ЗМЕСТ:
УВОДЗІНЫ
1. Сінтаксічныя спосабы ўзбагачэння выразнасці маўлення
1.1 Паўтор як асаблівая стылістычная фігура. Яго віды.
1.2 Абрыў, умаўчанне, пропуск
1.3 Рытарычныя звароткі, пытанні, выгукі
2. Стылістычныя фігуры, звязаныя з адхіленнямі ад пэўных камунікатыўна-лагічных нормаў афармлення фраз.
Інверсія як сродак паэтычнага сінтаксісу
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
Уводзіны
Мастацкая літаратура – мастацтва слова. Першаэлементам літаратуры з’яўляецца мова. Для мовы прыожага пісьменства характэрна вобразнасць, эмацыянальнасць, музычнасць. Акрамя таго, у прозе ды паэзіі, у розных жанрах, напрамках, стылях мова мае свае асаблівасці.
Сіла ўздзеяння мастацкага твора залежыць ад таго, як ён напісаны. Пісьменнік не проста расказвае – ён малюе словамі. Чэрпаючы іх з нацыянальнай мовы, мастак бярэ лепшае, адкідвае ўсё выпадковае, нязначнае [1; С. 389].
Для перадачы суб’ектыўных назіранняў над з’явамі жыцця, іх ацэнкі пісьменнік стварае ўласныя вобразныя сродкі. Яны перадаюць індывідуальнае бачанне свету, погляд мастака на факты, падзеі, прадметы, людзей. Яны сведчаць пра сілу вобразнага мыслення пісьменніка. Вобразнае мысленне – здольнасць асацыятыўна звязваць прадметы і з’явы навакольнага свету, уменне бачыць агульныя рысы ў розных прадметаў у выніку іх знешняй падобнасці або блізкасці ўражанняў ад іх. Вобразамі могуць мысліць не толькі творцы мастацтва. Вобразы ўзнікаюць у свядомасці кожнага чалавека. Пераасэнсаванне малюнкаў рэальнасці ў нашай свядомасці абумоўлена інтуіцыяй, багаццем нашай душы, а інтуіцыя, душа – занатаваны ў генах вопыт многіх пакаленняў продкаў і, безумоўна, уласны вопыт асобы.
Сінтаксічныя спосабы ўзбагачэння выразнасці маўлення
Вялікае значэнне для стварэння інтанацыі твора, тону, для ўзмацнення яго эмацыянальнай выразнасці мае сінтаксічная характарыстыка тэксту, інакш кажучы, спалучэнні слоў. Асновай паэтычнага сінтаксісу з’яўляецца сінтаксіс агульнанацыянальнай мовы. Лексічны сродкі непасрэдна звязаны з будовай фразы, залежаць ад гэтай будовы: яны не існуюць у літаратуры без пэўнага кампазіцыйна-сінтаксічнага афармлення. Пісьменніку мала знайсці, выбраць патрэбныя для перадачы думкі словы, неабходна належным чынам спалучыць іх у сказе [4; С. 141]. Але ў літаратуры ёсць і свае, уласцівыя толькі ёй сродкі.
Сродкі паэтычнага сінтаксісу вельмі разнастайныя. Адны з іх агульныя для літаратурнай мовы ва ўсіх яе стылёвых разнавіднасцях (навуковай, публіцыстычнай), другія – спецыяльныя, уласцівыя галоўным чынам, паэтычнай мове. Такія спецыяльныя сродкі звычайна называюцца фігурамі. Ідэйна-мастацкая іх роля і прызначэнне ў творы такая ж, як і роля тропаў – найбольш выразна, эканомна і даходліва выяўляць думкі пісьменніка, узмацняць эмацыянальную афарбоўку, перадаваць розныя адценні інтанацыі і такім чынам паўней і глыбей раскрываць змест твора.
Паўтор як асаблівая стылістычная фігура. Яго віды.
Вельмі часта ў паэзіі сустракаюцца паўторы:
“Вы шуміце, шуміце
Нада мною бярозы…” (Н.Гілевіч)
“Люблю цябе, Белая, Белая Русь” (У.Карызна).
