У палітычным спектры Рэспублікі Беларусь яскрава выдзяляюцца тры асноўныя накірункі. Першы з іх – праварадыкальны, буржуазны. Яго асноўнымі мэтамі з’яўляюцца буржуазная рэстаўрацыя, пераўтварэнне сацыялістычнага ладу ў капіталістычны, адмаўленне ўсіх здабыткаў апошніх дзесяцігоддзяў. Другі накірунак у палітычным спектры – леварадыкальны, сацыялістычны. Яго галоўнымі мэтамі з’яўляюцца аднаўленне савецкай улады і сацыялістычнага грамадства, спробы павярнуць кола гісторыі назад. Такім чынам, і праварадыкальны (буржуазны) і леварадыкальны (сацыялістычны) палітычныя накірункі сёння дыскрэдытаваны. І за правымі і за левымі партыямі і рухамі Беларусі ідзе меншасць насельніцтва. Трэці накірунак развіцця грамадства, які заключае ў сабе ўсё лепшае, што выпрацавалі капіталізм і сацыялізм. Гэта – элементы самарэгулявання ў рыначнай эканоміцы, высокая арганізацыя вытворчасці з арыентацыяй на канчатковы вынік, дысцыпліна працы, высокая прадукцыйнасць працы, паваротлівасць і мабільнасць у галіне навукова-тэхнічнага прагрэсу, выкананне буйных дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і г. д. Здабыткі сацыялізму – элементы сацыяльна-эканамічнай прадказальнасці ў планавай эканоміцы, дзяржаўнае кіраўніцтва выкананнем буйных сацыяльна-эканамічных праграм, навукова-тэхнічны прагрэс у вядучых галінах, стабільнасць грамадства і ўпэўненасць людзей у заўтрашнім дні, моцная сацыяльная палітыка ў інтарэсах большасці народа – права і абавязак працаваць, адукацыя, ахова здароўя, пенсіённае забеспячэнне, жыллё, камунальныя паслугі і г. д. Ідэя трэцяга шляху развіцця грамадства, пабудовы грамадства сацыяльнай справядлівасці, адсутнічае ў праграмах цэнтрысцкіх партый і рухаў Беларусі. У апошніх ёсць фразеалогія і правых і левых партый і рухаў. Яны хітруюць, лаўчацца, хаваюць свае сапраўдныя палітычныя мэты. Людзі бачаць гэта і не хочуць звязваць з імі свае надзеі на будучыню. Якім шляхам пойдзе развіццё беларускага грамадства – пакажа будучае, дзень заўтрашні.