Реферат по предмету "История"


Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў

Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстановаў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб’ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблемаў. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніцаў і іх інтэрпрэтацыі, вызначэння метадалогіі даследавання, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Ус ё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных дысцыплінаў.


Тэрмін «гістарыяграфія» мае грэчаскае паходжанне і складаецца з двух словаў: «гісторыя», што азначае «апавяданне аб мінулым», і «графо» – «пішу». Такім чынам, у прамым сэнсе «гістарыяграфія» азначае «апісанне чаго-небудзь», «пісьмовае апавяданне аб мінулым». Гэтае значэнне тэрміна захавалася да ХХ ст., а тых, хто займаўся гісторыяй, называлі «гістарыёграфамі». Напрыклад, у дарэвалюцыйнай Расіі існавала званне прыдворнага гістарыёграфа. Яно прысвойвалася вядомым вучоным і пісьменнікам (Г.Ф.Мілеру, М.М.Шчарбатаву, М.М.Карамзіну). Пасада давала ім вялікі грашовы аклад і доступ у архівы. Такую ж пасаду займаў і нямецкі гісторык Л.Ранке.


У ХХ ст. значэнне тэрміна «гістарыяграфія» змянілася. Пад ёю сталі звычайна разумець сукупнасць гістарычных работ, прысвечаных той ці іншай праблеме або сукупнасць даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі (беларуская, расійская, амерыканская гістарыяграфія), тэарэтычнымі (ліберальная, дваранска-манархічная, марксісцкая гістарыяграфія), тэматычнымі (гістарыяграфія ВКЛ, гістарыяграфія аграрнай гісторыі), храналагічнымі (гістарыяграфія 20 – сярэдзіны 50-х гг., гістарыяграфія сярэдзіны 50 – 80-х гг. ХХ ст.).


Не адразу зацвердзілася вызначэнне гістарыяграфіі як гісторыі гістарычнай навукі, якое стала ўжывацца з пачатку ХХ ст. Паколькі гісторыя гістарычнай навукі – гэта працэс развіцця навукі і яе падсістэм, то гістарыяграфія – гэта навуковая дысцыпліна, якая вывучае гэты працэс. Гістарыяграфія – гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з’явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання. Прадметам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з’яўляецца гісторыя вывучэння айчыннай гісторыі ў гістарычнай навуцы Беларусі.


Паколькі прадмет даследавання цесна звязаны з паняццем «гістарычная навука», гістарыяграфія ўключае ў сябе два кірункі:


1) арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых установаў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.);


2) дасягненні гістарычнай навукі (абагульняльныя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).


Таму гістарыяграфія гісторыі Беларусі вывучае арганізацыю гістарычнай навукі, даследчыцкую праблематыку (паказвае развіццё навуковага пазнання гістарычнага мінулага), тэарэтычную базу даследаванняў (выяўляе, якім чынам тыя ці іншыя тэарэтычныя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў працы даследчыка, уплываюць на фарміраванне навуковых школаў, плыняў), паказывае ўплыў палітычнай сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю даследчыка.


Крытэрыяў вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны – пяць: значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў, фармаванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблемаў, падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі, стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі, фармаванне асаблівай навуковай лексікі.


Задачы Гістарыяграфіі гісторыі Беларусі:


1) вывучэнне заканамернасцяў змены гістарычных канцэпцыяў і іх аналіз;


2) аналіз метадалагічных прынцыпаў, якімі кіраваліся даследчыкі гісторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды;


3) даследаванне працэсу накаплення фактычных ведаў аб чалавечым грамадстве на тэрыторыі Беларусі, увядзення ў навуковы зварот новых крыніцаў (аднак гістарыяграфія не займаецца пошукам і публікацыяй гістарычных крыніцаў);


4) вывучэнне змены і ўдасканалення метадаў і прыёмаў крыніцазнаўчага аналізу;


5) вывучэнне праблематыкі гістарычных даследаванняў;


6) вывучэнне гістарычных навуковых установаў, а таксама сістэмы гістарычнай адукацыі ў краіне;


7) аналіз сродкаў навуковай інфармацыі і распаўсюджвання гістарычных ведаў, іх уплыву на грамадскую самасвядомасць;


8) даследаванне міжнародных сувязяў айчыннай гістарычнай навукі, уплыву замежнай філасофіі і навуковай думкі на беларускіх вучоных;


9) вывучэнне ўмоваў развіцця гістарычнай навукі і адукацыі, і, асабліва ўрадавай палітыкі ў вышэйадзначанай галіне.


Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.


Вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання. Першым з іх ёсць прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з’явы (канцэпцыі вучонага, навуковага кірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.


Другі прынцып – прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і кірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.


Трэці прынцып – прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэяў і з’яваў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.


Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання:


1) параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцыяў з мэтай вызначэння іх агульных рысаў, асаблівасцяў, ступеняў параўнання);


2) храналагічны метад (аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцыяў, ідэяў у храналагічнай паслядоўнасці);


3) праблемна-храналагічны метад (дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблемаў, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці);


4) метад перыядызацыі (вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых кірункаў навуковай думкі);


5) метад рэтраспектыўнага аналізу (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага);


6) метад перспектыўнага аналізу (вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэмаў, праблемаў).


У сучаснай гістарыяграфіі гістарыяграфічным фактам прынята лічыць канцэпцыю вучонага, прадстаўленую ў навуковых працах. Гістарыяграфічная крыніца – гэта працы гісторыкаў (манаграфіі, артыкулы, даклады, рукапісы і г .д.), дакументацыя навуковадаследчых устаноў (пратаколы з’ездаў, канферэнцыяў, «круглых» сталоў, стэнаграмы дыскусіяў і г .д.), рэцэнзіі на гістарычныя даследаванні.


Праблема перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.


Развіццё гістарычнай навукі Беларусі патрабуе аналізу і сістэматызацыі пройдзенага ёю шляху пры дапамозе перыядызацыі. Зразумела, што любая перыядызацыя азначае спрошчванне і схематызацыю гістарычнага працэсу, але ўзровень развіцця навукі на сучасным этапе і выкладанне на гістарычных факультэтах вучэбнай дысцыпліны «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» звяртае даследчыкаў да гэтага пытання.


Пытанне аб перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі паўстала ў пачатку 60-х гг . ХХ ст., калі ішла падрыхтоўка «Очерков истории исторической науки в СССР». Акадэмік АН СССР М.В.Нечкіна разгарнула на старонках часопіса «История СССР» дыскусію, якая ахапіла шырокае кола навукоўцаў. Гісторыкі паставілі пытанне аб крытэрыях перыядызацыі, якіх было прапанавана пяць: выкарыстанне марксісцка-ленінскай метадалогіі, змена праблематыкі даследаванняў, праведзеныя прыёмы даследавання, увядзенне ў навуковы зварот новых крыніцаў, змены ў арганізацыі гістарычнай навукі. Таму савецкія гістарыёграфы сталі падзяляць гісторыю гістарычнай навукі ў СССР на тры перыяды: 1917 – сяр. 30-х гг. – станаўленне савецкай гістарычнай навукі, кансалідацыя гісторыкаў на падставе марсісцка-ленінскай метадалогіі; сяр. 30 – сяр. 50-х гг. – накапленне даследчыкамі факталагічных ведаў, стварэнне першых абагульняльных працаў; сяр. 50-х – 80-я г. – уздым савецкай гістарычнай навукі.


З беларускіх вучоных да гэтай праблемы адным з першых звярнуўся А.П.П’янкоў. У зборніку «Наука в БССР за 30 лет» ён вызначыў наступныя перыяды: ад адкрыцця БДУ ў 1921г. да выхада пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў маі 1934 г.; з 1934 г. да чэрвеня 1941 г.; з пачатку Вялікай Айчыннай вайны да сучаснага яму часу (1949г.). Цікава, што гісторык за пачатак развіцця беларускай савецкай гістарычнай навукі прыняў не 1917 г. (Кастрычніцкая рэвалюцыя), не 1919 г. (утварэнне БССР), а менавіта арганізацыю Беларускага дзяржаўнага універсітэта.


Блізкую пазіцыю заняў А.П.Ігнаценка. У брашуры «Введение в историю БССР» ён без аргументацыі вылучыў два перыяды: з 1921 г. да Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны.