Сярод паўтораў асабліва вылучаецца анафара (паўтарэнні слоў у пачатках радкоў):
“Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем” (Р.Барадулін)
Увогуле паўторы надаюць размове самыя разнастайныя адценні: усхваляванасць, спакойную разважлівасць, лагоднасць, урачыстую ўзнёсласць. Іначай кажучы, паўторы выступаюць дзейсным сродкам выяўлення эмацыянальнага стану, настрою, калі гэтага патрабуе ідэйная задума аўтара. Іх функцыю можна ўстанавіць толькі зыходзячы з гэтай задумы, маючы на ўвазе ўвесь кантэкст твора
Рэфрэн – паўтарэнне аднаго або некалькіх радкоў пасля кожнай страфы. Значэнне паўтораў ведалі яшчэ стваральнікі старажытных замоў, гімнаў багам, малітваў. Паўторы аказваюць, безумоўна, гіпнатычнае ўздзеянне на чытача ці слухача [1; С. 399].
Паўтарэнне аднародных сінтаксічных канструкцый са службовымі словамі – злучнікамі ўтварае стылістычную фігуру – мнагазлучнікавасць, якой шырока карыстаюцца пісьменнікі.
Супрацьлеглай фігурай з’яўляецца бяззлучнікавасць, якая надае мове большую імклівасць, паказвае на хуткую зменлівасць падзей.
Разнавіднасцю паўтораў з’яўляецца анафара – аднародная (з аднолькавых гукаў ці слоў) будова фразы ў пачатку вершаваных радкоў або празаічных сказаў.
Аднародная будова канцовак асобных сказаў або вершаваных радкоў называецца эпіфарай. Анафара і эпіфара, як і іншыя паўторы бяруць свій пачатак з фальклорнай паэтыкі і, натуральна, могуць сведчыць аб уплыве фальклору на творчасць таго ці іншага паэта.
З фальклорам цесна звязана і такая стылістычная фігура як паралелізм, дзе супастаўляецца дзве чым-небудзь падобныя або процілеглыя адна адной з’явы:
Ты не будзеш, крынічанька,
Ад разводдзя свайго ў вясну паўней;
І палюбіш, дзяўчынанька,
Ды не так, як любіла даўней!
(М.Багдановіч “Ой, лясы-бары…”)
1.2 Абрыў, умаўчанне, пропуск
Для перадачы душэўнага стану чалавека істотнае значэнне маюць такія стылістычныя фігуры, як абрыў, умаўчанне, пропуск. Па форме гэта няпоўныя, недасказаныя фразы, сказы з прапушчанымі словамі. Іх месца – галоўным чынам у мове персанажаў. Часцей за ўсё адзначаныя фігуры ўжываюцца для перадачы моцнай усхваляванасці, узрадаванасці або разгубленасці чалавека.
У рамане “Трэцяе пакаленне” К. Чорны такім чынам перадае спалоханасць краўца, калі той сустрэўся ў лесе з бандытам:
Братачка… (кравец праз сілу выгукнуў з грудзей. Я…братка… Адкуль жа вы, братачка, ведаеце, што я на тым тыдні шыў Ярмалінскага?
У вершы П.Панчанкі “Ліст у Нью-Йорк” абрыў набывае кампазіцыйнае значэнне для ўсяго твора, у якім аўтар вядзе размову са сваім аднагодкам-амерыканцам на хвалюючую тэму барацьбы за мір. Тут абрыў ужываецца з мэтай пераходу ад сяброўскага віншавання да выкрывальнай прамовы ў адрас імперыялістаў.
Умаўчанне ўжываецца ў тым выпадку, калі размова вядзецца намёкамі, калі герой па той ці іншай прычыне ўхіляецца ад поўнага і яснага выказвання думкі.
Свядомае парушэнне пісьменнікам натуральнай будовы фразы заўсёды надае ёй пэўнае эмацыянальнае адценне, своеасаблівае гучанне. У гэтым можна пераканацца параўнаўшы, напрыклад, няпоўныя сказы (назыўныя, безасабовыя) з поўнымі, разгорнутымі. Першыя выўяляюць думку хоць і не так падрабязна, як апошнія, але больш энергічна:
Хмурна. Глуха. Цьма пануе.
