Хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. З прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Язычніцкае для хрысціянства стала сінонімам “д’ябальскага”, варварскага. Хрысціянства на Кіеўскую Русь прыйшло з Візантыі. Сучасніца Візантыйскага імператара Канстанціна Барвянароднага – руская княгіня Вольга прыняла хрысціянства. А яе ўнук Уладзімір Святаслававіч у 988–989 гг. пачаў хрышчэнне Русі. Ён найперш знішчыў язычніцкіх багоў. Спрачацца з князем асмеліліся нямногія. Тыя ж, хто не асмеліўся, прыйшлі раніцай да дняпроўскага берагу і па знаку прыбыўшага разам з Уладзімірам мітрапаліта і пад пагрозаю бізуноў княжацкай дружыны ўвайшлі ў ваду па шыю. Выйшлі з вады, атрымалі крыжык – і сталі хрысціянамі. Забаранялася старая і ўводзілася новая абраднасць, падлягалі забыццю імёны старых божышчаў; месцы паганскіх маленняў разбураліся. Калі з’явіліся першыя хрысціяне ў Полацкай зямлі, сказаць цяжка. Паводле падання, ужо ў ІХ ст. тут былі хрысціяне. Хрысціянская вера не прыйшла на беларускія землі як вера, усталяваная толькі гвалтам і насіллем, агнём ды мячом. З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі. Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі ўстановамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы. У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку, следам за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор. У XII ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова разбурана ў 1961 г. У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі (Спаса-Ефрасіннеўскі) сабор, які захаваўся амаль цалкам.