Пад уплывам пераменаў, якія адбыліся ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, грунтоўны аналіз праблемы перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі ў БССР прапанаваў у 1990 г . член-карэспандэнт АН БССР П.Ц.Петрыкаў. Гісторык вызначыў чатыры перыяды. Першы: 1917 – 20-я гг. – станаўленне навуковай марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі і беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі. Другі перыяд: 30-я – першая пал. 50-х гг., характарызуецца аўтарам як поўнае панаванне марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, глыбокае вывучэнне даследчыкамі прац К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна. З другога боку, Петрыкаў адзначыў, што гістарычная навука ў гэты час была падначалена «многім ненавуковым і валюнтарысцкім пастулатам». Трэці перыяд працягваўся з сяр. 50 – па першую пал. 80-х гг . Для яго характэрны «ачышчэнне гістарычных ведаў ад дагматычных установак сталінізму», выданне калектыўных і манаграфічных прац, але «культ асобы аднаго чалавека быў трансфарміраваны ў культ КПСС». А вось чацвёрты перыяд аўтар пачаў з ХХVI з’езда КПСС (1986 г.) і вызначыў яго часам адмаўлення ад догмаў і стэрэатыпаў, памылковых канцэпцыяў у гістарычнай навуцы.


З атрыманнем Беларуссю суверэнітэту гісторыкі прыступілі да фармавання нацыянальнай канцэпцыі гісторыі. Зноў паўстала праблема універсальнай перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі. У 3-м томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (1996 г.) аўтары артыкула «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» (Г.В.Штыхаў, Д.У.Караў, З.Ю.Капыскі, М.В.Біч, М.П.Касцюк, Г.Г.Сяргеева) яе ў цэльным выглядзе не прапанавалі. Даследчыкі вылучылі летапісны перыяд, ХVІ – пачатак ХХ ст., савецкі перыяд. Апошні фактычна супаў з перыядызацыяй П.Ц.Петрыкава за выключэннем сярэдзіны 80-х гг. Аўтары прадоўжылі яго да канца 80-х гадоў.


Імкненне стварыць лінейную храналогію гісторыі гістарычнай навукі Беларусі сутыкнулася з праблемай суадносінаў паняццяў «беларуская гістарыяграфія» і «гістарыяграфія гісторыі Беларусі». В.Галубовіч заўважыў, што апошняе паняцце па сваім змесце больш шырокае. Да таго ж Галубовіч прапанаваў свой падыход – вылучыць у кожным перыядзе шэраг «гістарыяграфічных сюжэтаў». Гісторык у чатырох перыядах (гістарыяграфія гісторыі Беларусі ІХ – ХІІІ стст., гістарыяграфія гісторыі ВКЛ, гістарыяграфія гісторыі Беларусі ХІХ – пач. ХХ ст., гістарыяграфія гісторыі Беларусі ХХ ст.) разглядае такія тэматычныя аспекты, як «польская гістарыяграфія», «літоўская гістарыяграфія», «расійская гістарыяграфія».


У 2002 г. свой погляд на праблему перыядызацыі беларускай гістарыяграфіі найноўшага часу прапанаваў В.Астрога. Ён вылучыў сем перыядаў, распачаўшы шлях гістарычнай навукі Беларусі з 1918 г. – з прац А.І.Цвікевіча і М.В.Доўнар-Запольскага. Кожны перыяд падзяляецца на мноства дробных этапаў. Перыядызацыя В.Астрогі нагадвае асноўныя вехі грамадска-палітычнага развіцця рэспублікі ў складзе СССР, а другая палова 90-х гг. падаецца як час цяжкага становішча гістарычнай навукі – «перыяд абыякавасці дзяржавы да сваёй гістарычнай спадчыны». З гэтым тэзісам пагадзіцца нельга.


Новую перыядызацыю ў 2003 г. распрацаваў П.Ц.Петрыкаў. Беларускі гісторык вызначыў чатыры этапы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі: легендарна-апісальны (ХІІ – канец ХVІІІ ст.), апісальна-навуковы (канец ХVІІІ – ХІХ ст.), навукова-дыялектычны (1910 г. – 80-я гг. ХХ ст.), плюралістычны (з 90-х гг. ХХ ст.). Відавочна, што ў аснову перыядызацыі пакладзены пануючы метад даследавання мінулага. Праўда, апошні этап звязаны больш са зменамі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Аўтар скептычна ставіцца да метадалагічнай канцэпцыі М.П.Касцюка і М.В.Біча.