След у полі загубіўся.
Або:
Сцішна. Пуста. Адзінока…
Свет закрыла цьма густая
( Я.Колас “Бездараж”)
1.3 Рытарычныя звароткі, пытанні, выгукі
Паэты інтуітыўна адчуваюць неабходнасць перабіваў рытму, змянення інтанацыі, напрыклад з элегічнай на клічную. Ды часта гэтага патрабуе і змест. Вось чаму шырока распаўсюджаны сярод фігур паэтычнага сінтаксісу розныя рытарычныя сродкі, напрыклад звароткі, пытанні, воклічы: “О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю…” (П.Панчанка).
Па форме гэтыя сінтаксічныя сродкі нічым не адрозніваюцца ад звычайных граматычных звароткаў, пытальных і клічных сказаў. Але іх роля ў мастацкім творы іншая, чым звычайных граматычных форм.
Рытарычныя фігуры служаць каб надаць твору асаблівую экспрэсіўнасць, пранікнёнасць, лірычнасць, выклікаць у душы чытача жывы водгук на тое, пра што гаворыць пісьменнік:
Вобразы мілыя роднага краю,--PAGE_BREAK--
Смутак і радасць мая
(Я.Колас “Родныя вобразы”)
Рытарычныя пытанні, выгукі, звароткі вельмі распаўсюджаны ў літаратуры, асабліва ў паэзіі і ў такіх яе разнавіднасцях, як паэзія лірычная і публіцыстычная, дзе аўтар імкнецца асабліва актыўна ўздзейнічаць на сваіх чытачоў [6; С. 10].
Стылістычныя фігуры, звязаныя з адхіленнямі ад пэўных камунікатыўналагічных нормаў афармлення фраз
Калі ў творах вялікіх пісьменнікаў сустракаюцца асобныя “адступленні” ад агульнага правіла: стылістычныя “няправільнасці”, паўтарэнні ў будове сказаў, фраз і гэтак далей, то яны дапускаюцца і ўводзяцца свядома, з пэўнай мэтай, асабліва ў мове персанажаў.
Для ілюстрацыі гэтага факта варта прывесці дыялог з рамана К.Чорнага “Трэцяе пакаленне” паміж кулацкім сынком Ярмалінскім і краўцом. Розіца ў іх мове найбольш ярка выступае якраз у сінтаксічным афармленні фраз. Сказы ў рэпліках Ярмалінскага будуюцца правільна, яны кароткі, “рубленыя”. Кравец гаворыць даволі блытана, шматслоўна, мовай няправільнай. На пытанне, што гэта за хлопцы былі на вечарынцы, кравец адказвае:
“Яны казалі, што навабранцы нібыта, казалі, іх гоняць у армію, іх год падышоў, а то дзезянціры былі, а цяпер з’явіліся”.
Можна заўважыць, што ў гэтым сказе словы размешчаны не ў звычайным парадку, часам адсутнічае дапасаванне паміж імі і сказ у цэлым будуецца вельмі своеасабліва. К.Чорны не дае сказ у правільнай форме свядома, бо ў розных па форме моўных характарыстыках Ярмалінскага і краўца выяўляецца розніца паміж імі як прадстаўнікамі пэўнага асяроддзя, пэўнымі жыццёвымі тыпамі.
Магчымасці паэтычнага сінтаксісу эфекыўна выкарыстоўваюцца для перадачы душэўнага, псіхічнага стану чалавека. Вядома, што спакойны чалавек гаворыць інакш, чым усхваляваны, разгневаны, збянтэжаны, спалоханы. Так, чалавек усхваляваны, моцна ўзрушаны гаворыць звычайна кароткімі фразамі, перарывіста [4; С. 142].
Нязвыклая расстаноўка, салучэнне слоў у сказе надае фразе пэўную інтанацыю, дапамагае аўтару данесці да чытача жывыя адценні чалавечай размовы. Так, у вершы П.Панчанкі “Малярыя” з цыкла “Іранскі дзённік” з надзвычайнай мастацкай дакладнасцю перададзены адчуванні, перажыванні і ўвогуле блізкі да трызнення стан чалавека, савецкага салдата, які, знаходзячыся ў час вайны на іранскай зямлі, захварэў на малярыю і перанёс прыступ гэтай хваробы:
І адзін я ў пустыні,
І адзін я ў пустыні…
Кроў пачне закіпаць
Потым зноўку астыне.
