У міжваенны перыяд (20–30-я гады) грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі, як і ў Савецкай краіне ў цэлым, было поўным супярэчнасцей, цесна звязаным з сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, што адбываліся ў гэтыя гады. У беларускім грамадстве ў першай палове 20-х гадоў магчыма вызначыць існаванне і барацьбу двух тэндэнцый. Адна з іх была накіравана на пэўную дэмакратызацыю ў палітычных адносінах, другая – на працяг палітыкі ваеннага камунізму. З’явілася беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў або БПС-Р). Адрозненне пазіцыі беларускіх эсэраў ад пазіцыі КП(б)Б заключалася ў пытаннях, звязаных з характарам улады і суверэнітэтам. З гэтага моманту пачалося адкрытае процістаянне дзвюх палітычных партый, якое скончылася не на карысць БПС-Р. У 1921 г. карныя органы арыштавалі 860 актыўных яе членаў. У канцы 1922 г. паскорыўся працэс аб’яднання савецкіх рэспублік, у якім актыўны ўдзел брала БССР. На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў 30 снежня 1922 г. 25 прадстаўнікоў БССР разам з дэлегацыямі РСФСР, УССР і ЗСФСР падпісалі дэкларацыю і дагавор аб стварэнні СССР. Стварэнне СССР дало магчымасць аб’яднаць намаганні гістарычна звязаных паміж сабой народаў, спрыяць іх хуткаму эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю. З другой паловы 20-х гадоў узмацнілася дырэктыўная сістэма кіравання не толькі эканомікай, але і іншымі сферамі грамадскага жыцця, узрасла роля партыйна-дзяржаўнага апарату. У пачатку 30-х гадоў у беларускім савецкім грамадстве былі ўсе рысы таталітарнага палітычнага рэжыму. Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Так у 30-я гады канчаткова сфарміраваліся палітычныя інстытуты беларускага грамадства, яго таталітарны палітычны рэжым.