Храналагічна гістарыяграфію гісторыі Беларусі можна падзяліць на шэраг перыядаў: першы перыяд (ХІІ – першая палова ХVI ст.) – накапленне гістарычных звестак аб Беларусі ў летапісах, хроніках і іншых сярэднявечных творах. Другі перыяд (другая палова XVI – канец ХІХ ст.) – фармаванне вытокаў беларускай гістарыяграфіі ў межах польскай гістарычнай думкі. Гэты перыяд падзяляецца на чатыры этапы: другая палова XVI ст. – далучэнне культурна-гістарычных працэсаў у ВКЛ да заходнееўрапейскай культурнай традыцыі (М.Стрыйкоўскі); XVII – першая палова XVIII ст. – манаполія ордэна езуітаў на гістарычнае выхаванне моладзі, тэалагічная гістарыяграфія (А.Віюк-Каяловіч); другая палова XVIII ст. – вылучэнне гісторыі ў асобную вучэбную дысцыпліну, фармаванне «манархічнай» школы А.Нарушэвіча. Трэці перыяд (канец XVIII – пачатак 60-х гг. ХІХ ст.) – з’яўленне беларускага крыніцазнаўства, фармаванне «рамантычнай» школы І.Лялевеля, зварот да гісторыі Беларусі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, фармаванне плеяды «мясцовых» даследчыкаў «гісторыі Літвы» (браты Тышкевічы, Т.Нарбут, А.Кіркор і інш.). Чацвёрты перыяд (пачатак 60-х гг. ХІХ – пачатак ХХ ст.) – вывучэнне гісторыі Беларусі даследчыкамі заходнерускага (М.В.Каяловіч і інш.) і ліберальнага (М.К.Любаўскі і інш.) кірункаў, афармленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, В.Ю.Ластоўскі). Пяты перыяд (1919 г. – 80-я гг. ХХ ст.) – беларуская савецкая гістарыяграфія – падзяляецца на тры этапы: 1919 г. – 20-я гг. – пераходны этап ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўстанаўлення марксісцкай метадалогіі, актуалізацыя гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі; 30-я – сярэдзіна 50-х гг . – манаполія марксісцка-ленінскай метадалогіі, прыярытэт гісторыі сацыяльна-эканамічных адносінаў і рэвалюцыйнага руху; другая палова 50-х – 80-я гг. – адносны плюралізм у метадалогіі гістарычнай навукі, пашырэнне яе дакументальнай і крыніцазнаўчай асновы, з’яўленне калектыўных абагульняльных працаў па гісторыі Беларусі, актуалізацыя гісторыі партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства, гісторыі прамысловасці, гарадоў і рабочага класа і інш. кірункаў. Шосты перыяд (з 90-х гг. ХХ ст. да нашых дзён) – пераход да нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, плюралізм у метадалагічных падыходах.


Дваццатае стагоддзе вызначалася незвычайнай жорсткасцю ў адносінах паміж народамі свету. Менавіта ў гэты час пачынаюцца сусветныя войны, узнікаюць дзесяткі рэгіянальных канфліктаў, хутка разрастаецца зараза тэрарызму. Але найбольш кровапралітнай і жорсткай з усіх вядомых узброеных канфліктаў была Другая сусветная вайна. Яе ўздзеянне на лёс народаў Еўропы і СССР было вызначальным. Менавіта з гэтай нагоды патрабуецца больш глыбокае і комплекснае вывучэнне гэтай важнейшай падзеі XX стагоддзя.


У заходняй гістарыяграфіі доўгі час панавала практыка замоўчвання сапраўдных падзей першага перыяду вайны Германіі супраць СССР: вайна разглядалася як барацьба двух жорсткіх і крававых таталітарных рэжымаў; неабходнасць «прэвентыўнага ўдара» з боку Германіі дыктавалася ўтоенай падрыхтоўкай I. Сталіным плана нападзення на нямецкую краіну; СССР меў «агрэсіўныя намеры» у адносінах да Германіі; прычынамі катастрофы германскага вермахта пад Масквой з'яўляліся складаныя прыродна-кліматычныя ўмовы; вермахт не прымаў удзелу ў маштабных забойствах мірнага насельніцтва і інш.


