў сучасным літаратурным працэсе; – асноўныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, крытыкаў, творчасць якіх становіцца прадметам даследавання вучняў на факультатыўных занятках; – тэарэтыка-літаратурныя паняцці і тэрміны, неабходныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі літаратурных твораў як мастацкай цэласнасці; – важнейшыя асаблівасці развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. у суаднясенні з развіццём сусветнага мастацтва слова; – асноўныя паняцці, звязаныя з навукова-даследчай дзейнасцю (яе сутнасцю, асаблівасцямі арганізацыі, спецыфікай афармлення і прадстаўлення вынікаў і г. д.); – змястоўныя і структурныя асаблівасці рэферата, даклада, даследчага праекта як асноўных відаў навукова-даследчай дзейнасці па літаратуры ў агульнаадукацыйных установах. У працэсе авалодання ведамі выпрацоўваюцца наступныя ўменні вучняў: – успрымаць мастацкі твор як цэласнасць, вызначаць і характарызаваць асноўныя кампаненты яго зместу і формы; – даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе, выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылёвыя асаблівасці твораў; – суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы; – суадносіць канкрэтныя з’явы беларускай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу; – свабодна аперыраваць пры аналізе мастацкіх твораў тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і тэрмінамі; – рыхтаваць рэфераты, даклады, даследчыя праекты па літаратуры, правільна іх афармляць; – рэпрэзентаваць вынікі самастойных даследаванняў (падчас выступленняў на канферэнцыях, семінарах і г. д.), рыхтаваць іх для публікацыі. У вучняў ХІ класа павінны сфарміравацца адпаведныя ўзросту і ўзроўню чытацкага развіцця навыкі: – абагульнення, сістэматызацыі і супастаўлення літаратурнага матэрыялу; – параўнання літаратурных твораў з творамі іншых відаў мастацтва (жывапісу, музыкі, тэатра і інш.); – працы з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па абранай тэме даследавання.Такім чынам, у выніку працы на факультатыўных занятках “Шукаем шэдэўры!..: Вопыты літаратурных даследаванняў” вучань набывае вопыт самастойнай даследчай дзейнасці, становіцца аўтарам па меншай меры адной навукова-даследчай работы. Пашыраецца літаратурная, камунікатыўная кампетэнтнасць, узбагачаецца агульная культура асобы вучня, з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для яго самарэалізацыі і далейшага самаразвіцця.ЛітаратураАсноўнаяБондаревский, В. Б. Воспитание интереса к знаниям и потребности к самообразованию : книга для учителя / В. Б. Бондаревский. – М. : Просвещение, 1985. – 44 с.Дереклеева, Н. И. Научно-исследовательская работа в школе / Н. И. Дереклеева. – М. : Вербум-М., 2001. – 46 с.Ишкова, Л. В. Формирование исследовательской культуры : (метод. рекомендации организаторам науч.-исслед. работы в довуз. подгот.) / Л. В. Ишкова. – Новокузнецк : Изд-во ИПК, 1997. – 35 с. Качурин, М. Г. Организация исследовательской деятельности учащихся на уроках литературы : книга для учителя / М. Г. Качурин. – М. : Просвещение, 1988. – 173 с. Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе : новыя падыходы і тэндэнцыі : зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Бельскі; рэдкал.: Г. У. Пальчык [і інш.]. – Мінск : НІА, 2008. – 228 с.Методико-литературный Интернет-сервер “Урок литературы” [Электронный ресурс]. – 2004. – Режим доступа : http//www.mils.fobr.ru. – Дата доступа : 28.05.2009.Нинбург, Е. А. Выполнение и оформление самостоятельной исследовательской работы / Е. А. Нинбург. – Л. : Ленуприздат, 1991. – 35 с.Рагойша, В. Тэорыя лiтаратуры ў тэрмiнах : дапаможнік / В. Рагойша. – Мiнск : БелЭн, 2001. – 384 с.