На долю п'есы В. Дунiна-Марцiнкевiча «Iдылiя» (другая назва — «Сялянка») выпаў шчаслiвы лёс. Напiсаная ў 1846 г., яна i ў нашы днi з поспехам ставiцца на сцэнах многiх тэатраў, карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў. Сам аўтар, якi быў душою аматарскага калектыву i ўдзельнiчаў у многiх яго пастаноўках, з сiмпатыяй адносiўся да герояў «Iдылii». Менавiта ў гэтым спектаклi ён блiскуча выконваў ролю селянiна Навума — самабытнага, яркага i таленавiтага чалавека, захавальнiка духоўных традыцый. Гэта роля прынесла В. Дунiну-Марцiнкевiчу вядомасць i папулярнасць i як акцёру, i як пiсьменнiку. Пазней iмя i прозвiшча любiмага вобраза сталi лiтаратурным псеўданiмам аўтара. У аснове сюжэта п'есы — актуальная для таго часу праблема ўзаемаадносiн селянiна i пана. Падзеi адбываюцца ў маёнтку Кароля Лятальскага — легкадумнага маладога пана, якi большую частку часу праводзiць у забавах, прыемных вандроўках, «лётаючы» па свеце. Вярнуўшыся з Францыi ў свой спадчынны маёнтак, Лятальскi з жахам думае аб тым, як можна жыць у гэтым нецывiлiзаваным краi сярод мужыкоў. У хуткiм часе ён сустрэўся з «прыгоннай сялянкай» Юлiяй i закахаўся ў яе. Пад уплывам сустрэч з Юлiяй i яе бацькам герой п'есы па-iншаму пачынае глядзець на прыгонных сялян, лiчачы, што ў iх добрыя сэрцы i што яны здольныя на высокiя пачуццi i высакародныя ўчынкi. Лятальскi прапануе дзяўчыне руку i сэрца, клянецца быць клапатлiвым бацькам для сялян. «Хачу iх любiць, i каб яны мяне любiлi...», — усклiкае ён. У канцы п'есы высвятляецца, што Юлiя — пераапранутая паненка, якая сваiмi дзеяннямi вырашыла змянiць погляды Лятальскага на сялян i свой край. П'еса заканчваецца сцэнай заручын маладых людзей. В. Дунiн-Марцiнкевiч, такiм чынам, паказвае перараджэнне памешчыка-франкамана ў гуманнага, добразычлiвага пана, якi ўжо не прагне паездкi за мяжу, а хоча жыць на ўлоннi прыроды сярод сялян. На фоне любоўнай iдылii Лятальскага i Юлii В. Дунiн-Марцiнкевiч змог разгарнуць шырокую карцiну жыцця ў прыгоннай вёсцы, стварыць каларытныя, самабытныя i праўдзiвыя характары прадстаўнiкоў народа. Сапраўдным героем твора стаў Навум Прыгаворка — чалавек разумны, кемлiвы, дасцiпны. Ён выразна ўсведамляе сваё паднявольнае становiшча, але пры гэтым ведае сабе цану i не губляе пачуцця ўласнай годнасцi. У творы шырока выкарыстоўваюцца народныя песнi, прыказкi, прымаўкi i фразеалагiзмы: Да бога высока, да пана далёка. Ад лiха — цiха, а дабра не чуваць. Цягаў воўк, пацяглi воўка. Ранняя птушка крылкi цярэбiць, а позняя — вочы працiрае. Абяцанка цацанка, а дурному радасць. Хто каго любiць, той таго чубiць. I сцены маюць вушы. Што напiшаш пярцом, то не вырубiш тапарцом. Пiй, ды розуму не прапiй. Укладзеныя ў вусны Навума, гэтыя выслоўi не толькi вызначаюць сцiсласць, лаканiчнасць, вобразнасць i каларытнасць сялянскай мовы, але i набываюць сацыяльнае гучанне: простаму чалавеку цяжка жывецца, яго многiя крыўдзяць; пiць гарэлку трэба з розумам; грошы ў жыццi адыгрываюць не апошнюю ролю i iнш. Вобразам Навума аўтар адстойваў права на паказ у лiтаратуры ў якасцi галоўнага героя селянiна i тым самым змагаўся за дэмакратычную, народную лiтаратурў. У п'есе «Iдылiя», якая спалучае ў сабе рэалiстычныя i iдэалiстычныя рысы, па-майстэрску дасканала вымалеваны вобразы сялян i паноў. Распрацоўка вобразаў сялян (яны, у адрозненне ад паноў, размаўляюць па-беларуску) шмат у чым прадвызначыла далейшае паглыбленне пiсьменнiка ў беларускi матэрыял.