У савецкай гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны панавала некалькі афіцыйных тлумачэнняў прычынамі адступленняў часцей Чырвонай Арміі з'яўлялася значная перавага сіл германскага вермахта; першапачатковае адступленне было важным тактычным крокам вярхоўнага галоўнакамандавання; недастатковая падрыхтоўка да вайны стала вынікам пралікаў І.Сталіна; вайна была ўсенароднай; савецкія людзі змагаліся за сацыялістычныя каштоўнасці і ідэалы; вялікія ахвяры і цяжкія пазбаўленні былі спраўджаны і інш. Часта даследчыкі не адыходзілі ад ідэалагічных штампаў, стэрэатыпна бачылі падзеі вайны, замоўчвалі асобныя аспекты ваеннай гісторыі.


Навуковае асэнсаванне падзей 1939 – 1945 гг. Прадаўжаецца і па сённяшні дзень. З цягам часу ў даследчыкаў узнікаюць новыя пытанні, новыя спрэчкі, у выніку якіх праглядаецца шэраг раней безапеляцыйных высноў. Шмат пытанняў і ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца спрэчнымі ці да канца не высветленымі. Вось як выглядае іх кароткі пералік:


– дакладныя звесткі аб колькасці загінуўшых грамадзян СССР і БССР да апошняга часу не выяўлены;


– уклад саюзнікаў у справу разгрому гітлерызму трактуецца неадназначна. Неапраўдана перабольшваецца на Захадзе роля ЗША і Англіі і недаацэньваецца ўклад народаў СССР у Перамогу;


– празмерна ўзносяцца талент і здольнасці савецкіх ваеначальнікаў, якія дабіваліся перамог за кошт празмерных і неапраўданых страт з боку салдат. Адначасова аб прыроднай кемлівасці, гераізме і мужнасці, гуманізме, духоўнай і фізічнай сіле салдат і малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі гаворыцца мала;


– амаль не распрацавана пытанне аб штодзённым жыцці простага насельніцтва ва ўмовах вайны – як у тыле Чырвонай Арміі – так і пад акупацыяй нямецкімі войскамі;


– вельмі важным з’яўляецца пытанне аб ускладанні Захадам адказнасці на кіраўніцтва СССР за развязванне Другой сусветнай вайны, што з’яўляецца спробай перанесці адказнасць за сваю палітыку «замірэння» Германіі;


– для Беларусі вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні разгортвання і сутнасці савецкай партызанкі і падпольнага супраціўлення акупантам і дзейнасці іншых антыфашысцкіх арганізацый – такіх як Армія Краёва;


– мала вядома аб удзеле беларусаў у руху Супраціўлення ў Заходняй Еўропе, а так сама аб удзеле беларусаў у ваенных дзеяннях на баку саюзнікаў у складзе Арміі Андэрса і іншых ваенных фарміраванняў антыгітлераўскай кааліцыі;


– не менш актуальнымі для Беларусі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з калабарацыяй. Аднабаковы падыход да гэтай з’явы не ідзе на карысць нашай навуцы.


Такія аднабаковыя падыходы не з’яўляюцца навуковымі, супярэчаць асноўным прынцыпам гістарызму. Акцэнт на адмоўных, як і перабольшванне станоўчых бакоў не дазваляе аб’ектыўна разгледзець ваенныя і палітычныя працэсы, якія разгортваліся на рубяжы 30-х – 40-х гг. ХХ стагоддзя. У той час задача гістарычнай навукі – праўдзіва асвятляць мінулае, асабліва яго найбольш складаныя, пераломныя старонкі.


Гістарыяграфія Другой сусветнай, крыніцы.


За 65 год, што прайшлі пасля завяршэння Другой сусветнай, заходняя і айчынная гістарыяграфія назапасіла шмат навуковых даследаванняў, якія прысвечаны разгляду ваенных падзей. Гэта публікацыі дакументаў, артыкулы, навуковыя манаграфіі, мемуары былых вайскоўцаў і палітычных дзеячаў і г.д. У шэрагу краін-удзельніц вайны ствараюцца буйныя абагульняючыя працы: у Вялікабрытаніі падрыхтавана 66 тамоў Гісторыі Другой сусветнай вайны, у ЗША выдаюцца 99, у Японіі 100 тамоў. Шмат прац напісана ў Францыі, Бельгіі і, асабліва, у Германіі.