Рагойша, В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік : тэрміны і паняцці : для школьнікаў і абітурыентаў / В. П. Рагойша. – Мiнск : Нар. асвета, 2009. – 303 с.Рященко, И. Р. Основы научно-педагогического исследования : пособие по написанию и оформлению исследования / И. Р. Рященко. – Томск : Том. гос. пед. ун-т., 1999. – 43 с. Сергеев, Н. К. Особенности организации и содержания научно-исследовательской деятельности / Н. К. Сергеев. – М. : Просвещение, 1993. – 46 с.ДадатковаяАйзерман, Л. Жаркий июнь 2006-го, или Последний месяц моего пятьдесят четвертого учительского года (Из записок словесника) / Л. Айзерман // Литература в школе. – 2007. – № 2. – С. 26 – 30.Алексеев, Н. Г. Концепция развития исследовательской деятельности учащихся / Н. Г. Алексеев, А. В. Леонтович, А. С. Обухов, Л. Ф. Фомина // Исследовательская работа школьников. – 2002. – №№ 1, 2.Баклицкая, Е. Р. Умения и навыки исследовательского изыскания / Е. Р. Баклицкая // Завуч. – 2000. – № 2. – С. 113 – 122.Белых, С. Л. Управление исследовательской активностью ученика : метод. пособие для педагогов средних школ, гимназий, лицеев / под ред. А. С. Обухова; С. Л. Белых // Исследовательская работа школьников. – 2007. – 56 с.Бельскi, А. I. Вывучэнне творчасцi пiсьменнiкаў : класiкi i сучаснiкi ў школе / А. I. Бельскi. – Мiнск : Аверсэв, 2005. – 352 с.Борикова, Л. В. Пишем реферат, доклад, выпускную квалификационную работу : учеб. пособие / Л. В. Борикова, Н. А. Виноградова. – М. : Издательский центр “Академия”, 2000. – 128 с. Василенко, Л. П. Метод проекта при чтении произведений современной литературы (Литература последнего десятилетия. ХІ класс) / Л. П. Василенко, С. П. Белокурова // Литература в школе. – 2008. – № 11. – С. 38 – 41.Васючэнка, П. В. Сучасная беларуская драматургiя : дапаможнік для настаўнiкаў / П. В. Васючэнка. – Мiнск : Маст. лiт., 2008. – 158 с.Гайдуль, А. В. Организация проектно-исследовательской деятельности учащихся в профильных классах технического уровня / А. В. Гайдуль. – [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http//www.openclass.ru. – Дата доступа : 28.05.2009.Гецов, Г. Г. Работа с книгой : рациональные приёмы / Г. Г. Гецов. – Минск : Полымя, 1989. – 176 с.Гингель, Е. А. Организация исследовательской деятельности учащихся на уроках литературы / Е. А. Гингель. – [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http//www.sch140.omsk.edu. – Дата доступа : 27.05.2009.Донцова, О. В. Метод проектов как одна из форм ученического исследования на уроках литературы / О. В. Донцова // Литература в школе. – 2007. – № 11. – С. 36 – 37.Колесникова, Н. И. От конспекта к диссертации : учеб. пособие по развитию навыков письменной речи / Н. И. Колесникова. – М. : Флинта : Наука, 2002. – 268 с.Кузьмина, Л. В. Методы исследования педагогической деятельности / Л. В. Кузьмина // Завуч. – 1999. – № 3. – С. 101 – 108.Лявонава, Е. А. Агульнае i адметнае : Творы беларускіх пiсьменнiкаў ХХ ст. у кантэксце сусветнай лiтаратуры : дапам. для настаўнiкаў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыi / Е. А. Лявонава. – Мiнск : Маст. лiт., 2003. – 198 с.Прищепа, Е. М. Ученическая исследовательская работа по литературе в гуманитарной профильной школе / Е. М. Прищепа // Литература в школе. – 2004. – № 12. – С. 25 – 28. Савенков, А. И. Методика организации игр-исследований с младшими школьниками / А. И. Савенков // Практика административной работы в школе. – 2004. – № 1. – С. 35 – 38.Сырцева, Т. Э. Работа учителей по развитию навыков научно-исследовательской деятельности учащихся / Т. Э. Сырцева // Дополнительное образование. – 2004. – № 2. – С. 12 – 18.Файн, Т. А. Поэтапные действия по формированию исследовательской культуры школьников / Т. А Файн // Практика административной работы в школе. – 2004. – № 1. – С. 42 – 46.