Часціна мовы, якая называе статычную прыкмету або ўласцівасць рэаліі, абазначанай назоўнікам, і мае залежныя ад яго граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону. Пры гэтым з семантычнага пункту гледжання абазначаная прыметнікам прыкмета не мае аб’ёму, але пры спалучэнні з назоўнікам аўтаматычна набывае яго. З улікам гэтых залежных ад назоўнікаў граматычных форм да прыметнікаў далучаюцца парадкавыя лічэбнікі, прыметнікавыя займеннікі, дзеепрыметнікі, якія першасна выступаюць у атрыбутыўнай функцыі, што сінтаксічна афармляецца дапасаваным азначэннем. Другаснай функцыяй прыметнікаў з’яўляецца іх выступленне ў ролі прэдыкатыва, своеасаблівага сінтаксічнага цэнтра выказвання, калі яны служаць састаўной часткай выказвання, часцей за ўсё ў творным склоне, прэдыкатыўныя канструкцыі з якімі пачалі актыўна ўжывацца яшчэ ў старабеларускай мове. Па сваіх лексіка-граматычных асаблівасцях прыметнікі падзяляюцца на якасныя і адносныя. Якасныя прыметнікі выражаюць прыкметы, што праяўляюцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці і граматычна афармляюцца з дапамогай паказчыкаў вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання, дапускаюць сваю лагічную інтэрпрэтацыю, матываванай адпаведнай якасцю прадметаў. Сярод адносных прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя, якія выражаюць індывідуальна свае адносіны да пэўнай асобы. Праз пераносныя значэнні адносныя прыметнікі ў пэўных кантэкстах здольны выступаць у ролі якасных (параўн. : жалезны характар), і наадварот, якасныя прыметнікі ў адпаведных кантэкстах набываюць роль адносных (параўн. : чорны хлеб). Вышэйшая ступень параўнання якасных прыметнікаў мае простую (сінтэтычную) форму выражэння, што ўтвараецца пры дапамозе суфіксаў –ейш (-эйш) і складаную (аналітычную), што ўтвараецца праз далучэнне да адпаведных прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней). Простая форма найвышэйшай ступені ўтвараецца з дапамогай прыстаўкі най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені, а складаная форма ўтвараецца аналітычным спосабам з дапамогай слоў самы, найбольш, найменш, якія далучаюцца да зыходнай формы якасных прыметнікаў. Якасныя прыметнікі могуць выступаць у поўнай і кароткай форме, але кароткія формы ў сучаснай беларускай мове з’яўляюцца малаўжывальнымі; яны не скланяюцца як раней і амаль паўсюдна выцеснены поўнымі формамі. Кароткія прыметнікі пры сваім выкарыстанні выступаюць пераважна ў ролі прэдыкатываў, выражаюць не пастаянныя, а часовыя прыкметы, знаходзяць прымяненне ў некаторых паэтычных творах, ва ўстойлівых выразах, практычна не ўжываюцца як азначэнні ў іншых відах маўленчай дзейнасці. Для якасных прыметнікаў уласціва антанімія. Займеннікавыя прыметнікі (параўн. : мой, твой, наш, гэты, які, усякі і інш.), гэтаксама як і субстантыўныя займеннікі (параўн. : я, мы, хто, нішто і інш.), выконваюць аднолькавую функцыянальную ролю, выступаюць у якасці замяшчальнікаў знамянальных слоў, аднак розняцца паміж сабой тым, што граматычныя катэгорыі першых (займеннікавых прыметнікаў) вызначаюцца тымі назоўнікамі, з якімі яны спалучаюцца; а ў другіх (субстантыўных займеннікаў) праяўляюцца самастойна. Сярод займеннікавых прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя (параўн. : мой, наш, ваш і інш.), указальныя (параўн. : гэты, той, такі і інш.), азначальныя (параўн. : кожны, увесь, іншы і г. д.), пытальна-адносныя (параўн. : чый, які, каторы і інш.), няпэўныя (параўн. : абы-чый, які-небудзь, чый-небудзь і інш.), адмоўныя (параўн. : нічый, ніякі і інш.). Дадзеныя займеннікавыя прыметнікі спалучаюцца ў родзе, ліку, склоне з адпаведнымі назоўнікамі. Сярод прыметнікаў ёсць група нязменных слоў, якія не скланяюцца, не змяняюцца па родах і ліках, маюць ва ўсіх выпадках свайго ўжывання нулявы канчатак. Звычайна нязменныя прыметнікіі з’яўляюцца запазычанымі словамі, выступаюць у сінтаксічнай функцыі азначэнняў, але ў адрозненне ад уласнабеларускіх і засвоеных запазычаных прыметнікаў займаюць у словазлучэнні постпазіцыйнае месца (параўн. : колер хакі). Арганічна засвоеныя беларускай мовай запазычаныя словы падобнага тыпу могуць набываць поўную форму прыметнікаў і граматычна змяняцца як і яны (параўн. : тканіна колеру бардо і бардовая тканіна). Пераважная большасць прыметнікаў скланяецца па прыведзенаму вышэй ад’ектыўнаму тыпу субстантываваных прыметнікаў, але прыналежныя прыметнікі змяняюцца па змешанаму тыпу скланення. У назоўным і вінавальным склонах яны маюць кароткую форму: у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду – нулявы канчатак, жаночага роду – канчатак -а, ніякага роду не пад націскам -а, а пад націскам -о. У вінавальным склоне прыналежныя прыметнікі адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду пры спалучэнні з неадушаўлёнымі назоўнікамі маюць кароткую форму, як і ў назоўным склоне, а прыналежныя прыметнікі жаночага роду маюць кароткую форму з канчаткам -у. Прыналежныя прыметнікі множнага ліку ўсіх родаў у назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую форму з канчаткам -ы. Ва ўсіх астатніх склонах канчаткі прыналежных прыметнікаў супадаюць з канчаткамі прыметнікаў ад’ектыўнага тыпу скланення.