У даследаваннях заходніх гісторыкаў з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый асвятляецца развіццё ваенных падзей. Амерыканскія, англійскія, французскія даследчыкі імкнуцца паказаць уклад іх дзяржаў у разгром нацысцкай Германіі і Японіі. Прычым, празмерна перабольшваецца роль Другога фронта і недаацэньваецца ўклад Чырвонай Арміі, на якую прыйшоўся найбольшы цяжар баявых аперацый па разгрому германскага вермахта.


У савецкай і айчыннай гістарыяграфіі можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў у вывучэнні і апісанні падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў:


– Першая палова 1940-х гг. Гэта літаратура вайны – інфармацыйная, агітацыйна-прапагандысцкая, яна мела мабілізацыйную і патрыятычную функцыю. Прац навуковага характару яшчэ не было. Але да навуковых прац можна далучыць распрацоўкі савецкага Генеральнага штаба – які планаваў правядзенне буйных вайсковых аперацый;


– Другая палова 1940-х – сярэдзіна 50-х гг. Пасля вайны пачынаецца навуковае даследаванне падзей вайны – але ва ўмовах культу асобы Сталіна пераважае суб’ектывісцкі падыход, перабольшванне ролі І.В.Сталіна ў дасягненні Перамогі над Германіяй;


– Другая палова 50-х – сярэдзіна 60-х гг. У даследаваннях гэтага перыяду вядучае месца адводзіцца кіруючай ролі КПСС у барацьбе на франтах, на акупаванай тэрыторыі і працы ў савецкім тыле. Распрацоўваюцца пытанні героікі савецкага народа;


– Другая палова 60-х – пачатак 80-х гг. У гэты час напісаны фундаментальныя абагульняючыя працы. Але даследчыкі не здолелі выйсці за рамкі ідэалагічных і палітычных ацэнак, панаваўшых у савецкай гістарыяграфіі. Гэтыя працы адпавядаюць крытэрыям усебаковага і аб’ектыўнага разгляду шматлікіх праблем вайны;


– Другая палова 80-х – па наш час. Гэта перыяд крытычнага і комплекснага асвятлення падзей вайны, асабліва маладаследаваных праблем.


Для беларусаў пачатак другой сусветнай вайны – гэта ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэтай падзеі прысвечаны шэраг прац, якія былі апублікаваныя як напярэдадні Айчыннай вайны, так і ў наш час. Гэта артыкулы гісторыкаў У.Палуяна, У.Ладысева, Л.Лыча, В.Селяменева, Я.Бараноўскага, А.Вялікага ў зборніках: «Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР» (Мн., 1999) і «Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Гісторыя і сучаснасць». Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі 17–18 верасня 1999 г. (Мн., 2000).


Даследаванні па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны можна падзяліць на некалькі тэматычных групаў. Адна з найбольш вялікіх – гэта гістарыяграфія вайсковых аперацый. Першыя працы з’явіліся ў канцы 40 – пачатку 50-х гг.: І.Р.Караткоў і С.М.Шышкоў «Победа Красной Армии в Белоруссии» (М., 1946), Я.Салдаценка «Советская Армия – освободительница Белоруссии» (Мн., 1948), М.М.Мінасян «Победа в Белоруссии: Пятый Сталинский удар!» (М., 1952). У гэтых працах разглядаліся толькі перамогі над вермахтам у 1943–1944 гг. У 60–80-х гг. з’явіліся працы, у якіх аналізаваліся прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам 1941 г.: В.А.Анфілаў «Начало Великой Отечественной войны» (М., 1962), «Провал «блицкрига» (М., 1974), М.К.Андрушчанка «Народное ополчение Белорусси» (Мн., 1980), «На земле Белорусии летом 1941 г.» (М., 1985), Я.С.Паўлаў «В суровом сорок первом» (Мн., 1985) і іншыя.