Такой выразнасці ў паказе стану чалавека паэт дасягае пераважна сродкамі паэтычнага сінтаксісу: частыя паўторы цэлых фраз, асобных слоў, аднародная будова фраз, розныя па будове радкі.
Многія вершаваныя (ды і празаічныя) творы нярэдка будуюцца на прынцыпе антытэзы. Антытэза – адна з важнейшых фігур паэтычнага сінтаксісу: “Агонь стварае, і агонь руйнуе” (В.Зуёнак); “Я пяю, ты пяеш, маўчыць кожны чацвёрты” (А.Вярцінскі).
2.1 Інверсія як сродак паэтычнага сінтаксісу
Важным паэтычным сродкам як у паэзіі, так і ў прозе, з’яўляецца інверсія – такая будова фразы, калі словы ставяцца на нязвычныя для іх гарманічныя месцы: дзейнік пасля выказніка, прыметнік пасля назоўніка. Інверсія надае фразе своеасаблівае гучанне, выяўляе новыя сэнсавыя і эмацыянальныя адценні.
Зыходзячы з азначэння, інверсія – перастаноўка якога-небудзь слова, члена сказа на нязвыклае для яго месца з мэтай надаць фразе своеасаблівую інтанацыю [5; С. 124].
Найбольш пашыраны тып інверсіі дае такая будова сказа, калі выказнік ставіцца перад дзейнікам, азначэнне – пасля азначаемага слова.
Інверсія часта выкарыстоўваецца для стварэння ўзвышанага тону або роздумнай, тужлівай інтанацыі:
“Цішыня ў хаце
Згорбленай, старой” (М.Танк).
Часцей за ўсё інверсія ўжываецца ў творах рамантычна-ўзнёслых, лірычных або такіх, што маюць цесную сувязь з фальклорам.
Заключэнне
Сінтаксічныя сродкі, што выкарыстоўваюць беларускія аўтары, шматлікія, разнастайныя. Усе яны падрабязна разбіраюцца ва ўнікальным выданні В.Рагойшы “Паэтычны слоўнік”. Вершаваная мова, як правіла, ярка эмацыянальная, меладычная, яна адначасова ўплывае на свядомасць і на падсвядомасць чытача. Ён і адчувае, і разумее. Такой агульнай мэце падначалены і іншыя сродкі паэтыкі, напрыклад фоніка, гукавы склад слоў, які асацыятыўна звязаны з уўяленнем пра прадмет.
Ацэньваючы мастацкі твор, неабходна звяртаць увагу не толькі на слоўнікавае, сінанімічнае і фразеалагічнае багацце мовы пісьменніка, але і на сінтаксіс. Багацее і разнастайнасць сінтаксічных форм надае мове натуральнасць гучання, гнуткасць, выразнасць, пазбаўляе яе манатоннасці, аднастайнасці, сведчыць аб арыгінальнасці, свежасці і багацці думкі пісьменніка. Аднастайная будова фраз у мове звычайна бывае вынікам беднасці думкі [4; С. 141].
Спіс літаратуры:
Беларуская літаратура: ХІ – ХХ стагоддзі. Дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій, ВНУ/ А.І. Бельскі, У.Г. Кароткі, — Мн., — “Аверсэв”, — 2001. – 415 с.
Васілеўская А.С. Функцыянальна-стылістычнае выкарыстанне лексічна-вобразных сродкаў у мастацкай прозе: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук, — Мн.; — 2000, — 19 с.
Ивченков В.И.Лингвистическая организация текста, — Мн.: БГУ, — 2002, — 211 с.
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства, — Мн., Вышэйшая школа, — 1982, — 256 с.
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў, — Мн, — 1996, — 246 с.
Русак В.У. Экспрэсіўны сінтаксіс празаічных твораў Я.Сіпакова: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук, — НАН Беларусі, — Мінск, — 2009, — 23 с.