Часціна мовы, якая абазначае пэўную або няпэўную колькасць, мае катэгорыю склону, а таксама менш выразна граматычныя катэгорыі роду і ліку. Лічэбнікі могуць ужывацца ў якасці самастойных слоў, што абазначаюць адцягнены лік, і несамастойна ў спалучэнні з субстантывамі. З семантычнага пункту гледжання лічэбнікі падзяляюцца на пэўна-колькасныя, што фіксуюць дакладны лік чаго-небудзь і няпэўна-колькасныя, якія выражаюць недакладны лік адзінак. Сярод пэўна-колькасных лічэбнікаў выдзяляюцца зборныя, што абазначаюць колькасць як адно цэлае, адзінства, дробавыя, што абазначаюць часткі цэлага або цэлае і яго часткі. Зборныя назоўнікі часцей за ўсё спалучаюцца з назвамі маладых істот, асобамі мужчынскага полу, субстантываванымі прыметнікамі, асабовымі займеннікамі, множналікавымі назоўнікамі, пры набыцці імі сэнсу прыслоўяў тыпу ўдвух. Зборныя лічэбнікі не маюць роду і ліку, утвараюцца звычайна ад колькасных лічэбнікаў у межах ад двух да дзесяці, натуральна робяцца субстантывамі, рэдка выкарыстоўваюцца ў навуковым і ў афіцыйна-дзелавым стылях. Зборны лічэбнік абодва (мужчынскі і ніякі род) у жаночым родзе мае форму абедзве, а пры спалучэнні з назоўнікамі, што абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага роду, ужываецца форма абое. Як і дробавыя лічэбнікі, няпэўныя спалучаюцца з назоўнікамі, што абазначаюць матэрыяльныя рэчывы, абстракт-ныя рэаліі. Лічэбнікі з’яўляюцца лексіка-граматычнымі разрадамі слоў, бо выражанае імі паняцце мае найперш семантычную прыроду, у той час як марфалагічныя катэгорыі прадстаўлены ў іх непаслядоўна і менш выразна, таму што адны лічэбнікі надзелены граматычнымі характарыстыкамі назоўнікаў, другія – прыметнікаў (парадкавыя лічэбнікі), трэція маюць не зусім вызначаны граматычны статус. У матэматыцы лічэбнікі выступаюць як абазначэнні абстрактных велічынь і могуць функцыянаваць самастойна, без спалучэння з назоўнікамі. У адрозненне ад слоў іншых часцін мовы многія лічэбнікі могуць дубліравацца на пісьме лічбамі, і арабскімі, і лацінскімі, якія ўжываюцца часта ў пісьмовым тэксце побач і ў спалучэнні з вербальнымі сродкамі. Па сваёй граматычнай структуры лічэбнікі падзяляюцца на простыя, складаюцца з аднаго кораня, складаныя, маюць як мінімум дзве асновы, састаўныя, утвараюцца з двух і болей лічэбнікаў-слоў. Асноўнай граматычнай прыкметай лічэбнікаў служыць катэгорыя склону, бо ўсе яны, акрамя паўтара, паўтары, дзевяноста, мала, шмат, многа, нямала, скланяюцца. Па родах і ліках змяняецца толькі колькасны лічэбнік адзін, а толькі па родах – паўтара, паўтары, абодва, абедзве, два, дзве. Астатнія колькасныя лічэбнікі не маюць катэгорый роду і ліку, апрача тых, што належаць па сваіх граматычных прыкметах да назоўнікаў. У склад назоўнікаў уключаюцца ўтвораныя ад лічэбнікаў словы накшталт тройка, сотня, дзесятак і інш., якія маюць родавыя адрозненні, спалучаюцца з лічэбнікамі і прыметнікамі і акрамя ліку выражаюць прадметнасць. Пэўныя колькасныя лічэбнікі пры постпазіцыйным ужыванні выражаюць прыблізную колькасць. Катэгорыю адушаўлёнасці маюць толькі лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры. Асобную невялікую групу лічэбнікаў складаюць займеннікавыя, што ўключаюць у свой склад словы колькі, некалькі, столькі, гэтулькі і інш. Дадзеныя словы выступаюць як адносныя і пытальныя займеннікі, у спалучэнні з дзеясловамі як прыслоўі, а таксама ўжываюцца для абазначэння няпэўнай колькасці. У апошнім выпадку гэтыя словы звычайна спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне і скланяюцца як прыметнікі множнага ліку. Парадкавыя лічэбнікі па сваёй семантыцы адносяцца да лічэбнікаў, а па граматычных уласцівасцях – да прыметнікаў. У першым выпадку яны суадносяцца з пэўнымі колькаснымі паняццямі, маюць сваё вызначанае месца пры лічэнні, могуць выражацца на пісьме лічбамі. Марфалагічныя катэгорыі роду, ліку, склону ў парадкавых лічэбніках прадстаўлены як і ў граматычна зменных прыметнікаў. У састаўных лічэбніках пры гэтым скланяецца толькі апошняя слова. Граматычнай асаблівасцю дробавых лічэбнікаў служыць тое, што яны ўтвараюцца з колькасных лічэбнікаў (у лічніку) і парадкавых (у назоўніку). Пры спалучэнні дробавых лічэбнікаў з назоўнікамі, апошнія ўжываюцца ў родным склоне. Да дробавых лічэбнікаў адносяцца словы паўтара (ужываецца ў спалучэнні з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду) і паўтары (выкарыстоўваецца ў спалучэнні з назоўнікамі жаночага роду). Колькасныя лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў, а лічэбнікі ад пяці і вышэй граматычна кіруюць назоўнікамі.