Найбольш распрацаванай тэмай (і не выпадкова) з’яўляецца гісторыя партызанскага руху на Беларусі. Першыя працы належаць партыйным і дзяржаўным кіраўнікам, арганізатарам партызанскага руху – П.К.Панамарэнку, М.В.Зімяніну, Ц.С.Гарбунову. З канца 40-х гг. пачалі з’яўляцца і навуковыя даследаванні С.Ф.Ажгірэя, Н.Е.Гракава, Ф.В.Круглікава, П.Я.Цярэнцева і інш. У 1951 г. пад аўтарствам Л.Цанавы з’яўляецца калектыўная праца беларускіх гісторыкаў «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков» у двух тамах. У манаграфіі выкарыстана вялікая база крыніц, грунтоўна распрацаваны пытанні стварэння і дзейнасці партызанскіх фарміраванняў, упершыню асветлена дзейнасць Арміі Краёвай. У 50–80-я гады з’явілася звыш 40 манаграфій і 100 кніг мемуараў, якія былі прысвечаны пытанням партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Беларусі. Выключную каштоўнасць для далейшых даследаванняў маюць: зборнік дакументаў і матэрыялаў у трох тамах «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (нюнь 1941 – нюль 1944)», «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» у трох тамах, а так сама чацвёрты том «Гісторыі Беларускай ССР» выдадзены ў 1975 г., які цалкам прысвечаны падзеям другой сусветнай вайны на Беларусі.


Яшчэ адна група даследаванняў прысвечана дзейнасці нямецкага акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Па адзначанай праблеме выдадзены дзесяткі зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, манаграфій. Сярод іх працы М.М.Загарулькі, А.Ф.Юдзянкова «Крах экономических планов фашистской Германии на временно оккупированной территории СССР» (М., 1970), І.С.Краўчанкі, А.І.Залескага, В.П.Раманоўскага «Немецко-фашистский оккупационный режим (1941–1944 гг.)» (Мн., 1965), А.А.Фактаровіча «Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии» (Мн., 1979) і інш. Беларускія эмігранты – былыя дзеячы калабарацыі – займаліся выданнем зборнікаў дакументаў, мемуараў і навуковых прац: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхен, 1954), «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (Лондан, 1960), К.Акула «Змагарныя дарогі» (Мюнхен, 1962), Я.Малецкі «Пад знакам Пагоні. Успаміны» (Таронта, 1976), I.Касяк «3 гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу» (Нью-Йорк, 1956), Шнэк У. «Беларуская Краёвая Абарона» (Мельбурн, 1984) і інш., у якіх са свайго пункту гледжання асвятлялі падзеі падчас акупацыі яе гітлераўскай Германіяй.


У апошні час пачалі з’яўляцца працы, прысвечаныя ліквідацыі шматлікіх «белых плям» падзей вайны на Беларусі. Гэта тычыцца гісторыі польскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі, пра дзейнасць якой выйшлі працы Ю.Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь» (Лондан, 1995), В.І.Ермаловіча, С.У.Жумара «Огнём и мечом: хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939–1953 гг.)» (Мн., 1994) і Я.І.Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі» (Мн., 1994). Праблеме беларускага калабарацыянізму прысвечана кніга А.К.Салаўёва «Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах» (Мн., 1995), манаграфія А.А.Кавалені «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941–1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць» (Мн., 1999). Сістэма акупацыйнай прапаганды на Беларусі ў 1941–1944 гг. была прааналізавана ў манаграфіі С.У.Жумара «Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны» (Мн., 1996). Усе гэтыя пытанні разглядаліся ў працы Ю.Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (Мн.,1993).


Новыя падыходы ў навукоўцаў з’яўляюцца ў даследаваннях традыцыйных тэм савецкай партызанкі і падполля. У 1992 г. выйшла праца К.І.Дамарада «Партийное подполье и партизанское движение в Минской области 1941–1944», у 1995 г. калектыўная праца «Мінскае антыфашысцкае падполле». На старонках гэтых кніг вяртаецца добрае імя Кавалёву – аднаму з кіраўнікоў савецкага падполля ў г. Мінску. Па новаму разглядаюцца ў даследаваннях і армейскія аперацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг.: у І.В.Цімаховіча «Битва за Белоруссию 1941–1944 гг.» (Мн., 1994), У.І.Лемяшонка «Вызваленне – без грыфа «Сакрэтна!» (Мн., 1996), I.А.Басюка «Навагрудскі кацёл» (Мн., 1998).


Разам з тым многія «белыя плямы» яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Імкненне да аб'ектыўнага і навуковага вывучэння ваенных падзей 1941 г. характарызуе найноўшую айчынную і замежную гістрыяграфію. Абпапіраючыся на дакументы і матэрыялы, якія сталі даступнымі для даследчыкаў у апошнія гады, сёння ідзе пераасэнсаванне падзей вайны на аснове новых дакументальных крыніц і адмаўлення ад ідэалагічных штамкаў і клішэ.


Перыядызацыя Другой сусветнай вайны.


Другая сусветная вайна цягнулася амаль шэсць год з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года. У яе была ўцягнутая 61 дзяржава, у якіх пражывала больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на большасці марскіх і акіянскіх прастораў. У гістарыяграфіі Другая сусветная вайна падзяляецца на пяць асноўных перыядаў:


Першы перыяд (1 верасня 1939 – 21 чэрвеня 1941 гг.) характарызуюцца актыўнай дзейнасцю Германіі ў Еўропе. Пад час яго германскія войскі пры дапамозе саюзнікаў захапілі амаль усю Еўропу. У азіяцкім рэгіёне Японія праводзіла агрэсіўную захопніцкую палітыку ў Кітаі пры неўмяшальніцтве вядучых краін рэгіёну – Вялікабрытаніі і ЗША;


Другі перыяд (22 чэрвеня 1941 – 18 лістапада 1942 гг.) характарызуецца пачаткам ваеннага супрацьстаяння Германіі і СССР, пад час якога планы «маланкавай вайны» правальваюцца. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайны савецкага народа. Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў вайны – да яе далучаюцца ЗША, якія зведалі агрэсіўны напад Японіі. Складваецца моцная антыгітлераўская кааліцыя;


Трэці перыяд (19 лістапада 1942 – 31 снежня 1943 гг.) – гэта карэнны пералом у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне. У выніку перамог СССР на ўсходнім фронце, ЗША ў Ціхім акіяне, Англіі і ЗША ў Афрыцы – адбываецца пераход стратэгічнай ініцыятывы да саюзнікаў;


Пад час чацвёртага перыяду (1 студзеня 1944 – 9 мая 1945 гг.) адбываецца поўны разгром германа-італьянскага блока, быў адчынены другі фронт (заходні) у Еўропе, капітулявала Германія. У гэты перыяд скончылася Перамогай Вялікая Айчынная вайна. Адначасова пачынае складвацца сістэма пасляваенных адносін паміж дзяржавамі свету;


У завяршальны пяты перыяд (9 мая – 2 верасня 1945 г.) адбываецца разгром імперыялістычнай Японіі, народы Азіі вызваляюцца ад японскіх акупантаў. Але адначасова, ўпершыню ў гісторыі, без усялякіх падставаў, супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваецца ядзерная зброя. І гэта робіць не краіна-агрэсар, а ЗША – адна з краін-пераможцаў. Такім антычалавечным фактам была завершана Другая сусветная вайна.


Перыядызацыя падзей вайны на Беларусі супадае з разгледжанай агульнай перыядызацыяй. Больш падрабязна выдзяляюць перыяды, звязаныя з акупацыяй, існаваннем акупацыйнай сістэмы і вызваленнем беларускай тэрыторыі. Асобныя перыядызацыі існуюць у дачыненні развіцця партызанкі і падполля, дзейнасці калабаранцкіх арганізацый і па некаторым іншым праблемам.



Не сдавайте скачаную работу преподавателю!
Данный реферат Вы можете использовать для подготовки курсовых проектов.

Поделись с друзьями, за репост + 100 мильонов к студенческой карме :

Пишем реферат самостоятельно:
! Как писать рефераты
Практические рекомендации по написанию студенческих рефератов.
! План реферата Краткий список разделов, отражающий структура и порядок работы над будующим рефератом.
! Введение реферата Вводная часть работы, в которой отражается цель и обозначается список задач.
! Заключение реферата В заключении подводятся итоги, описывается была ли достигнута поставленная цель, каковы результаты.
! Оформление рефератов Методические рекомендации по грамотному оформлению работы по ГОСТ.

Читайте также:
Виды рефератов Какими бывают рефераты по своему назначению и структуре.